Чорная дама Нясвіжскага замка

О мой ласкавы кароль!
Як шчыра ты плачаш - я чую...
Як бы я ўстала з труны,
Каб толькі суцешыць цябе.
Янка Сіпакоў "Просьба"

Хто яна, містычная незнаёмка

Чатыры з паловай стагоддзі жыве легенда аб Чорнай даме. I ў нашы дні вераць у прывід Нясвіжскага замка: сцвярджаюць, што роўна ў 15 хвілін а першай гадзіне ночы таямнічая жаночая постаць пачынае абыход пакояў. Яна стогне, усхліпвае, плача па сваім рана загубленым жыцці і вялікім каханні, а ў 15 хвілін а пятай гадзіне раніцы вяртаецца ў сховішча - вялізныя падзямеллі са шматлікімі хадамі, якімі карысталіся ў часы сярэдневякоўя.

Нясвіжскі замак - месца гістарычнае, і гераіня нашага падання таксама існавала рэальна. Вось што расказваюць у Нясвіжы пра тыя часы, дзе-нідзе адхіляючыся ад сапраўдных падзей.

...У сярэдзіне XVI стагоддзя ў Вялікім княстве Літоўскім жыў усемагутны ўладар - слаўны і багаты Мікалай Радзівіл па мянушцы Чорны. Праз сваю стрыечную сястру Барбару Радзівіл, якая жыла ў Вільні, ён парадніўся з будучым польскім каралём Жыгімонтам Аўгустам. Вядома, што яна рана страціла бацьку, а ў хуткім часе і мужа. Палацы-замкі маладой удавы і каралевіча Жыгімонта Аўгуста знаходзіліся побач і ён не застаўся абыякавым да прыгажосці Барбары. Яны пачалі сустракацца і пакахалі адзін аднаго, аб чым хутка даведаліся сваякі. Асабліва расхваляваўся нясвіжскі Радзівіл - Мікалай Чорны. Ён вельмі клапаціўся аб рэпутацыі сястры і вырашыў прыняць неабходныя захады, каб захаваць імя яе і свайго роду ад непажаданых плётак. Да таго ж тут узнікаў шанс, які мог здзейсніць яго тайныя імкненні, што сягалі даволі далёка, і перашкодай у выкананні якіх была маці каралевіча - Бона Сфорца. Яна люта ненавідзела "выскачак" Радзівілаў.

І таму Мікалай сам паехаў у Вільню, каб на месцы прыняць адпаведнае рашэнне: з сабою ён узяў роднага брата Барбары - Мікалая Рудога і накіраваўся ў замак да каралевіча. У рыцарскай адзежы браты выглядалі вельмі грозна. Пры сустрэчы яны сталі патрабаваць ад Жыгімонта, каб той альбо ажаніўся з Барбарай, альбо больш з ёй не сустракаўся. Каралевіч, які добра ведаў сваё хісткае становішча, адносіны каралевы-маці да прадстаўнікоў рода Радзівілаў, а таксама розныя інтрыгі пры каралеўскім двары, паабяцаў, што ён пакіне горача каханую Барбару.

Радзівілы зрабілі выгляд, што ад'язджаюць з Вільні. Жыгімонт, не ведаючы аб гэтым, захацеў зноў сустрэцца са сваей любай. Жаданне было такім моцным, што ён вырашыў парушыць дадзенае слова. І вось у час сустрэчы закаханых раптоўна з'явіліся браты і запатрабавалі ад Жыгімонта ажаніцца з іх сястрою, таму што ён не стрымаў слова. Каралевіч згадзіўся, але папрасіў, каб шлюб заставаўся ў тайне да таго часу, пакуль ён не стане каралём (стары кароль дажываў апошнія дні), інакш яму будзе цяжка абараніць не толькі Барбару, але і сябе.

Хронікі аб гэтым пісалі так: "Кароль абяцаў Радзівілам не хадзіць да яе і доўга трымаў сваё слова. Потым ён не змог супраціўляцца гарачаму прыроднаму поклічу крыві і пайшоў да яе ноччу. А паны Радзівілы гэта падпільнавалі, з'явіліся перад ім і сказалі: "Міласцівы кароль! Кляўся ніколі не прыходзіць да нашай сястры, чаму ж цяпер ты тут знаходзішся?" А кароль на гэта: "А хто ведае, ці не прынясе мой прыход да вашай сястры павелічэнне вашай славы, шанавання і маёмасці вашай?", Яны адказалі: "Дай гэта Бог!" У гэты момант паклікалі плябана, які быў на гакі выпадак падрыхтаваны, і павянчалі караля і Барбару патаемна, так што ніхто з членаў Рады, духавенства і свецкіх, ніхто з каралеўскага двара не ведаў аб гэтым саюзе, за выключэннем Радзівілаў, Кежкайлы і ксяндза".

Праз некаторы час Жыгімонт Стары памёр, і каралевіча гэрмінова выклікалі ў Кракаў. Тым часам Бона Сфорца актыўна шукае для маладога караля нявесту (першая жонка Жыгімонта заўчасна памерла). Шлюб павінен быў умацаваць трон і павялічыць прэстыж Рэчы Паспалітай у Еўропе. I таму ўдарам ірому з'явілася вестка пра тое, што ў караля ўжо ёсць жонка.

Бона Сфорца пачынае рабіць усё, каб сейм не каранаваў яе нявестку. Радзівілам трэба было не дапусціць такога рашэння і Мікалай Чорны спецыяльна едзе ў Рым да папы. Сейм усё ж быў вымушаны каранаваць Барбару, і каралева маці ў знак пратэсту пакідае Кракаў і выязджае на радзіму - у Італію. Яна забрала з сабой усю світу, усіх сваіх прыхільнікаў, але патаемна пакінула агентаў з заданнем атруціць ненавісную маладую каралеву. Да нашых дзён дайшло яго прозвішча - Монці. Гэта ён замест патрэбнага лякарства прыгатаваў яд, які павольна звёў квітнеючую прыгажуню ў магілу. Барбара была каранавана ў снежні 1550 года, а праз шэсць месяцаў яе не стала.

Кароль пасля смерці сваёй каханай так сумаваў, што вырашыў вызваць яе душу пры дапамозе алхімікаў. Зрабіць гэта ўзяліся Твардоўскі і Мнішак - гістарычныя асобы. У змрочнай зале было ўсё падрыхтавана, каб з дапамогай люстраў, на адным з якіх была выгравіравана постаць Барбары ва ўвесь рост у белым адзенні, разыграць сцэну сустрэчы караля і душы яго каханай. Караля пасадзілі ў крэсла і хацелі прывязаць рукі да падлакотнікаў, каб ён незнарок не дакрануўся да прывіду. Жыгімонт даў слова, што будзе сядзець спакойна і толькі на адлегласці запытае ў каханай, як яму жыць далей. Але, калі з'явілася здань, ён ад хвалявання забыўся на сваю клятву. Ускочыўшы з крэсла, кінуўся да прывіду са словамі: "Басенька мая!" - і хацеў яго абняць. Пачуўся выбух, пайшоў трупны пах - цяпер душа Барбары не магла знайсці дарогу ў магілу, вечна ёй блукаць па зямлі.

Вось з таго часу і ходзіць яна сярод людзей, а пасля смерці караля пасялілася ў Нясвіжскім замку. У знак жалобы па сваім загубленым каханні перад жывымі яна заўсёды з'яўляецца ў чорным адзенні. З часам у замку пачалі лічыць, што прывід папярэджвае гаспадароў, калі ім пагражае якая-небудзь небяспека, вайна, хвароба.

Жыгімонт Аўгуст
Жыгімонт Аўгуст (1520-1572)
Барбара Радзівіл
Барбара Радзівіл (1520-1551)

Сапраўдныя падзеі і чуткі

Нарадзілася Барбара 6 снежня 1522 года (паводле іншых крыніц - у 1520 годзе). Яе бацька Юры I Радзівіл быў малодшым сынам Мікалая Старога і родным братам нясвіжскага ўладара Яна па мянушцы Барадаты. Не аднойчы перамагаў ён у шматлікіх бітвах з Масквой і крыжакамі, будучы вялікім гетманам літоўскім. У часы, вольныя ад войнаў, ён закрываўся ў манастыры і прысвячаў доўгія гадзіны малітвам. Меў сына Мікалая па мянушцы Руды і дзвюх дачок - Ганну і Барбару.

Маці Барбары паходзіла з дынастыі Колаў, якая згасала ў той час. Аб дзяцінстве і юнацтве Барбары вядома не вельмі многа. Як прадстаўніца высокага роду яна, безумоўна, атрымала еўрапейскую адукацыю і выхаванне, была стараннай вучаніцай, хутка і прыгожа пісала. Яе эпісталярная творчасць належыць да цікавейшых прыкладаў карэспандэнцыі XVI стагоддзя.

У архівах захаваліся некалькі дзесяткаў лістоў Барбары. Вось радкі аднаго з іх, датаванага 11 лютым 1549 года, да Мікалая Рудога:

"Барбара, з Божай ласкі каралева польская, вялікая княгіня літоўская, руская, пруская, мазавецкая, жмудская і г. д. пані.

Вяльможны пане браце, нам мілы. Здароўя і ўсялякага шчасця на доўгія гады жадаем нашаму міламу брату. Даручылі мы прыроджанаму Габрыэлу Тарлові, стольніку кракаўскаму, старасце хельмскаму, Яго Каралеўскай Мосці прыдворнаму паведаміць вашай мосці некаторыя рэчы ад нашага імя. Няхай ваша міласць верыць усяму, што паведамляем вашай мосці. Разам з гэтым жадаем добрага здароўя і доўгіх шчаслівых часоў..."

Большасць лістоў Барбара пісала уласнай рукой. Па арфаграфіі і стылю яны амаль нічым не адрозніваюцца ад сучаснай манеры пісьма. Асобна вылучаюцца лісты да караля Жыгімонта Аўгуста, якія яна пісала пачынаючы з 1547 года. У іх часта паўтараюцца словы пяшчоты, вялікага кахання і падзякі. Лісты Жыгімонта Аўгуста да Барбары таксама напоўнены каханнем, ласкай, пяшчотай, сардэчнасцю.

У маі 1537 года, на пятнаццатым годзе жыцця, Барбару выдалі замуж за вядомага трокскага ваяводу Станіслава Гаштольда, прадстаўніка аднаго з наймагугнейшых родаў у Літве. Зразумела, жаніцьба з'явілася вынікам палітычных разлікаў і не маіла быць шчаслівай. Да таго ж ваявода, апошні прадстаўнік слаўнага роду, у 1542 годзе памёр. Прыгажуня Барбара засталася ўдавой у дваццаць год.

У 1543 годзе яна сустрэлася з Жыгімонтам Аўгустам і зрабілася спачатку яго каханкай, а потым і законнай жонкай. Патаемнае вянчанне адбылося ў 1547 годзе, а ў 1548 годзе, адразу пасля смерці Жыгімонта Старога, яна была ўжо прадстаўлена як афіцыйная законная жонка маладога караля.

Грамадскасць Кароны (Польшчы) прыняла гэты саюз адмоўна. Сейм, сенатары, духавенства, шляхта патрабавалі ад караля адрачэння ад жонкі-літвінкі і доўга не прызнавалі шлюб законным. Два гады ішла адчайная барацьба за каранацыю Барбары. Нясвіжскі князь Мікалай Чорны некалькі разоў ездзіў да папы рымскага. Урэшце рэшт Жыгімонт Аўгуст і Радзівілы дамагліся свайго. У сакавіку 1551 года з ёй памірылася і прызнала законнай жонкай сына старая каралева-маці Бона Сфорца. Прыехалі мірыцца і сёстры караля. Але Барбара было ўжо смяротна хворай. Вялікіх намаганняў ёй каштавала ўстаць і апрануць параднае адзенне, а потым дзве гадзіны прыёму цярпець страшэнны боль. Сваю смерць сустрэла яна ў Вавельскім замку 8 мая 1551 года - згасла заўчасна на трыццатым годзе жыцця.

Пасля таго як памерла маладая каралева, нарадзіліся розныя версіі і плёткі аб прычыне яе смерці. Здаровая, фізічна моцная, вынослівая, яна ў апошнія месяцы апухла, цела пакрылася балячкамі і нарывамі, якія лопаліся і распаўсюджвалі страшэнны пах. Барбара вельмі пакутавала, боль быў невыносны. Не дапамагалі знахары і знахаркі, якіх пасылаў з Нясвіжа Мікалай Чорны. Гарачка сатрасала яе пяшчотнае цела.

Ворагі Радзівілаў выдумлялі, што каралева магла захварэць якой-небудзь венерычнай хваробай. Потым пайшлі чуткі, што ў яе рак скуры. Але даследаванні эскулапаў, у тым ліку і дваццатага стагоддзя, адкідаюць усе ўзведзеныя паклёпы. Барбара горача жадала мець дзяцей і прымала шмат лякарстваў ад бясплоднасці, што магло з'явіцца прычынай нейкай незразумелай хваробы. Не адхілена канчаткова і магчымасць атруты.

Яе лепшыя часіны

Усё жыццё Барбара была вясёлай, роўнай, заўсёды ў цудоўным настроі, вельмі прыветлівай, а ў апошні год хвароба пакінула на ёй свой страшэнны адбітак: яна зрабілася раздражняльнай, пазбягала людзей, стала абыякавай да зямных спраў.

Звернемся да Барбары здаровай, маладой, такой, якой яе сустрэў кароль Жыгімонт Аўгуст.

Яе лічылі самай прыгожай жанчынай дзвюх дзяржаў - Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. Галоўнай каштоўнасцю Барбары была сапраўдная каралеўская высакароднасць, якая ўражвала не толькі землякоў, але і людзей з замежных краін. Пасол Венецыі адзначаў яе алебастравую скуру, далікатнай формы цудоўныя рукі, дзівосныя вочы колеру сапраўднага піва. Яе параўноўвалі з класічнымі красунямі, нават з міфічнай Аленай. Усё ж яна не цалкам напамінала Алену, бо была паўночнай чараўніцай - смуглявай бландынкай. Яе тонкую прыгажосць, злучаную з вялізнай абаяльнасцю, дапаўняла незвычайная элегантнасць.

Каханая Жыгімонта Аўгуста з'яўлялася яскравай прадстаўніцай славянскага Рэнесансу. Зіхацела і красавалася ў пазалочаных сукенках, упрыгожаннях, каштоўнасцях. Пры апошняй эксгумацыі на яе руцэ знойдзены пярсцёнак з чыстым, як сляза, алмазам, рубінам, як кроплі крыві, смарагдам колеру зялёнай вады літоўскіх азёр. Любімымі ўпрыгожаннямі маладой жанчыны былі жамчужныя пацеркі. Яшчэ калі выходзіла замуж за Гаштольда, мела іх дзесяць радоў. Падабаліся ёй і іншыя дапаўненні з жэмчугу, у якіх яна, бландынка, вельмі эфектна выглядала і мабыць таму ахвотна пазіравала ў гэтых уборах для партрэтаў. Сваю прыгажосць Барбара падкрэслівала і іншымі сродкамі, напрыклад касметыкай (памятала пра яе нават на смяротнай пасцелі). Не аднойчы звярталася да маткі ў Вільню з просьбай прыслаць ёй пудры і бялілаў - магчыма, лічыла, што іх якасць вышэйшая, чым у Кракаве.

Шмат увагі ўдзяляла асабістай гігіене, бавіла час у лазні. Клапатлівы Аўгуст хваляваўся, каб доўгае купанне не пашкодзіла яе здароўю. Ён пісаў: "А гэта яе Вялікасці не дазваляйце, каб так доўга мылася ў лазні, таму што гэта пашкодзіць яе Вялікасці здароўю". Калі згадаць, што ў той час людзі наогул мала карысталіся лазняй, то такую звычку Барбары трэба адзначыць асобна.

Прыгожая, стройная, заўсёды клапатлівая аб сваім целе, яна мела толькі ёй уласцівы стыль. Тых, хто сутыкаўся з Барбарай, захаплялі пяшчотнасць яе погляду, ласкавая гутарка, павольнасць і веліч рухаў. Расказваюць, што яна заўсёды выклікала здзіўленне, жаданне і любоў мужчын.

Падчас сустрэчы з Жыгімонтам Аўгустам наша гераіня была ўжо жанчынай "з мінулым". Яна ўнаследавала свабоду паводзін у сваёй сям'і, дзе прыклад раскаваных, свабодных манер паказвала маці. Аб старшай сястры гаварылі, што яшчэ да замужжа яна нарадзіла некалькі дзяцей. Праціўнікі саюза Барбары з каралём крычалі, што падчас іх сустрэчы ў яе было 38 палюбоўнікаў. Што ж, магчыма, гэтая цудоўная жанчына і зрабіла ў сваім жыцці шчаслівым не аднаго закаханага ў яе (Барбара была вельмі шчырай з каралём і не хавала ад яго сваіх мінулых захапленняў), але ў час сустрэчы з Жыгімонтам яна не звяртала ніякай увагі на іншых мужчын. Да таго ж кароль не любіў жанчын сарамлівых, сціплых, інфантыльных, а Барбара мела вельмі бурны тэмперамент, якім яна прывязала да сябе Аўгуста так моцна, што той гатоў быў лепш страціць карону, чым яе каханне. Казалі, што гэтая інтэлігентная, прыгожая і гарачая жанчына была ідэальнай каханкай.

Каханне стагоддзя

А пачыналася каханне звычайна, нават банальна: Жыгімонт Аўгуст адчуваў цяжар ад сваёй хворай на эпілепсію маладзенькай жонкі Елізаветы Габсбургскай. Кароль пачаў шукаць сувязі па-за шлюбам. З усіх сіл стараліся дапамагчы свайму гаспадару прыдворныя і знаходзілі ўсё новых і новых прэтэндэнтак на ролю каханкі. Адной з іх і стала прыгажуня Барбара. Раман пачаўся адразу ж, з першага наведвання Аўгустам рэзідэнцыі Барбары ў 1543 годзе. Гаспадыня сустрэла яго вельмі ветліва. Вольная ў сваіх звычках і паводзінах, вясёлая і жыццерадасная, яна спадабалася каралю. Да таго ж стройны, сярэдняга росту, цёмнавокі і цёмнавалосы Жыгімонт у чорным адзенні, якое падкрэслівала яго зграбнасць, выглядаў вельмі прывабна. Усё гэта спалучалася з паўднёвым тэмпераментам (ён - напалову італьянец). Да таго ж быў ласкавым, уважлівым. Не дзіва: Жыгімонт добра ведаў жанчын - прычым не толькі вышэйшага свету. Ён не грэбаваў таксама і прадстаўніцамі паўсвету.

У час знаёмства з Барбарай бацька Аўгуста, Жыгімонт Стары, дажываў апошнія гады, і вялікі князь літоўскі быў пераемнікам польскай кароны, будучым уладаром вялізнай краіны, якая уваходзіла у лік лепшых еўрапейскіх дзяржаў. Іменна яму прысвяціў сваю Біблію сам Марцін Лютэр, да яго абароны звярталіся пратэстанты. У першай палове XVI стагоддзя ён, як зорка, узыходзіў на палітычным і культурным небасхіле двух народаў. Адным словам, цяжка было знайсці больш прыцягальнага каханка. Барбара адразу ж ацаніла яго і пусціла ў ход усе свае чары.

Наследнік быў захоплены, зачараваны. Яго не цікавіла праблема маральнасці Барбары, наадварот, слава яснавяльможнай паненкі як каханкі яшчэ больш вабіла да яе Жыгімонта. Барбара была ў яго стылі. Ён лічыў, што калі яму можна мець шматлікія любоўныя прыгоды, то чаму іх не можна мець ёй? Але ядналі іх не толькі алькоўныя справы ды эратычныя густы - яны мелі аднолькавыя прыхільнасці. Так, Жыгімонт быў гарачым паляўнічым, Барбара часта суправаджала яго на паляванне. Абое любілі каштоўнасці і з захапленнем збіралі пярсцёнкі. Шмат часу праводзілі на вясёлых, шумных банкетах, у таварыстве маладых, бесклапотных людзей. Ні Барбара, ні Жыгімонт амаль не займаліся інтэлектуальнай дзейнасцю, мала чыталі, пазбягалі вучоных дыспутаў, але цікавіліся палітыкай, справамі дзяржавы і дынастычнымі клопатамі сваіх сем'яў. Былі маладымі, прыгожымі, цешыліся здароўем, багаццем і вышэй і вышэй за ўсё цанілі вясёлае, бестурботнае жыццё.

Смерць семнаццацігадовай Елізаветы Габсбургскай не перашкодзіла раману, што толькі пачаўся. Адразу ж пасля пахавальных цырымоній пайшлі новыя банкеты, фестывалі, маскарады. Саюз двух маладых людзей зрабіўся больш цесным. Гэтаму спрыяла і тое, што радзівілаўскі замак у Вільні, дзе жыла Барбара, стаяў побач з каралеўскім замкам, у якім жыў яе тытулаваны выбраннік. Закаханыя часта карысталіся блізкім размяшчэннем сваіх будынкаў. Хронікі аб гэтым пішуць так: "А кароль пачаў хадзіць да яе па начах, загадаў зрабіць сабе пераход ад свайго замка да яе двара, а бываў у яе часта і было аб гэтым чуваць па ўсёй польскай і літоўскай зямлі".

Гісторыкі XIX стагоддзя ідэалізавалі іх адносіны. Яны пісалі, што Жыгімонт сустракаўся з Барбарай толькі ў квітнеючым садзе ў прысутнасці яе маці і дазваляў сабе толькі шаптаць словы кахання. Паводле меркавання З. Куховіча, у сапраўднасці было інакш. Хаця маці жыла з дачкою, яна зусім не думала перашкаджаць улюблёным. Наадварот, яна старалася знаходзіцца на адлегласці ад іх, нават спрабавала варажыць і прымяняць прываротнае зелле, каб мацней прывязаць караля да сваёй дачкі. Безумоўна, былі і сустрэчы ў квітнеючым садзе, і пранікнёныя словы, але ўсё гэта з'яўлялася толькі аправай да інтымных сустрэч.

З бегам часу раман улюблівага караля і "вясёлай удавы" перарос у гарачае, вялізнае, чуллівае каханне, якое давала ім непамернае, незямное шчасце. Хутка яны зразумелі, што створаны адзін для аднаго. Жыгімонт пакінуў былых каханак, а Барбара перастала дарыць погляды іншым мужчынам. Жыгімонт асыпаў каханую вытанчанымі падарункамі. Аднойчы ён прывёз з Захаду невядомых Рэчы Паспалітай птушак-лебедзяў, якіх асабліва любілі рыцары ў сярэдневякоўі. Іх змясцілі на ўзвышшы каля рэчкі Віліі спецыяльна для Барбары. Для яе лепшыя майстры залатых спраў выраблялі найцудоўнейшыя пярсцёнкі, прыдворныя мастакі ўвекавечвалі яе на сваіх палотнах.

Жыгімонта цешылі пранікнёныя пісьмы каханай. Восенню 1547 года яна паслала яму пярсцёнак з гадзіннікам і так растлумачыла свой учынак: "Пасылаю Вашай Каралеўскай Мосці, свайму літасціваму пану пярсцёнак у выглядзе гадзінніка, каб В. К. М. заўсёды спяшаўся да сонца на ўсход у Літву. Дай Бог, каб хутчэй паспяшаўся. Пакорна прашу, каб В. К. М., гледзячы на гэтыя дванаццаць стрэлак, хаця б адну сабе выбраў, у час якой успомніў бы мяне, ніжэйшую і пакорную слугу В. К. М., каб збярог у памяці Вашай". Яе пасланні заўсёды падкрэслівалі гарачую, адданую, пакорную любоў, і падпісвалася яна часцей за ўсё так: "В. К. М. найвялікшая і вечная рабыня".

Ні кароль, ні Барбара спачатку не марылі аб шлюбе. Ён разумеў, што сувязь з каханай, якая не належала ні да аднаго еўрапейскага каралеўскага двара, была "літоўкай" і да таго ж, на думку многіх, мела дрэнную рэпутацыю, выкліча гнеў родзічаў і прыдворных. Жыгімонт успрымаў яе толькі як жанчыну, якой ён патрэбны сам, а не яго тытулы. Барбара ж, заўсёды пакорная, паслухмяная, не ставіла ніякіх умоў. Інтэлігентная ваяводзіца, яна змагла разабрацца, што толькі бязмежная яе падатлівасць з'явілася найлепшым спосабам прывязаць да сябе караля. Канешне, яна магла патаемна марыць і аб замужжы.

Трэба адзначыць, што за Барбарай стаяў магутны ў Вялікім княстве Літоўскім род Радзівілаў. Мікалай Чорны (нясвіжскі князь) і Мікалай Руды (знакаміты ваеначальнік) успрымалі адносіны паміж закаханымі інакш, чым іх прыгажуня-сястра. Хутка яны зразумелі, што пад уздзеяннем плётак і распаўсюджання чутак аб гэтым рамане па ўсёй Еўропе кароль павінен будзе спыніць гэтую любоўную сувязь. Таму, калі аднойчы браты знайшлі караля ў спальні сястры, яны прымусілі яго ажаніцца з ёй. Да таго ж Барбары здалося, што яна чакае дзіця. Надзея мець наследніка падагнала караля, і ён паспяшаўся ажаніцца з Барбарай. Падрыхтаваны на гэты выпадак ксёндз павянчаў іх.

Доўгае процістаянне

Калі аб шлюбе стала вядома ў шырокіх колах, паднялася бура. Яе выклікалі не толькі палітычныя матывы. Нельга было лічыць Барбару ніжэй па паходжанні, чым старая каралева Бона Сфорца. Як вядома, каралеўскія шлюбы ў той час з'яўляліся справай палітычнай. Саюз Жыгімонта і Барбары адбыўся без дазволу бацькоў і не супадаў з дыпламатычнымі планамі Жыгімонта I і каралевы Боны, якая нават пагражала атруціць выбранніцу Жыгімонта Аўгуста. І гэта было рэальна, бо разам з каралевай Бонай - італьянкай, у Польшчу прыйшла мода на атруту. Ёй прыпісваюць атручэнне першай жонкі сына Гальшкі (Елізаветы) Габсбургскай.

Калі вестка аб шлюбе дайшла да Кракава, стары Жыгімонт выклікаў сына да сябе, а Барбара ў гэты час выехала ў Дубінкі. Гісторыя маўчыць аб падрабязнасцях размовы паміж бацькам і сынам, але пасля сустрэчы кароль выйшаў радасны і аб шлюбе сына больш не загаворваў. Даследчыкі робяць вывад, што сын мог нават падмануць бацьку. Але не так усё проста. I Жыгімонт Стары, і Жыгімонт Аўгуст былі Ягелонамі, у іх жылах цякла кроў вялікага літоўскага князя Ягайлы. Яны адчувалі сваё літоўскае паходжанне, і бацька не мог варожа паставіцца да літвінкі Барбары. Да таго ж у сям'і Радзівілаў было дастаткова высоканароджаных асоб. Родная цётка Барбары была рэгентшай Мазовша. Прамаці Радзівілаў Паята была дачкою Вітаўта - старэйшага брата Гедыміна, заснавальніка дынастыі Ягелонаў. Некаторыя гісторыкі пішуць, што бацька мог гак адказаць сыну: "Буду рабіць выгляд, што нічога аб гэтым не ведаю, а пасля маёй смерці ты зробіш што захочаш".

Каралева Бона Сфорца залівалася слязамі адчаю, лічачы шлюб сына жыццёвай катастрофай, якая закрэслівала дынастычныя і сямейныя планы. З каралеўекай канцылярыі пайшлі пісьмы да першых кіраўнікоў дзяржавы з заклікам не прызнаваць Барбару каралевай. Падкрэслівалася, што шлюб адбыўся патаемна, супроць волі бацькоў і ніхто не павінен даць на яго дазвол. Жыгімонта Старога прымусілі падпісаць ліст да трокскага кашталяна Гераніма Хадкевіча: "Даведаліся мы аб жаніцьбе караля. Ён прынёс ганьбу ўсёй Кароне і Вялікаму княству Літоўскаму. Мы яе не дазвалялі і не дазваляем. А калі вас запросяць на гэтае вяселле, то каб туды не ездзіў. Таму што, калі б туды паехаў, то быў бы і ты прычынай гэтага ўніжэння маладога караля і дзяржавы нашай. Жадаю, каб уважлівым быў у гэтых адносінах, стараўся б адвесці маладога караля ад гэтага шлюбу, які і нам, і яму вялікая ганьба, а дзяржаве немалое гора можа прынесці".

Першы сенатар Рэчы Паспалітай кракаўскі і вялікі каронны гетман Ян Тарнаўскі, які пазней на злосць Боне прызнаў Барбару, у першае імгненне пісаў: "Хто гэта параіў каралю - зрабіў зло, таму што гэтая жаніцьба прынізіла караля і ў дзяржаве, і за мяжой. Што да мяне, то вельмі перажываю і супакоіцца не магу". Таксама адрэагавалі ўсе сенатары Кароны і большасць магнатаў Літвы. Але Жыгімонт Аўгуст быў нязломны. Ён не звяртаў увагі ні на просьбы, ні на пагрозы і рыхтаваўся да ўрачыстага прадстаўлення Барбары як сваёй законнай жонкі і польскай каралевы.

1 красавіка 1548 года памёр Жыгімонт Стары. Малады кароль адразу зрабіўся поўным уладаром вялізнай дзяржавы. Першай яго справай на гэтай ніве стала прадстаўленне Барбары як законнай каралевы краю. Дамогся ён жаданага ў Віленскім замку, дзе адрэкамендаваў Радзе і прыдворным сваю прыгожую і абаяльную жонку.

Цяпер каралева-маці Бона Сфорца рабіла ўсё, каб перашкодзіць каранацыі Барбары. Але Жыгімонт Аўгуст не звяртаў увагі і рыхтаваўся ўрачыста сустрэць жонку ў Кароне. Ад таго месца, дзе павінна была спыніцца карэта, да замка паклалі ліенскае сукно, па якому мусіла прайсці Барбара. Світу караля складалі сенатары, біскупы. Да каранацыі Барбару вырашылі змясціць у Радаме, каб уберагчы ад прыдворных плётак і сварак. Непадалёку, у Петрыкаве, адбыўся сейм, дзе шалёная атака на жаніцьбу караля павялічылася. Большасць біскупаў патрабавалі развесціся з Барбарай, што было даволі бессэнсоўным, бо ўсе добра памяталі, як зусім нядаўна папа рымскі адмовіў у разводзе англійскаму каралю Генрыху, што ў выніку з'явілася прычынай адыходу Англіі ад рымскага касцёла. Старая каралева-маці не хацела сустракацца з Барбарай і пакінула Вавель. Сёстры караля заявілі, што ім лепш служыць у шпіталях ці застацца ў манастырах, чым знаходзіцца ў таварыстве Барбары, і паехалі з маткай з Кракава ў Варшаву.

На сейме сандамірскі ваявода ўсклікваў: "Лепш бы хацеў бачыць у Кракаве Сулеймана турэцкага, чым яе мець каралевай у Польшчы". Іншыя з нянавісцю гаварылі, што з задавальненнем утапілі б Барбару ў Вісле. Галоўным прамоўцай зрабіўся Баратынскі, які сказаў: "Не для сваёй прыемнасці, але для дабра Рэчы Паспалітай жаніцца каралю трэба. Не яго вочы, не яго вушы, але вочы і вушы тых, хто пры яго двары знаходзіцца, павінны выбіраць яму жонку... На весь голас гаворым, што пра Барбару нічога не ведаем, што гэты шлюб адбыўся патаемна, без нас". Працягваючы далей, ён абвясціў, што гэтай жаніцьбы не прымае і не хоча нічога пра яе чуць. А закончыў заклікам да караля: "Няхай ведае ўвесь сучасны свет і той у будучым, што кароль польскі Жыгімонт Аўгуст так лічыцца са сваімі падданымі, так паважае і любіць польскую карону, што дзеля яе можа ахвяраваць сваімі пачуццямі, сваімі пацехамі і каханнем, слязьмі сваёй любімай. Гэта будзе вялікая перамога Вашай Каралеўскай Мосці, нават большая, чым заваёва ўсёй Маскоўскай і Татарскай зямлі".

Гэты цяжкі для караля час цягнуўся вельмі доўга. Не аднойчы прысутныя станавіліся на калені і прасілі караля разлучыцца з Барбарай. Нарэшце кароль не вытрымаў і сказаў, што сваё апошняе слова скажа на наступны дзень. Але і назаўтра ён не адрокся ад каханай, адказаўшы: "Тое, што зрабілася, не пераробіш. Вы павінны прасіць не аб тым, каб пакінуў жонку, а каб збярог яе для сваіх падданых. Ажаніўшыся, ад жонкі ўжо не адступлюся, пакуль мяне Бог на гэтым свеце беражэ. Наймілей для мяне ёсць мая вера і сумленне, яны мне даражэй, чым усе на свеце каралеўствы". Насуперак сенату і духавенству кароль нават усклікнуў, што лепш адрачэцца ад польскай кароны. Даведаўшыся аб гэтым, гетман Тарноўскі і канцлер Маціеўскі з'явіліся да яго ноччу і, стоячы на каленях, прасілі не аддаваць дзяржаву насіллю і хаосу.

Пасля гэтых падзей адносіны да Барбары рэзка змяніліся. Яе ўчарашнія ворагі спяшаліся рабіць ёй візіты, а адзін з іх - прымас Польшчы нават каранаваў Барбару.

Перамогшы апазіцыю, Аўгуст пакінуў Петрыкаў, каб сустрэць сваю дарагую і змучаную жонку, якую ён не бачыў ужо цэлы месяц. Сустрэча каралеўскай пары адбылася ў Новым Корчыне, адкуль Жыгімонт прывёз сваю выбранніцу ў Кракаў у Вавельскі замак. Тут, у Вавелі, кароль акружыў Барбару сапраўднай каралеўскай раскошай. Замак расквеціўся пышнымі банкетамі, паляванні адбываліся адно за адным. Жонка караля асляпляла прысутных прыгажосцю і ўборамі. Яе акружаў шматлікі двор. Япа жыла ў пакоях, упрыгожаных бясцэннай парчою, магла цешыцца рэдкімі вінамі, заморскімі стравамі. Але і сярод гэтага бляску галоўным для ўлюблёнай жанчыны было каханне і пяшчота караля. Багацце і пыха, якімі акружыў Барбару кароль, здзіўлялі не толькі Рэч Паспалітую, але і замежных дыпламатаў. Пасол караля Фердынанда I Ян Ленг даносіў у сакавіку 1549 года, што Жыгімонт Аўгуст у Кракаве "з жонкай сваёй Барбарай праводзіць мядовы месяц. Вялікае здзіўленне, якой цаной і пыхай трымае каралеву. Гавораць, што ў параўнанні з ёю каралева наша Эльжбета, святая ёй намяць, утрыманне мела не лепшае ад служанкі". Паўсюдна гаварылася, быццам Барбара зачаравала караля, наслала на яго нейкую магію. Цяжка бьло паверыць, што ўсё гэта - вынік аднаго толькі кахання. Па шляхецкіх і магнацкіх дварах не спыняліся плёткі і зайздрасць да Барбары.

Гісторык Уладзіслаў Канапчынскі пісаў: "Яшчэ цэлы год працягваўся шум вакол Барбары. Дыпламаты адмаўляліся наведваць яе, а на вуліцах народ гнаўся за яе карэтай з крыкамі, што яна чараўніца, злая вядзьмарка. І толькі кароль саладзіў яе жыццё каханнем і ўвагай". Дні і месяцы шчаслівай пары праляцелі хутка, як гадзіны. Нарэшце ў нядзелю 7 снежня 1550 года нязменна закаханы кароль дамогся свайго - урачыстай каранацыі жонкі. У суправаджэнні званоў кракаўскіх касцёлаў, у акружэнні мноства шляхты, князёў, магнатаў гнезненскі архібіскуп увянчаў чало Барбары каронай, якая ўпрыгожвала калісьці каралеву Ядзвігу і каралеву Бону. З гэтага часу Барбара зрабілася паўнапраўнай, прызнанай грамадскасцю і касцёлам польскай каралевай і вялікай князёўнай Літоўскай. Перад ёю схілілі свае гордыя галовы першыя вяльможы каралеўства. Але Барбара была ўжо цяжка хворай. У час каранацыі яна журботна прамовіла: "Да другой кароны мяне нябесны кароль кліча. Прасіце, каб гэты зямны скіпетр на пальму нябесную замяніў, а мілага мужа ў адчаі і горы па мне прылашчыў".

Апошнія дні каралевы

Такім чынам, снежаньскія ўрачыстасці 1550 года сталі заслонай аўтарытэту Барбары, але за імі ўжо грозна выступала яе хвароба і нават прывід смерці. Пачынаючы з каранацыі, дні каралевы былі ўжо злічаны. Змучаная цяжкімі пакутамі, акружаная знахарамі і лекарамі, праводзіла яна апошнія дні ў Вавельскім замку. Горача хацела хоць у апошні раз дыхнуць паветрам любімых лясоў, адкрытай прасторы. Кароль загадаў падрыхтаваць карэту, у якой можна было б паставіць ложак хворай і вывезці яе з Кракава. Але такую вялізную карэту не маглі прапусціць ні адны вароты. Тады кароль распарадзіўся разбурыць Фларыянскую браму, праз якую павінна была выязджаць Барбара, Аднак усе прыгатаванні аказаліся непатрэбнымі. Апошнія тыдні свайго жыцця яна праводзіла ў жудасных пакутах, з высокай тэмпературай. Лопаліся нарывы, з якіх выцякала вадкасць з мярзотным пахам. Нават слугі не маглі вытрымаць гэты пах, і толькі адзін Жыгімонт Аўгуст сядзеў днямі і начамі каля ложка жонкі. Такі ж уважлівы і ласкавы, ён быў гатовы аддаць усе скарбы каралеўства за выратаванне яе жыцця. Да канца верыў і спадзяваўся, што Барбара ачуняе. Яму было ўсё роўна, хто выратуе каханую. Не аднойчы ён звяртаўся ў Нясвіж да Мікалая Чорнага, каб той прыслаў вядомых знахарак, якія могуць зняць нагавор з Барбары. Лекаркі з Нясвіжчыны дапамагалі, але ненадоўга. Жыгімонту, які перамог апазіцыю, змусіў прымаса ўскласці карону на чало Барбары, было вельмі цяжка ўсведамляць, што ён такі ж безабаронны ад хваробы і смерці, як і яго падданыя.

Ні чым не магло дапамагчы нават усё золата каралеўства. Апоўдні 8 мая 1551 года смерць наведала пышны пакой Вавельскага замка. Каралева навекі закрыла свае цудоўныя вочы.

Ні адзін паэт, ні адзін пісьменнік ці гісторык не маглі апісаць гора і пакуты караля. Адчай і смяротны боль ахапілі Жыгімонта пасля смерці Барбары. Яму хапіла волі толькі на тое, каб прыгатаваць ёй пышнае пахаванне. У развітальным пакоі быў пастаўлены катафалк, на якім супакоілася цела нябожчыцы. Кожны дзень тут спраўлялі літургію, маліліся, кожны дзень кароль праводзіў доўгія гадзіны каля каханай жонкі, цалуючы яе ў слязах. Так працягвалася два тыдні, пасля чаго Жыгімонт даў згоду давесці пахаванне да канца. Радзівілы пажадалі, каб Барбару паклалі побач з іншымі каралевамі ў Вавельскім саборы. Кароль выканаў жаданне жонкі, якая калісьці сказала, што не хоча быць пахаванай у Кракаве, дзе яе сустрэлі такія перажыванні, і прасіла перавезці яе цела ў любімы горад свайго дзяцінства і юнацтва - Вільню. Радзівілам кароль адказаў: "Там, дзе жывой выказалі такую няўдзячнасць, не прыстала пакідаць і мёртвую сярод такіх людзей".

Смерць Барбары Радзівіл
Смерць Барбары Радзівіл

Жалобны картэж

25 мая 1551 года з Кракава ў Вільню накіравалася пахавальная працэсія. Гэта было незвычайнае шэсце. Шматкіламетровая дарога вяла каралеву да месца вечнага спакою. Змешчаную на спецыяльным катафалку труну з целам Барбары цягнулі коні чорнай масці. Калі яны трацілі сілы, замест іх куплялі новых любым коштам. За труною ехаў на кані апрануты ва ўсё чорнае зламаны няшчасцем кароль. У кожным горадзе ці маленькай вёсачцы ён сходзіў з каня і ішоў пешшу. Ішоў па пыльных вуліцах сваіх мястэчак, па балотах свайго краю. Ён суправаджаў цела Барбары не як горды ўладар, а як просты пакутнік, якога напаткала гора. Загадваў спыняцца ў тых месцах, дзе быў раней такім шчаслівым разам з ёю. Як бы ён хацеў апынуцца тут з жывой жонкай, убачыць яе ласкавую ўсмешку, узрадзіць незабыўныя для сябе хвіліны! Нарэшце картэж дабраўся да Вільні.

24 чэрвеня ў прысутнасці духавенства, саноўнікаў і вялізнага натоўпу гаражан Жыгімонт і Радзівілы пахавалі польскую каралеву. Яе труну змясцілі спачатку ў капліцы Святога Казіміра ў Віленскім саборы. Супакоілася каралева ў горадзе, у якім палюбіла Жыгімонта, з якім была неразрыўна звязана ўсё сваё кароткае жыццё.

Кароль застаўся адзін. Душэўны боль не пакідаў яго да канца жыцця, нягледзячы на тое, што прыдворныя заўсёды былі гатовы падшукаць яму жанчын. Памяць і жальба суправаджалі Жыгімонта кожны дзень. Яго мучыла думка, што Барбара пайшла з гэтага свету так заўчасна, так коратка цешылася сваім шчасцем. У адным з пісем праз некалькі гадоў пасля смерці жонкі ён пісаў: "То сапраўды, што кароткага шчасця дачакалася, жадалі б мы больш доўгага". Кароль зберагаў партрэты, розныя рэчы каханай. Праз 20 гадоў пасля смерці Барбары напісаў загад аб надмагільным помніку, дзе гаварылася, што астанкі Барбары павінны быць перанесены ў касцёл Свягой Ганны - там ён прасіў пахаваць і сябе, калі сустрэне смерць на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага.

Абраз Маткі Боскай Астрабрамскай

Пасля смерці каханай жонкі Жыгімонт Аўгуст вырашыў увекавечыць яе памяць у якім-небудзь вялікім творы мастацтва, напрыклад жывапісу. І гэта яму ўдалося. Цудоўны, знакаміты, услаўлены Адамам Міцкевічам абраз Маткі Боскай Астрабрамскай у Вільні быў намаляваны з партрэта Барбары Радзівіл. На падабенства легендарнай віленскай Мадонны і Барбары звярталі ўвагу ўсе, хто вывучаў гэтае пытанне. Прафесар Віленскага універсітэта Юліуш Клос: "Абраз гэты неабходна аднесці да італьянскай школы другой паловы XVI стагоддзя. Быў ён выкананы ў Вільні, магчыма, адным з прыдворных мастакоў Аўгуста. Кідаецца ў вочы падабенства абраза Маткі Боскай і Барбары Радзівіл, калі бачым яе на асабістых партрэтах. Гэта дае падставы сцвярджаць, што, калі пачалі ідэалізаваць вобраз Барбары, улічылі жаданне і Сігізмунда Аўгуста. Без сумнення, абраз пісалі на мясцовай мадэлі". Ксёндз Пётр Снядзеўскі адзначыў: "Тып Мадонны Астрабрамскай з'яўляецца вельмі падобным на партрэты каралевы Барбары. Той жа нос, той жа падбародак і вусны, тыя ж вочы і бровы, тая і будова цела".

Вакол падабенства Барбары і Мадонны Астрабрамскай вялося шмат дыскусій. Віленская Мадонна не мае дзіцяці на руках, што ўскосна таксама паказвае на Барбару, якая памерла беспатомнай. Другім важным доказам з'яўляюцца тонкія, прыгожыя, цудоўныя далоні Мадонны. Іменна Барбара Радзівіл славілася прыгожымі рукамі. Безумоўна, мастак стварыў цудоўны, адзін з найлепшых ва ўсёй Рэчы Паспалітай, поўны вытанчанай прыгажосці і пэўнай слодычы абраз Мадонны, які адлюстраваў знешнасць Барбары Радзівіл. Гэты абраз стаў пасмяротным помнікам Барбары.

Спачатку абраз Мадонны быў прызначаны касцёлу Святой Ганны. Але пасля смерці Жыгімонта Аўгуста яго сястра Ганна Ягелонка выказалася супраць. Абраз Маткі Боскай змясцілі ў адносна невялікую капліцу.

Барбара Гіжанка

Згодна з легендай, душу Барбары Радзівіл выклікаў па просьбе Жыгімонта Аўгуста нейкі алхімік па мянушцы Твардоўскі. Цяжка сказаць, ці існавала такая гістарычная асоба, але ў бібліятэцы Ягелонаў у Кракаве паказваюць кнігі, якія належалі Твардоўскаму, а на іх ёсць адбітак рукі д'ябла. Гаварылі, што ён прадаў душу д'яблу з умовай, што той забярэ яе пасля смерці, але толькі тады, калі Твардоўскі будзе ў Рыме. Хаця гэты пан не быў у Рымс, смерць напаткала яго ў карчме пад такой назвай. Аб гэтай легендзе пісаў паэт Адам Міцкевіч.

Паданне сцвярджае, што Твардоўскі ў час варажбы убачыў нейкую жанчыну, вельмі падобную на Барбару, і прадказаў, што кароль сустрэнецца з ёю. Гэта была Барбара Гіжанка, кракаўская мяшчанка, знешне вельмі падобная на Барбару Радзівіл, да таго ж яна насіла імя бессмяротнай каханай караля.

У апошнія гады жыцця Жыгімонт Аўгуст амаль адышоў ад дзяржаўных спраў. Удзел у прыняцці Люблінскай уніі 1569 года быў адзіным важным дзяржаўным актам апошняга з Ягелонаў. Ён меў тры захапленні ў жыцці: коні, каштоўнасці і жанчыны. Сярод шматлікіх адзюльтэраў - сувязь з Барбарай Гіжанкай, намнога маладзейшай за караля (нарадзілася ў 1550 годзе), была ў той час самай сур'ёзнай і значнай.

Яе бацька, мешчанін, лічыўся спрактыкаваным купцом. Барбара атрымала нядрэннае выхаванне. Яна рана пачала жыць пачуццямі, і пасля нейкага бурнага рамана яе змясцілі на выхаванне ў манастыр, адкуль адразу трапіла ў каралеўскія пакоі. Гаварылі, што Гіжанка сустракалася з каралём яшчэ задоўга да манастыра. Вялізную ролю ў гэтым каханні адыгралі яе прыгажосць і падабенства на Барбару Радзівіл. Кожны дзень яе суправаджалі ў спальню караля. Хутка яна трапіла і ў сэрца Жыгімонта Аўгуста. У замку адначасова з ёй прысутнічалі і іншыя каханкі, але Гіжанка не патрабавала, каб быць адзінай у гэтай ролі. Яна верыла ў свае здольнасці заўладаць каралём, бо з усіх вылучалася найбольшай прыгажосцю, інтэлігентнасцю, хітрасцю і кемлівасцю.

Гіжанка зразумела, як моцна жадаў кароль мець патомства. Адсутнасць наследніка з'яўлялася страшэннай трагедыяй для дынастыі Ягелонаў. Мяняючы жанчын, кароль вырашаў галоўную задачу - мець дзіця. Ён мог ажаніцца нават з жабрачкай, калі б яна падаравала яму пераемніка, і Барбара Гіжанка, ведаючы аб гэтым, вырашыла ашчаслівіць яго і выратаваць дынастыю. Адзін з прыдворных сказаў ёй, што з каралём гэтага не здзейсніць. Кемлівая жанчына знайшла выйсце: яна пайшла на сувязь з іншым мужчынам, а потым прыпісала бацькоўства каралю. У канцы 1570 года Гіжанка першы раз увайшла ў спальню караля, а 8 верасня 1571 года нарадзіла дзяўчынку. Жыгімонт вельмі ўзрадаваўся і марыў мець другіх дзяцей, сярод якіх будзе і доўгачаканы хлопчык- наследнік. Барбару Гіжанку асыпалі каштоўнымі падарункамі. Дзяўчынцы далі імя Барбара.

Сястра Жыгімонта - Ганна - не верыла ў бацькоўства караля і называла дзіця шчанюком. Сама яна жыла ў нястачы праз сценку ад каханкі, якой не хапала толькі птушынага малака. Ганна скардзілася сястры: "Гэтая бессаромная жанчына - белагаловая, якую ён хавае ў гэтым замку, нарадзіла дзеўку, прыжытую з іншым, таму што да яе ходзіць хто хоча. Усё гэта адбываецца за драўлянай сцяной".

Нарэшце Жыгімонт вырашыў законна ажаніцца з Барбарай Гіжанкай і зрабіць яе польскай каралевай. Яму здалося, што толькі з ёю ён можа мець дзяцей. Гэтае рашэнне пачало здзяйсняцца, калі 28 лютага 1572 года ў Аўстрыі памерла законная трэцяя жонка караля Кацярына Аўстрыйская. Кароль зрабіўся свабодным і меў права ажаніцца ў чацвёрты раз. Пачалася падрыхтоўка да шлюбу. Але Жыгімонт Аўгуст ужо цяжка хварэў, нават не мог хадзіць. Набліжалася смерць. Гіжанка была апошнім каханнем і надзеяй паміраючага караля. На парозе смерці ён падараваў Гіжанцы вялізную шкатулку з каштоўнасцямі.

7 ліпеня 1572 года на пяцьдзесят другім годзе жыцця Жыгімонт памёр. Пасля яе смерці паднялася віхура адносна каралеўскіх багаццяў. Яны былі раскрадзены прыдворнымі. У Гіжанкі амаль што ўсё адабралі, і яна ледзь пазбегла турмы. Калі бура прайшла, да яе пачалі сватацца сотні прэтэндэнтаў на руку і сэрца. Праз некалькі гадоў Барбара выйшла замуж за князя Міхаіла Варанецкага. Дачка, якая нарадзілася падчас рамана з каралём, у 1593 годзе выйшла замуж за кароннага пісара скарбніцы Якуба Завадскага. Памерла Барбара Гіжанка ў 1589 годзе на саракавым годзе жыцця, перажыўшы караля на 17 гадоў.

Знаходка Віленскага сабора

У другой палове XVII стагоддзя ў час нападу рускіх войск на горад тры труны-саркафагі: польскага караля Аляксандра і дзвюх жонак Жыгімонта Аўгуста - Эльжбеты Аўстрыйскай і Барбары Радзівіл - былі схаваны, каб уратаваць іх ад рабаўнікоў. Але схавалі так добра, што на працягу некалькіх стагоддзяў не маглі знайсці і лічылі загінуўшымі. Толькі выпадковасць дапамагла пабачыць іх зноў у пачатку XX стагоддзя. Аўтар кнігі "Дом Радзівілаў" Станіслаў Мацкевіч прымаў удзел у тых пошуках і падрабязна апісаў падзеі, звязаныя з такой важнай і цікавай знаходкай.

У маі 1931 года Вільня была затоплена вадой. Такі патоп - небывалы для гэтага горада. Звычайна спакойная і пакорлівая Вілія заліла вуліцы і дамы. Калі вада сышла, людзі заўважылі, што невялічкая рэчка Качэрга, якая працякала пад кафедральным саборам, змяніла свой напрамак і падтапіла гэты велічны будынак. Дубовыя сваі фундамента пачалі падгніваць. Каб выратаваць святыню, трэба было ў першую чаргу ўмацаваць фундамент. Пачаліся вялікія работы пад саборам. Тады і знайшлі ў глыбокай яме каралеўскія саркафагі. Рабочыя выклікалі камісію, у склад якой увайшлі вучоныя, гісторыкі, мастакі. С. Мацкевіч успамінае: "Было гэта 21 верасня 1931 года. Быў позні вечар. Памятую, як у адзінаццаць гадзін ночы я ўпрасіў прэлата Савіцкага пусціць мяне прайсці да толькі што адкрытай труны. У саборы было цёмна, усе карысталіся электрычнымі ліхтарыкамі. Ля ўвахода ў падзямелле я ўбачыў некалькі прафесараў, архітэктараў і ксяндзоў. Тут былі Рушчыц, Маралоўскі, Клос, Пекша, усе вельмі ўсхваляваныя і ўзбуджаныя".

Майстар Гудэйка, які ўзначальваў работы па ўмацаванні фундамента, не хацеў прапускаць камісію ноччу да знойдзеных трунаў, бо назаўтра яму патрэбна было працягваць работу. Але ўсе горача пачалі прасіць майстра прапусціць у тое памяшканне, дзе былі саркафагі. Увайсці туды было цяжка, бо адтуліна ледзь-ледзь магла прапусціць чалавека і то толькі тады, калі ён паварочваўся спіной і вельмі асцярожна прабіраўся. Электрычны ліхтарык у руках мігацеў, часткова асвятляючы прастору.

Першым кінуўся ў вочы прысутных чэрап караля Аляксандра. Потым яны ўбачылі карону і частку шкілета Барбары Радзівіл. Каля яе знайшлі карону Эльжбеты Аўстрыйскай, першай жонкі польскага караля Жыгімонта Аўгуста. "Хваляванне наша было велізарным,- піша С. Мацкевіч,- пальцамі мы дакраналіся да нашай гісторыі, нашага мінулага. Карона Гальшкі, як называлі Елізавету Габсбургскую, здавалася бліскучай дзіцячай цацкай, якую тут забыліся ў часы сярэднявякоўя.

Гэтая забытая на сцяне карона гаворыць аб тым, як паспешна хавалі саркафагі, баючыся ворага ў драматычных умовах. Стаіць гэтая маленькая, нізенькая карона на выступе сцяны, упрыгожаная дваццаццю каштоўнымі камянямі, сама з чыстага золата, крыху замутненага ад вільгаці. Уражанне яна выклікае вельмі моцнае. Гледзячы на гэтыя астанкі, прыходзіш да думкі, што на перазахаванне гэтых каралеўскіх святынь трэба запрасіць сямейства Габсбургаў, Радзівілаў, прэзідэнта Рэчы Паспалітай, прэзідэнта Літоўскай рэспублікі з Коўна".

Вачамі даследчыкаў

"Трыумфальная сваёй прыгажосцю і каханнем" - так ахарактарызаваў Барбару Радзівіл вядомы польскі даследчык Збігнеў Куховіч. Яе імя паўтараюць старажытныя рукапісы і сучасныя гісторыкі, яе вобраз апявалі паэты, малявалі мастакі.

Некаторымі вучонымі яе каханне падавалася ідэальным, эфірным, нават платанічным. Сцвярджалі, што першае замужжа Барбары са старым Гаштольдам (у сапраўднасці Гаштольд памёр маладым - крыху больш за трыццаць гадоў) было падобнае на адносіны бацькі з дачкою, калі Барбара амаль што дзіцем выйшла за яго замуж, зусім не ведаючы якога-небудзь іншага кахання. Другія падкрэсліваюць, што дабрачыннасць гэтай жанчыны, без сумнення, перабольшана. Асабліва ідэалізавалі Барбару аўтары XIX стагоддзі, але яны не маглі яе ведаць лепш, чым тыя, хто сустракаўся, жыў з ёю побач у адным стагоддзі. Пісьменнікі XIX стагоддзя малявалі партрэт прыгажуні мяккімі, пастэльнымі фарбамі, асабліва ўзвялічваючы яе каханне да Жыгімонта Аўгуста. Да нас у XX стагоддцзі вобраз каханай караля дайшоў у арэоле ахвяры свекрыві - польскай каралевы Боны Сфорцы.

Пры вывучэнні архіўных матэрыялаў некаторыя прыпісваемыя Барбары Радзівіл рысы блякнуць альбо нават знікаюць зусім. Сённяшні суд даследчыкаў, у прыватнасці польскіх, над ёю больш суровы і, можа, не заўсёды справядлівы. Так некаторыя вучоныя выказваюць думку, што Барбара зусім не мела ніякіх маральных забарон, што была яна неразумнай і прымітыўнай. Некаторыя лічаць, што яна зганьбіла польскі трон і стала прычынай згасання роду Ягелонаў. Польскі гісторык Кароль Шайноха пісаў: "Гістарычная веліч высвечваецца з велічы самаахвярнасці, а Барбара нічым не ахвяравала. Барбара жадала толькі аднаго - шчасця. Але так як гэта шчасце каштавала столькі слёз, хваробы і самога нават жыцця, а таксама цярпення, то пагэтаму да яе і звяртаюцца паэты, выказваючы міласэрнасць. Па той прычыне вельмі часта польская лютня пяе ёй песню аб цудоўным каралеўскім каханні, і цякуць слёзы спагады за яе цярплівасць. Гэта так зразумела кожнаму і блізка кожнай душы".

А вось меркаванне кракаўскага публіцыста Іосіфа Шуйскага: "Не была Барбара ні гераічнай жанчынай, якія існавалі ў Польшчы, ні каралевай, якая б прызвычаілася да свайго высокага становішча, але яна змагла выклікаць узвышанае каханне ў Аўгуста, умела яго любіць і рабіць шчаслівым. Верная, замкнёная ў сваім сямейным шчасці і цярпенні, не выступала ні на крок за парог хатняга жыцця, была вельмі прываблівай для Аўгуста сваім пачуццём і пяшчотай". І сапраўды, ніхто іншы пасля Барбары Радзівіл не меў такога ўплыву на караля, як яна. Бясспрэчна і тое (гэта таксама адзначаюць гісторыкі), што яна нікога не пакрыўдзіла, не была помслівай, ніхто праз яе не плакаў і не загінуў. А гэта ж быў час, калі каханкі французскіх каралёў правакавалі апошніх на крывавыя жорсткія драмы.

Так, ёсць розныя думкі, розныя погляды на Барбару Радзівіл, бо яе асоба і ў час жыцця, і пасля смерці выклікала нямала дыскусій і розных выказванняў. Але той факт, што засталася яна ў памяці народа, што яе вобраз увайшоў у скарбніцу нацыянальнай культуры, шмат гаворыць у яе карысць. Яна, кахаючая і каханая, адважная, сентыментальная, рамантычная, вольналюбная, унесла ў гісторыю чалавецтва цудоўнае вялікае пачуццё кахання. Пра такое каханне ў той час над Віслай яшчэ не чулі. Людзі выдумлялі розныя неверагоднасці, прыпісваючы Барбары сувязь з нячыстай сілай, карыстанне прываротным зеллем, рознымі чарамі і нагаворамі. Змяняліся палітычныя фармацыі, змяняліся звычкі і пакаленні, але і сёння нас вабіць сіла пачуцця і прыгажосць. Колькі згубіла б гісторыя культуры эпохі Рэнесанса без Барбары! Збіціеў Куховіч піша, што яе лёс і яе асоба чакае пяра Шэкспіра. У той загадкавай постаці перапляліся матывы кахання і смерці, ёсць у ёй смутак і няшчасце, але ж ёсць таксама вялікая радасць.

У канцы XX стагоддзя ў беларускай літаратуры з'явіліся творы, са старонак якіх паўстала цудоўная постаць ліцвінкі Барбары Радзівіл. Вядомы таленавіты паэт Янка Сіпакоў уславіў Барбару ў баладзе-плачы "Просьба". Душа Барбары звяртаецца да караля і спачувае яму ў горы, не думаючы аб сваім трагічным лёсе:

Як бы я рада была смутак твой чорны спалохаць,
Радасць збудзіць, як раней, у раненым сэрцы тваім.
О незабыўны мой муж!
Памятаць буду і тут я,
Як ты ў вочы мае гэтак шчасліва глядзеў,
Як не паслухаўся тых, што разлучыць нас хацелі,
Як спатыкнулася зло аб добрую ўсмешку тваю.

У 1994 годзе слынная беларуская паэтэса Раіса Баравікова напісала драматычную гістарычную паэму "Барбара Радзівіл", якая пазней была перароблена ў п'есу пад такой назвай і пастаўлена ў дзяржаўным тэатры-лабараторыі нацыянальнай драматургіі. Трагедыя вялікага кахання, што абарвалася ад кроплі атруты разам з жыццём Барбары, знайшла водгук у сэрцах гледачоў. Краналі словы Жыгімонта Аўгуста, звернутыя да Барбары: "Пялёсткамі лілеі ўзышла над лёсам. Нават поўня млее пад позіркам, што можа незваротных вярнуць назад, а я толькі смяротны ля ног тваіх".

Раіса Баравікова ўбачыла ў драме Барбары амаль шэкспіраўскі сюжэт, падараваны гісторыяй. Гераіня апынулася паміж двух агнёў. Браты Барбары Радзівілы Мікалай Руды і Мікалай Чорны бачылі Вялікае княства Літоўскае, сваю Бацькаўшчыну, незалежным ад польскай Кароны і змагаліся за гэтую незалежнасць усімі магчымымі сродкамі. З другога боку польская каралева Бона Сфорца з прыдворнымі працівілася змаганню Радзівілаў. ©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

На сцэнах вядучых тэатраў Рэспублікі Беларусь з поспехам ідзе спектакль знакамітага беларускага драматурга Аляксея Дударава "Чорная панна Нясвіжа" і карыстаецца заслужаным поспехам. У 2001 годзе ў час правядзення фестывалю камернай музыкі нясвіжскія самадзейныя артысты паставілі п'есу Дударава ў Нясвіжы ў прысутнасці шматлікіх знакамітых гасцей. Трагічны лёс Барбары, жанчыны незвычайнай прыгажосці, яе палкае каханне ўсхвалявалі ўсіх прысутных. Талент А. Дударава і галоўнага рэжысёра В. Мароза паспрыялі поспеху, дапамаглі данесці вобраз Барбары з далёкага мінулага ў сучаснае жыццё і зрабіць яго надзвычай прыцягальным, яркім і таямнічым.

К.Я. Шышыгіна-Патоцкая, "Нясвіж і Радзівілы", Мінск: Беларусь, 2007. - 240 с.: іл.

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.