Сэксуальныя паводзіны ў сярэднявеччы

Сучасныя шлюбныя нормы ды нармальныя, згодна з уяўленьнямі сучаснага чалавека, сямейныя дачыненьні - адзін з вынікаў перамогі хрысьціянскай рэлігіі на беларускіх землях. Распаўсюджваньне хрысьціянства ў эпоху Сярэднявечча, ягоныя спробы татальна кантраляваць духоўнае дый цялеснае жыцьцё чалавека ў наступныя стагодзьдзі істотна зьмянілі погляды на сэксуальнае жыцьцё чалавека й шлюб. Вядома, што ўсходнеславянскае паганскае насельніцтва не разглядала палігамію як зьяву анамальную, дый паняцьця мужчынскай шлюбнай здрады не існавала. Хрысьціянства зьдзейсьніла сапраўдную "сэксуальную рэвалюцыю" - цяпер толькі сэксуальныя стасункі ў манагамным шлюбе лічыліся царквой адзіна законнымі й магчымымі. Неўпарадкаваныя сэксуальныя сувязі, палігамія разглядаліся як адступленьне ад Хрыстовых запаветаў, парушэньне Боскага закону.

- Але ці змагло духавенства ўзяць пад поўны кантроль сэксуальнае жыцьцё людзей?

- Не зважаючы на імкненьне царквы рэглямэнтаваць шлюбнае жыцьцё й сэксуальнасьць чалавека ў адпаведнасьці з нормамі хрысьціянскай маралі, цягам усяго Сярэднявечча палавое жыцьцё так і не было ўзятае пад татальны кантроль духавенства, а сэксуальныя паводзіны шляхты й месьцічаў у XVI-XVIII стагодзьдзях прынцыпова не адрозьніваліся ад сучасных. Тое, што хрысьціянства лічыла й лічыць маральнымі заганамі, было пашыранае і ў старавечнай Беларусі. Прыкладам, дашлюбнае палавое жыцьцё, безумоўна, ганьбавалася царквой.

- Ці існаваў нейкі кампраміс паміж царквой і чалавекам у гэтым пытаньні?

- Так, дашлюбнае палавое жыцьцё, калі яно завяршалася шлюбам, разглядалася Францішкам Скарынам як нармальная справа:

Естли кто прельстить девицу ещё незарученую и спит с нею, да дасть ей вено и поиметь ее собе за жену.

Пра тое, наколькі далёкім ад царкоўных рэкамэндацыяў было сэксуальнае жыцьцё грамадзтва Вялікага Княства Літоўскага ў XVI-XVII стагодзьдзях, сьведчаць і маштабы палавых захворваньняў у той час. Прыкладам, на пранцы. Цікава, што ў Польшчу ў XVI стагодзьдзі пранцы завезла жанчына, якая вярталася з Рыму, зь пілігрымкі. У хуткім часе з Польшчы гэтая хвароба патрапіла й да нас. Пачалася эпідэмія пранцаў - "нечуваная франца", як казаў гісторык і паэт Мацей Стрыйкоўскі. Захворваньне набыло такія памеры ў Княстве, што выклікала занепакоенасьць вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ, які даручыў пасланаму ім баярыну Мамонаву даведацца, ці ня выбухнула эпідэмія ў Вязьме, а таксама ўдакладніць, ці спынілася яна ў Смаленску й Вільні. У гэтай сувязі прыгадваецца радок з польскамоўнага верша Сымона Полацкага (тады яшчэ студэнта Віленскай акадэміі), напісанага ў XVII стагодзьдзі:

Kogo zla Wenus Choroba zarazі
Z drzewa Huacu Napoy ja odrazі.

Паказальна, што Сымон Полацкі, параўноўваючы са старажытнымі цудамі найважнейшыя адкрыцьці сваёй эпохі, называе сярод іх ня толькі адкрыцьцё Амэрыкі, вынаходніцтва компасу, стрэльбаў, друкарства, гадзіньніка, але й лекі, якія тады лічыліся ў Эўропе панацэяй ад пранцаў.

- Ад якога часу й наколькі шырока была распаўсюджаная ў старажытнай Беларусі прастытуцыя?

- Прынамсі, зь вялікай ступеньню ўпэўненасьці можна казаць пра XVI стагодзьдзе. Яно для Беларусі было часам ня толькі вялікіх культурных здабыткаў, але й імклівага падзеньня традыцыйнай маралі ў гарадах. Тады прастытуцыя, якая, натуральна, існавала й раней, заявіла пра сябе на ўвесь голас. Калі ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1529 году пра яе няма згадкі, дык у Статуце 1588 году менавiта гэтаму пытаньню прысьвечаны шэраг адмысловых артыкулаў, якія сьведчаць пра пашыранасьць зьявы на той час. І гаворка ідзе ня проста пра лёгкія паводзіны жанчын, а менавіта пра прастытуцыю, бо Статут 1588 году найперш акцэнтуе ўвагу на прафэсійных зводніках, якія, можна меркаваць, былі звыклым элемэнтам тагачаснага гарадзкога жыцьця. Пакараньні за зводніцтва прадугледжваліся жорсткія, у духу тагачаснай эпохі:

Прото абы такие люди, будь мужчизна або белая голова, в местех наших не были терпены, которые звыкли для зыску своего спросного намовляти панны або вдовы и мужатки кому гволи для спросности телесное, так иж хотя бы с которое могло быть што доброго в стане малженском, оборочаются за намовами зводниц внивеч, а в спросное а вшетечное помешканье. ...абы таких за оказаньем явным имати казали и карали обрезаньем носа, ушу и губы и з мест выганяли.

- Ці мелі плён падобныя забароны?

- Ня надта вялікі. Не зважаючы на забароны, і зводнікі, і прастытуткі пачуваліся даволі ўпэўнена ў тагачасных беларускіх гарадах. Пра маштабы гэтай зьявы ў Магілёве пры канцы XVI стагодзьдзя сьведчыць наступнае паведамленьне Баркулабаўскага летапісу:

Року 1590 были козаки запрозкие Матюша с полком, Голый с полком у Могилеве… а кривды, шкоды не чинилы, толко жонок охочих. Тых намовляли и закликали, абы с ними на Низ ишли. И взяли з собою жонок и девок яко двесте поголов.

- Дзе адбываліся знаёмствы й абслугоўваньне кліентаў?

- Улюбёнымі месцамі прастытутак былі гарадзкія корчмы, лазьні, асобныя зь іх прымалі сталых кліентаў дома. Магістраты беларускіх гарадоў рэгулярна ладзілі аблавы на прастытутак і выпраўлялі іх на грамадзкія працы. У 1666 годзе слуцкія прастытуткі самым непасрэдным чынам спрычыніліся да ўмацаваньня абароназдольнасьці гораду. Слуцкі магістрат, "хочучы такіх злых распуст загамаваць", пастанавіў пасылаць іх на прымусовыя працы.

- Выглядае, што кара за прастытуцыю была ня вельмі ўжо й жорсткая...

- Не зусім так. У той час шчыра верылі ў тое, што блудніца зьяўляецца прыладаю д’ябла. І таму даволі часта як прафэсіяналкі, гэтак і звычайныя палюбоўніцы станавіліся ахвярамі намоваў ды абвінавачаньняў у чарадзействе з боку сваякоў іхных кліентаў і каханкаў. Вельмі не пашанцавала ў 1588 годзе магілёўскай прастытутцы Марыі Юдзінай, якая па чарзе прымала двух кліентаў у сваёй хаце. Захапленьне хлопцаў гэтай паненкай сваякі трактавалі як факт, што яна іх зачаравала:

Иван Иевлевич мещанин могилевский а Иван Ходотович, Давид Тарасович, Тимох Тишкович жаловали на мещанку могилевскую Марю Юдинну. Напрод Иван Иевлевич жаловал иж дей брата моего чарами очаровала иж бавечыся при ней рок о ту жадное речи не может яко од часу не малого так шло... ночи прошлое ею у нее в дому з суседми есми его поимал... есмо ходил з ним и з иншими суседми и там же у дому ее знайшли брата его. ...А Давид Тарасович жаловал на тую ж Марю Юдинну иж дей сын мой Михалко не ведати для которое причины ходит у день и в ночи которого тым же способом очаровала чарами своими.

Падобным чынам берасьцейскай зямянкай Ганнай Цывінскай у 1628 годзе была абвінавачаная адна віленская дама лёгкіх паводзінаў.

Межы иншыми и малжонка еи милости пани Цывинскои его милости пана Петра Цывинского, в року теперешнем 1628 недавно до Вилна прыехалого, снат через якиес чары и зводницы прылудивши, первеи через колко ночь у себе в каменицы его милости пана Юря Коленды, у Вилни в тыле костела Светого Казимера лежачои, а потом и за другим прыездом в сем же року 1628, месеца марца розными часы и днями в тои же каменицы з его милостю обцовала и всяким способом малженскии стан розлучыт хотечы, на самую еи милость паню Цывинскую розными часы и днями и на розных местцах отповед и похвалку на здорове еи милость учынила и чынит не переставает, обецуючы еи милости з мужом разлучыт и самую через чары, албо иншым способом з сего света згладит, или смерт прыправит.

Такім чынам, занятак прастытуцыяй мог прывесьці й да пакараньня сьмерцю, бо жанчына, якая зьбіралася прысьвяціць сябе гэтаму занятку, мусіла заўсёды памятаць і пра незайздросную пэрспэктыву быць спаленай на вогнішчы як ведзьма.

- Дык чаму ж займаліся прастытуцыяй? Грошы перамагалі Бога?

- Мне бачыцца сынхроннасьць працэсаў на нашых землях з эўрапейскімі працэсамі. Эпоха Рэнэсансу прыносіць новыя каштоўнасьці. Традыцыйная мараль адсоўваецца маральлю, якая ўзьнікае пад уплывам таварна-грашовых адносінаў. Адным з рэцыдываў гандлёва-рамеснай этыкі ва ўсёй Эўропе, і ў нас таксама, было распаўсюджаньне гандлю ўсім, у тым ліку й целам. Цікава, што ў гэты час рэзка павялічваюцца й крадзяжы царкоўнай маёмасьці. Людзі ня толькі прадавалі сваё цела, але й кралі ў Госпада Бога. І хто краў? Сьвятары кралі. Гэта было распаўсюджана па ўсёй краіне. Натуральна, існаваў рух за маральную направу. Тыя ж магістраты клапаціліся ня толькі пра гандаль, але й пра грамадзкую мараль, пра мараль сям’і. XVI стагодзьдзе якраз дэманструе дзьве зьявы. З аднаго боку - прастытуцыя, а з другога - умацаваньне сямейных каштоўнасьцяў. Ёсьць нават дакумэнты-забавязаньні мужа й жонкі "пачціва захоўваць сябе й ня бегаць па месцах непатрэбных".

Крыніца: "В. Ракіцкі. Беларуская атлянтыда. Рэаліі й міты эўрапейскай нацыі"

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Раман напiсаў(ла) 10.03.2009 03:10
А на якой мове напiсаны тэкст? Дзе беларуская лiтаратурная мова, мова Купалы i Коласа? Не выдумляйце новую мову!!!!!!!!!
Зміцер напiсаў(ла) 05.10.2009 00:22
А мне тарашкевіца падабаецца.
Патрык напiсаў(ла) 18.01.2010 11:37
Хіба што няшмат Вы, Раман, пра Коласа й Купалы ведаеце, калі наркамаўка называеце мовай іхняй.
Міхась напiсаў(ла) 28.09.2011 02:11
Вялікі дзякуй за артыкул! Спадар Ігар вельмі цікавы гісторык і археолаг.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.