Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом

Начырк гісторыі беларускіх мусульманаў.[1]

Мусульманмі ў Беларусі спачатна былі так-званыя Татары. Зьяўляліся яны ў Беларусі або як палоньнікі, узядзеныя на вайне, або як палітычныя уцекачы, а напару былі й самахвотныя колёністыя з татарскіх аддзелаў, памагаючых Беларусам у вайне іх з суседзьмі. Першыя весьці аб Татарах у Беларусі ё ужо з пачатку чатырнанцатага стагодзьдзя. У 1319 годзе яны прыймалі учасьце ў вайне Беларусаў і Ліцьвіноў із Крыжакамі[2]. Летапісец францішканскага ордэну пад 1324 г. сьведчыць, што пасярод Вялікага Княства Літоўскага жывуць людзі, каторыя прыйшлі з Азіі і ў сваіх малітвах ужывюць нейкую няведамую мову азыяцкую[3].

Гаспадары Вялікага Княства Беларускага (званага Вял. Княствам Літоўскім) карысталі з непарадкаў у Залатой Ардзе, што насталі тамака ад палавіцы чатырнанцатага стагодзьдзя, мяшаліся ў войны татарскіх ханаў за пасад, памагаючы сваім прыяцелям. Па гэткіх войнах выдатнейшыя прыхільнікі пераможаных ханаў звычайна знаходзілі прыпынак у вялікіх князёў беларускіх ("літоўскіх"). Асабліва гэткаю палітыкаю адзначыўся пры канцы XIV і на пачатку XV стагодзьдзя наймагутнейшы валадар на Усходзе Эўропы вялікі князь Вітаўт (1386-1430). Геній Вітаўтаў ня меў сабе раўні. Ніхто да яго і ніхто па ім не зразумеў так шырака і так добра заданьняў беларускае палітыкі, як Вітаўт; ён рупіўся прылучыці да усяго беларускага Народу часьць беларускага плямя Вяцічаў, што лучылі пад Маскву. Дзеля гэтага Вітаўт пры помачы свайго кандыдата на пасад Залатое Арды імкнуўся заваладаці гэтым гаспадарствам, а пераз яго і належачай да яго Масквой. Каб выпаўніці свае пляны, ён у 1396 г. зрабіў паход за Дон проці Татароў. Палоньнікі, узядзеныя пры гэтым паходзе, былі аселены ў Беларусі. Паражка Вітаўта ў бітве на рацэ Ворскле 1399 г. не адхінула яго ад татарскае палітыкі. Мы ведаем, што перад 1410 г. зносіны Вялікага Княства із Залатой Ардой былі вельмі жывыя. У гэтым годзе валадар Залатое Арды Цімур хан (1410-1415) прыслаў Вітаўту, як памогу проці Крыжакоў, колькі тысячаў[4] коньнікаў пад камандай Джэляль-эд-дына, сына Тухтамышовага.

Па скончаньні вайны з Крыжакамі часьць татарскіх вояў асталася ў Беларусі. Яны дасталі зямлю ад ураду за павіннасьць ісьці на вайну.

Борзда Вітаўт адудзячыў Джэляль-эд-дыну. За колькі год Джэляль-эд-дын прыехаў у Кіеў прасіці помачы ў вялікага князя, каб заняці пасад у Залатой Ардзе. Помач была дадзена і, скарыстаўшы з непарадкаў у Кіпчаку, Джэляль-эд-дын у 1415 г. скінуў із пасаду Цімур хана, а сам стаўся ханам Залатое Арды[5].

Наагул значэньне беларускага гаспадарства ў тыя часы і ягоных гаспадароў, асабліва Вітаўта, было вялізарнае. Заходне-эўропэйскі падарожнік таго часу, Лянуа, каторы праяжджаў пераз украінскія сьцяпы, расказуе, што Татары так напалоханыя Вітаўтам, што маткі страшаць ім сваіх дзяцей. Татары, качуючыя на заход ад Дняпра і на'т Днястра, прызнавалі беларускага гаспадара сваім валадаром. А Татары на усход ад Дняпра, блізка Кіпчаку, таксама залежылі ад Вялікага Княства Літоўскага (=Беларускага). На беразе Чорнага мора была беларуская гавань Хаджыбэй, цяперашняя Адзеса. Ля Дняпра Беларусь мела замкі-Крамянчуг, Упск, Місурын, Гербедзеяў Рог, Тавань, Баргунь, Цягінь (Бэндзеры) і Ачакаў, у каторых дзяржала войска дзеля абароны ад татарскіх вордаў самастойных, качуючых за Донам[6].

Вялікі князь Вітаўт асяліў Татароў паміж беларускага насяленьня ў ваколіцах рэкаў Вяльлі й Нёмна, у паветах Троцкім, Віленскім, Яшмянскім, Лідзкім, Наваградзкім ды ў заходняй часьці Горадзеншчыны (паветы Бельскі, Берасьцейскі, Сакольскі і інш). Вышшай клясе перасяленцаў былі дадзены шляхоцкія прывілеі і вялікая зямельная собскасьць. Апрача таго вялікія князі, асабліва Вітаўт, давалі гэтай клясе розныя дары.

Палітыка Вітаўтава, каб аслабіці й узалежніці ад Беларусі Залатую Арду, мела удачу асабліва ў вадарваньню ад яе Крыму. Першы крымскі хан Азі-Гірэй (начай: Хеджы-Гірэй) да занятку пасаду жыў у Беларусі каля Трокаў. Адгэнуль Вітаўт паслаў яго на крымскае ханства[7]. Азі-Гірэй быў закладчыкам крымскае дынастыі Гірэяў. Па Яго сьмерці ў 1466 г. паміж ягонымі сынамі узьнялася вайна за пасад. У гэтай вайне Казімер Ягайлавіч памагаў свайму прыхільніку Нуры-дэўлету. Як брат гэтага, Мэнглі - Гірэй, заняў пасад, прыхільнікі Нуры-дэўлетавы мусілі уцякаць да свайго апякуна ў Беларусь[8].

Як у 1510 г. Татары былі пабітыя ля Клецка князем Міхалом Глінскім, дык забраныя палоньнікі таксама былі аселены ў Беларусі, паміж іншым у Менску.

Ня маем жадных весьцяў, ці былі яшчэ якія колёністыя татарскія ў пазьнейшую пару. Відаць, што іх запраўды ня было, бо з пазьнейшае пары напэўна захаваліся-б якія весьці.

Адначасна з пасяленьнем у Беларусі Татары дасталі ваенную арганізацыю. Першым маршалкам іхнім быў Тэмір Туган-бэй, князь із Дагестану. Усё войска мусульманскае дзялілася на сьцягі (пазьней харугвы). Камандзер сьцягу ўвайну вёў свой сьцяг да адпаведнага вайводы, а напару проста да польнага гэтмана. Галоўная каманда гэтага войска была ў Вільні ля цяперашняе Татарскае вул. Хто йшоў на вайну, той не плаціў жадных падаткаў.

Апрача мусульманаў-вояў былі ў Беларусі яшчэ мусульмане мескія, занятыя промыслам і гародніцтвам. Гэтыя плацілі падаткі.

Пры вайводзкіх урадах былі яшчэ так званыя татары-казакі, пасыланыя з лістамі.

Паміж сабою ў рэлігійных і грамадзкіх справах мусульмане судзіліся Коранам. У зносінах із іншым беларускім насяленьнем паддадзены былі праву агульна-прызнаванаму, г. зн. Літоўскаму Статуту. Ужываньне Корану, як юрыдычнае кнігі, было пацьверджана ім Вялікімі Князьмі[9].

Наагул ажно да сходу беларускага гаспадарства й залежнасьці ад чужнікоў мусульмане ў Беларусі мелі поўную рэлігійную свабоду. Падарожнічалі яны так сама ў сьвятыя месты ісламу Мэкку й Мэдыну. Дзеля таго што ня зналі мясцовае мовы, у Царгорадзе стараліся прылучыцца да тых падарожнікаў, што зналі турэцкую або арабскую мову. Адзін із такіх беларускіх падарожнікаў, чалавек асьвячоны, у 1557 г. на просьбу вялікага візыра Рустэма пашы напісаў султану Сулейману рэфэрат аб палажэньні беларускіх мусульманаў. У рэфэраце закранае траха усе бакі жыцьця нашых мусульманаў. Кажа, што ў кожным большым месьце ёсьць мэчыці. Да гэтакіх местаў належыць сталіца гаспадарства Вільня, Сорак Татары, Вака, Навагарадак, Трокі і інш. - У гэтых мястох вялікія мэчыці, а усіх, у тэй лічбе такжа малых, што ў прыватных дамох, можа быці балей за сто. Падарожнік зацеміў, што ў Вільні мэчыць стаіць на найхарошшым месцу. Гэтая зацемка, а таксама тое, што аўтар рэфэрату ня ведае аб пасяленьні ў Менску татарскіх палонных з 1510 г., сьведчыць аб яго паходжаньні з Віленшчыны. Аўтар рэфэрату перакананы, што „Калі-б вялікі падышах (султан) паслаў у гэныя краі ад парогу свае шчасьлівасьці (Стамбулу) рупатлівых місыянэраў, бяссумлеву большасьць іхняга насяленьня была-б абдорана сьвятлом ісламу". Каб на гэта схінуць султана, падарожнік дадае, што султан і вялікі візыр мелі-б харошых одалісак. У Царгорадзе падарожнік бачыў сваіх родзічаў-мусульманаў, каторыя розьніліся ад Туркаў вопраткаю. Хоць ім было добра ў турэцкіх аднавернікаў, але яны тужылі па бацькаўшчыне.

Дабро, зробленае беларускім урадам мусульманам, зблізіла іх з беларускім гаспадарствам і народам. У мэморыяле, пададзеным 1519 г. Вялікаму Князю Жыгімонту II, мусульмане кажуць: „На шаблі нашыя мы прысягалі, што любім Ліцьвіноў (разумей: Беларусаў, бо гэткі быў тады беларускі нацыянальны назоў), каторыя увайну забралі нас у палон, але уступаючым на гэтую зямлю сказалі, што гэты пясок, гэтая вада і гэтыя дзеравы нам супольныя. І ля салёных азёраў (г. зн. ў Крыме) і ў Кіпчаку ведаюць, што ў нашым краю мы не чужнікі".

Па сьмерці кожнага Вялікага Князя мусульмане мелі па ім службы ў мэчыцях. Асаблівую пашану меў у іх Вітаўт Вялікі. Службу па ім служылі яшчэ ў XVI ст. Памяць аб ім была ў гэтым стагодзьдзі жывая ува усіх мусульманаў. У тым-жа мэморыяле кажацца: „Нямаш слаўнае памяці Вітаўта, ён нам не казаў забыціся прарока, а мы, да сьвятых местаў вочы нашыя зварочуючы, так імя ягонае успаміналі, як нашых каліфаў. Нашыя дзеці ведаюць аб ім". Аўтар рэфэрату султану Сулейману кажа, што Вітаўт быў стаўпом, удзержуючым іслам у краю няверных, і што „памяць аб ім захавалася да нашае пары, бо кожны год сьвяткуецца дзень, вылучна пасьвячоны памяці гэтага гаспадара. Мусульмане, жывучыя ў гэным гаспадарстве, такога дня зьбіраюцца ў мэчыцях і успамінаюць ягонае імя з захапленьнем".

Беларускія мусульмане ваявалі ня толькі проці Маскоўшчыны і інш., але таксама проці сваіх аднавернікаў-крымскіх Татароў і Туркаў. Аб гэтым ёсьць шмат дакумэнтаў. У 1510 г. татарскія ворды пусташылі паўднёвыя землі беларускія, пакуль ня былі пабітыя кн. М. Глінскім. Яны клікалі сваіх аднавернікаў, каб злучыліся з імі. Нашыя адказалі: „Ані Бог, ані прарок ня кажа вам грабіці, а нам быці няўдзячнымі; б'ючы вас, мы б'ем грабежцаў, але ня нашых братоў".

У Літоўскай мэтрыцы ёсьць лісты Вял. Кн. Жыгімонта II з 1533 г. да маршалкі і усіх камандзераў татарскіх сьцягоў на вайну проці Татароў.

Жыгімонт IV, даючы ў 1623 г. К. Мурзе Барынскаму грамату на сьцяг, дадае да яе, што К. Мурза Барынскі быў "час немалы ў розных экспэдыцыях так маскоўскай з Інфлянцкай, яка і нядаўна прошлай Валоскай служачы і ў частых патрэбах з войскі непрыяцеля Крыжа сьвятога"[10].

Спачатныя татарскія колёністыя належылі да розных плямёнаў і расаў, каторыя вельмі розьніліся паміж сабою, асабліва антрополёгічна. Былі "татары", каторыя належылі да расы турка-татарскае, фінскае, а часткова так жа мангольскае. Апроч таго паміж Татарамі на паўночным Каўказе, а на'т у Крыме, былі народы арыйскага паходжаньня. Уся менаваная мешанка была ведамая пад агульным іменем Татароў. Расавая й пляменная розьніца, аднолькава як і раскіданасьць на вялікіх прасторах паміж беларускім насяленьнем, не дала магчымасьці ім утварыць якуюсь этнографічную цэласьць, хоць гэтаму прыялі рэлігійныя умовы. Як ваенныя палоньнікі або наагул ваякі ці уцекачы, ня мелі яны із сабою жанок свайго паходжаньня. Вялікі Князь Вітаўт дазволіў ім ажаніцца з Беларускамі. Як першыя, так і пазьнейшыя татарскія колёністыя жаніліся з Беларускамі-хрысьцянкамі. Жанкі аставаліся пры сваёй веры хрысьцянскай і па сьмерці былі хаваны асобна ад мужоў на могільніках хрысьцянскіх. Але дзеці з гэтакіх жанімстваў былі гадаваны ў веры айцоў. Гэта было ў згодзе із загадамі ісламу, каторы дазваляе жаніцца з хрысьцянкамі й жыдоўкамі, але забараняе выходзіць замуж за хрысьцянаў і жыдоў; пры гэтым дзеці заўсёды мусяць быць магамэданамі.

Гэтакія жанімствы з хрысьцянкамі былі ў Беларусі звычаем ажно да XVII в. З XVI в. маем аб гэтым сьведчаньне ад вышменаванага аўтара рэфэрату. Гэтак ён кажа: "а дзеля таго што цяжка знайсьці тамака жанок нашае веры, жэняцца з няверніцамі (хрысьцянкамі), тым балей, што наш закон гэтага не забараняе".

Дазвол жаніцца з хрысьцянкамі быў дадзены з умоваю, што будуць меці толькі па адной жонцы. Гэта пад уплывам суседзяў-хрысьцян увайшло потым у звычай, так што й багатыя ня мелі ніколі балей, як па адной жане.

У багатых сэм'ях мусульманскіх краёў жанкі дзяньгубяць, але жанкі беларускіх мусульманаў, як бедных так і багатых, нічым ня розьніліся ў сваім жыцьці ад іншых Беларусак: працавалі ў гародах, на полі, пралі кудзелю і пад.

Ад жанок сваіх шмат хто з беларускіх мусульманаў дастаў сваё прозьвішча, напр. Родкевіч, Багдановіч, Юркевіч і пад. Іншыя утварылі прозьвішчы ад імёнаў сваіх айцоў, дадаючы да іх, паводле беларускага спосабу, суфіксы-іч-ов-іч,-ев-іч: Лхматовіч, Дзяфіровіч (ад Джафіра), Юсуповіч (ад Юсуф) і інш. Некаторыя дасталі прозьвішчы ад сваіх двароў: Крычынскі, Карыцкі.

Жаньбамі з Беларускамі спачатныя татарскія колёністыя зьмянілі свой антрополёгічны тып ды прынялі мову й культуру беларускую. Характарызуючы беларускіх мусульманаў, А.Мухлінскі кажа, што яны "ані непадобныя да мангольскіх плямёнаў"[11]. Гэтая падвойная-этнічная й этнографічная-асыміляцыя беларускіх мусульманаў дае нам права зваць іх Беларусамі. Вельмі борзда нашыя мусульмане забыліся сваю ранейшую мову, бо бяссумлеву жанкі Беларускі ня вучыліся "пататарску". Дзеля таго ужо наступнае пакаленьне гаманіла вылучна пабеларуску. Аўтар рэфэрату ў Царгорадзе 1557 г. кажа: "Цяпер малая колькасьць мусульманаў гамоне тамака паатаманску, пры тым адно таковыя, што ў бліжшай да нас пары перасяліліся ў той край". Умеючымі пататарску, мусіць, былі татарскія палоньнікі з 1510 г.

Аднак мусульмане ў Беларусі заўсёды былі званы Татарамі. Аўтар рэфэрату кажа: „Называюць нас у гэных краёх агульным іменем Татароў, хоць найвялікшая колькасьць нас, здаецца, паходзе не ад тых дзікуноў, што былі заўсёды ў мусульманаў у найвялікшым грэбаваньні, але баржджэй ад дабрароднага й ваяўнічага роду Сяльджукоў, продкаў Атаманаў. Не качуем такжа ў буданох ані не бадзяемся па сьцяпох, але што зробіш, у гэных краёх, калі хто мае веру іншую, як нявернікі, ужо дзеля таго завуць яго Татарынам".

З часам беларускія мусульмане замест ранейшых кнігаў арабскіх і, хіба, часткова, татарскіх дзеля сваіх рэлігійных патрэбаў пачалі перакладаць і пісаць свае кнігі пабеларуску Гэта была пара XVI й XVII в.в., калі беларускі язык быў царкоўнай (літургічнай) моваю ісламу ў Беларусі. Адылі ня вылучана, што ужо ў XV в. беларускія мусульмане мелі кнігі, пісаныя пабеларуску. Не пазьней як у XVII стаг. на беларускі язык быў перакладзены Коран[12]. Ужываючы беларускі язык у сваіх літургічных і наагул рэлігійных кнігах, мусульмане пісалі іх агульна прынятай у мусульманскім сьвеце арабскай абэцэдаю.

Рэзультаты упадку беларускае культуры адбіліся такжа на культурным жыцьці Беларусаў-мусульманаў. У канцы XVI в. пачынаецца полёнізацыя беларускае шляхты. З ёй разам полёнізуецца й яе мусульманская галіна. Уплыў польскае мовы ў беларускіх мусульманаў праяўляецца ужо ў XVII стаг., калі побач з рэлігійнымі кнігамі беларускімі зьяўляюцца кнігі, пісаныя папольску (так сама арабіцаю)[13]. У XVIII і XIX стаг. ў беларускіх мусульманаў існуюць побач кнігі беларускія й польскія. У XVIII стаг. беларуская мова пад націскам мовы польскае перастала быць царкоўнаю (літургічнаю) моваю ісламу ў Беларусі. Але й польская мова, хоць і выціснула мову беларускую, сама не магла прыняцца ў мэчыцях у Беларусі, бо просты вескі й мескі люд мусульманскі папольску не разумеў. У XVII і XVIII стаг. на'т ня было перакладу Корану на польскую мову, каторы пераклаў ажно ў 1857 г. Ян Тарах Бучацкі. Проці А. Мухлінскага і Ю. Талька-Грынцэвіча цьверджу, што ніколі польскі язык ня быў моваю мусульманскае царквы ў Беларусі. Гэтыя два дасьледавальнікі гісторыі беларускіх мусульманаў на'т не прабуюць менаванага свайго пагляду давесьці, прыймаюць аргіогі, бо былі пісаныя некаторыя малітвеныя кніжкі папольску. Але быцьцё польскіх малітвеных кніжкаў яшчэ не даводзе, што польская мова ужывалася ў мэчыцях публічна або усім людам мусульманскім. У стаг. XIX і XX ё рэлігійных кніжкаў мусульманскіх, папольску пісаных і друкаваных (лацініцаю), шматбалей, чымся ў стагодзьдзях папярэдніх, аднак ніхто на'т не прабаваў увесьці польскую мову ў публічна-рэлігійнае жыцьцё мусульманскае-у мэчыць. Калі-б жа польская мова ужывалася ў мэчыцях пад канец XVII або ў XVIII в., дык што яе адтуль выціснула-б? Гэта-ж ведама, што уплыў польшчыны ў Беларусі ад XVII ст. умацоваваўся. Падзел Польшчы толькі яго павялічыў, а дайшоў ён найбольшае сілы ў стаг. XIX. Польская мова ў рэлігійным жыцьці беларускіх мусульманаў была справаю чыста шляхоцкай. Пэўна тое, што па упадку беларускае культуры мусульманскія малітвеныя кнігі, пісаныя, а пазьней і друкаваныя, папольску, служылі дзеля прыватнага ужытку сполёнізаваных беларускіх паноў мусульманскае веры.

Аддаліўшы із свае царквы беларускі язык, мусульмане вярнуліся на колькі стагодзьдзяў назад да незразумелага арабскага языка. Не разумеюць яго на'т імамы (муллы, малны). Гэтае заданьне разумець пакідаюць яны Богу, каторы, як кажацца ў кнігах нашых мусульманаў, „усіх языкоў зналы".

Апрача дарагіх памяткаў калісь пануючае беларускае культуры, захаваных у нядаўна знойдзеных кнігах, захаваліся яшчэ ў мусульманаў дробныя знакі гэтае культуры ў беларускіх надпісах з выбітым паўмесяцам і сэнтэнцыямі з Корану на магільных камянёх па умерлых сяброх мусульманскае арыстократыі, прыкл. на могільніку ля мэчыці ў Даўбуцішках (Яшмянскі пав.). Пазьней замест надпісаў беларускіх ужываліся падобныя надпісы папольску. Просты народ на магільных камянёх надпісаў не рабіў.

Шмат важней, што беларуская культура адбілася у душах беларускіх мусульманаў, чаго довадам ё, прыкл., тое, што пахоўныя песьні іхнія, розьнячыся ад падобных песьняў Татароў казанскіх і крымскіх, сваёй мэлёдыяй вельмі блізкія да беларускіх народных песьняў[14].

Беларускія мусульмане карысталіся свабодаю рэлігійнай і поўнымі грамадзкімі правамі, мелі яны такжа гаспадарскі дабрабыт.

Калі настаў сход беларускае культурнае й палітычнае магутнасьці ды прыйшоў чужы уплыў і залежнасьць, палажэньне нашых мусульманаў памалу горшала. Асабліва былі абмежаныя правы мусульманаў за рэакцыйнае дзяржавы Жыгімонта IV (1587 - 1632).

У гэтую пару настала запраўднае перасьледаваньне беларускіх мусульманаў. У "Літоўскі Статут" 1588 г. унесьлі "Каб жадны мусульмане ня быў ураднікам". У 1615 г. забаронена ў мусульманскіх харугвах меці сваіх ротмістраў і харужых, каторыя мусілі быць абіраныя із шляхты іншае веры. Нягледзячы на тое, што галоўным заняткам большасьці мусульманаў была вайна, мусульманін мог даслужыцца толькі да паручніка улучна. У 1616 г. сойм забараняе магамэданам жаніцца з хрысьцянкамі пад страхам сьмерці абедзьвім старанам. Даглядаць выпаўненьня гэтага права даручана інквізыцыі[15]. Забаронена так сама ставіць новыя мэчыці і папраўляць старыя.

Пры гэтых ліхіх адносінах насяленьне мусульманскае меншала. У 1557 г. аўтар няведамага прозьвішча вышменаванага рэфэрату султану Сулейману падаваў колькасьць мусульманаў у цэлым Вялікім Княстве (г. зн. і з украінскімі землямі) на 200 000. Лічбу гэтую можна уважаць за шмат большую, чымся была запраўды. Аўтар ня меў статыстычных дадзеных, яму адно здавалася, што толькі будзе. Аднак, хіба, колькасьць была ладная. Тым часам каля 1618 г. было 10 000 мусульманаў у Беларусі, здольных на вайну. У 1631 г., паводле рэвізіі Кердзеевае, было усіх мусульманаў у Вял. Княстве 20-25 тысячаў мускога полу. У 1654 г. было на службе усяе Рэчы паспалітае адно 1383 мусульманскіх коньнікаў.

Вялікае няшчасьце стрэла мусульманаў у часе вайны із Швэцыяй 1656-1660 г. Расказуе аб гэтым Уладзіслаў Сыракомля на аснове знойдзеных ім дакумэнтаў мусульманскіх. У 1656 г., калі Швэды занялі Беларусь, шмат якія мусульмане із сваімі сэм'ямі уцяклі ў Польшчу. Калі далей Швэды занялі Польшчу, мусульмане варочаліся назад у Беларусь. У 1656 г. у чэцьвер перад Вялікаднем, калі яны ехалі із Замброва табарам з 300 вазоў із жанкамі, дзяцьмі й маемасьцяй, прагавітая польская шляхта кінулася іх рабаваць. Не памаглі на'т каралеўскія унівэрсалы: узброеных мусульманаў пабілі, безбаронныя уцяклі, табар зрабавалі, а жанок зьняважылі. Падобныя напады паўтараліся й на іншыя табары мусульманскія, прыкл. на табар, што йшоў пераз Ломжу ў кірунку на Гонёндзг[16].

Непапраўнай шкодаю было, што польская шляхта, рабуючы мусульманскую маёмасьць ля Бронска й Гонёндза, зьністожыла рэлігійныя кнігі іхнія[17].

Рэзультатам падобных нападаў было тое, што сёлы мусульманская асталіся без насяленьня.

У рэзультаце перасьледаваньня мусульманскае насяленьне змушана было высяляцца ў Крым і Турэччыну. З эмігравалых за Жыгімонта IV і пазьней утварыліся тры колёніі, каторыя дагэтуль розьняцца ад Туркаў тыпам і адзежаю. Адна із гэтых колёніяў ё ў Дабруджы на беразе Дуная, другая ў ваколіцах Брусы ў правінцыі Хелевенгар, трэйцяя ў Малой Азіі ля вусьця ракі Кызыль-Ірмак. У палавіне мінулага стагодзьдзя колькасьць насяленьня гэтых трох колёніяў перавышала 36 000 чал.[18]

У 1672 г. ў часе вайны з Турэччынаю часьць беларускіх мусульманаў перайшла на бок Туркаў. Гэтыя іх пасялілі ля Камэнца Падольскага. Пад іменем Ліпкаў яны нападалі на належачыя да Польшчы украінскія землі. Дзеля таго што, апрача супольнае веры, іх з Туркамі нічога ня лучыла, пайшлі яны на намовы Яна Сабескага і ў 1683 г. згадзіліся ваяваць проці Туркаў і Татароў.

Таксама ў ліхіх варунках былі беларускія мусульмане ў XVIII стаг. У другой палавіне гэтага стагодзьдзя ў Польшчы памалу пачынаюць разумець, што перасьледаваньне не вядзе да дабра. Дзеля таго йдуць такжа на уступкі і ў вадносінах да мусульманаў. У 1768 г.. дазволена беларускім мусульманам папраўляць і ставіць новыя мэчыці. Зроблены былі некаторыя палёгкі ў войску. Але даўнейшае права, забараняючае мусульманам займаць вышшыя урады, асталося ажно да падзелу Рэчыпаспалітае.

Па падзелу Польшчы Беларусь лучыла пад Расею. Расейскі урад у сваіх русыфікацыйных імкненьнях стараўся выкарыстаць рэлігійную розьніцу паміж Беларусамі. Стараючыся ў сваёй русыфікацыйнай палітыцы ў Беларусі знайсьці саюзьніка ў беларускіх мусульманах, Расейцы зраўнялі іх у правох з хрысьцянскім насяленьнем і далі прыступ да усіх урадаў і дастаенстваў. У 1831 г. расейскі урад загадаў прызнаваць усіх беларускіх мусульманаў шляхтаю (дваранмі). Значыцца, вера сталася довадам шляхоцтва. Мусульмане з гэтага карысталі, часта бывалі высокімі ураднікамі, але ў русыфікацыі Беларусі, апрача колькі адзінкаў, ураду не памагалі.

Паводле расейскага сьпісаньня насяленьня 1897 г. мусульманаў у гэтым годзе ў Беларусі было: у Менскай губ. 5364, у Віленскай 3789, Горадзенскай 2084. У населенай толькі часткава Беларусамі Ковенскай губ. запісана мусульманаў 1443.

Гэтай лічбаю абняты такжа расейскія жаўнеры мусульмане з казанскіх Татароў і інш. Проф. Сьц. Базарэўскі, сам мусульманін, уважае, што без чужнікоў у менаваных губэрнях было ў 1897 г. 10 680 мусульманаў[19].

Паводле тае-ж расейскае статыстыкі з 1897 г. ў Коўні былі 1004 мужчыны мусульманскае веры і адно 70 жанок. Коўня была крэпасьцяй. Дык трэба лічыць, што ў Коўні каля 900 мужчынаў мусульманскае веры былі чужнікі. Калі далей зьвернем увагу, што ў пав. Браслаўскім, г. зн. ў беларускай часьці Ковенскай губ., было звыш 200 мусульманаў (у вадных Відзах, дзе не стаяла войска, было 150), абачым, што лічба мусульманаў у Літве не перавышае 300. Значыцца, на этнографічнай Беларусі ў 1897 г. мусульманаў было каля 10 400 чал.

Із статыстыкі бачым, што цяперашняе расьсяленьне беларускіх мусульманаў адпавядае іх расьсяленьню ў XV-XVII стаг. З местаў найбалей мусульманаў жыло ў Менску (1323) і ў Вільні (482). У паветах найбалей у Троцкім (1243), Наваградзкім (942), Менскім (818) і Ашмянскім (788).

У часе вайны насталі некаторыя зьмены ў колькасьці мусульманаў у васобных мясцовасьцях. Паводле статыстыкі мусульманскае арганізацыі ў Вільні ("Культурны Зьвяз") на землях, абнятых цяперашнім Польскім Гаспадарствам, у 1931 г. было каля 6 000[20] мусульманаў; з гэтае лічбы колькі дзесяткоў жыве ў Варшаве, а усе іншыя ў Заходняй Беларусі.

Простыя мусульмане, як сяляне так і мяшчане, гамоняць пабеларуску, паны з народам пабеларуску, а з панамі і міжсобку папольску, часткава парасейску.

Як калісь, так і цяперака просты беларускі народ заве мусульманаў Татарамі, разумеючы пад гэтым назовам іх належнасьць да ісламу. І, так сама як калісь, мусульмане беларускія уважаюць гэты назоў за зьнявагу, заяўляючы, што яны мусульмане, але не Татары.

Беларускія мусульмане апрычоных звычаяў, абрадаў, убораў і пад. ня маюць і ува усім, апрача веры, ня розьняцца ад іншых Беларусаў. Апрача усяго іншага, нашыя мусульмане розьняцца ад сваіх аднавернікаў -Татароў казанскіх і крымскіх - яшчэ тым, што мусульмане - Беларусы здольныя да навукі; з пасярод іх выйшлі ведамыя наўчоныя, прыкл. тэорэтык коопэрацыі Туган-Бараноўскі.

Важнейшая літаратура аб беларускіх мусульманах.

  • Bartoszewicz J., Tatarzy polscy („Encykl. powsz.", т. XXV, Варшава. 1867).
  • Wójcicki К. Wł., Dokument Kierdeja o lustracji Tatarów z r. 1631 z metryki litewskiej ("Teka Wileńska", т. VI, 1858).
  • Гембіцкі Яхыя. Да пытаньня аб соцыяльна-экономічным стане Беларускіх Татар у сярэднявеччу. Беларуская Акадэмія Навук. Запіскі Аддзелу Гуманітарных Навук. Працы клясы гісторыі. Т. III. Менск. 1929.
  • Dziadulewicz St., Herbarz rodzin tatarskich w Polsce. Вільня. 1929.
  • Мухлінскі А., Zdanie sprawy o Tatarech litewskich ("Teka Wileńska". 1858, т. 4).
  • Мухлінскі А., Изследованіе o пройсхожденій и состояній Литовскихъ Татаръ. Пецярбург. 1857.
  • Rocznik Tatarski. Вільня. 1932.
  • Syrokomla Wł., Wycieczki po Litwie w promieniach od Wilna. Вільня, 1857.
  • Talko-Hryncewicz J., Muślimowie czyli tak zwani Tatarzy litewscy. Кракаў, 1924.
  • Янчукъ H., О литовскихъ Татарахъ ("Труды Антр. Отд.". Масква. 1897).

Крыніцы:

  • [1] На жаданьне Аўтара ў гэтай стацьці пакінены некаторыя асаблівасьці ягонага правапісу (поўнае "аканьне" у чужаземных словах-"літаратура", "характарны", ужываньне формы "прэдкі" замест продкі, "адзінанцаць" замест адзінаццаць), этымолёгічных форм („узядзены" замест узяты, „зналы“, "эміграваны“), слоўніку ("просьле" замест пасьля, "даймо" замест уражэньне, "падзеля" замест дзеля, "пярэднія" замест папярэднія) і стылю (стаўляньне азначэньня пасьля азначанага слова) і інш - Рэд.
  • [2] А. Мухлинскій: Изследованіе о происхожденіи и состояніи литовскихъ татаръ. С. Петербургъ. 1857, бал. 6.
  • [3] Lucae Wadingi Annales ordinis Minorum ab anno 1208 ad an. 1540 Lugdeni 1672, том 1-ы, бал. 459.
  • [4] Прыраўнуй у А.Мухлінскага: Zdanie sprawy... бал. 12 i 38.
  • [5] Ibid., бал. 39.
  • [6] Аб гэтым сьведчыць Халькондыляс Ляонікус у другой кнізе гісторыі Турэччыны.
  • [7] Michalonis Litvani: De moribus tartarorum, litvanorum et moscorum fragmenta decem (Архивъ истор. -юридич. сведеній, относящихся кь Россіи, изд. Н. Калачовымъ. Москва. 1854).
  • [8] Што гэтак было зэпраўды, відаць вось із гэтага. Гісторык Крыму Сэід Мугамэд Рыза кажа, што просьле гэтае вайны праціўнікі Мэнглі-Гірэевы ўцякалі ў кірунку Волгі й да суседніх краёў. А.Мухлінскі, Zdanie sprawy, бал. 32.
    З другога боку, падарожнік з беларускіх мусульманаў, што напісаў у 1557 г. султану Сулейману рэфэрат аб беларускіх мусульманах, кажа даслоўна гэтак: "Бацька мой знаў яшчэ старога, каторы прыехаў разам із іншымі, і казаў, што сем'і нашага роду, змораныя несупакойным жыцьцём, пакінулі свае сялібы і перасяліліся ў гэныя краі".
    Менаваны рэфэрат перакладзены А.Мухлінскім на польскую мову і разам із шмат якімі выясьненьнямі надрукаваны ў выдавецтве "Teka Wileńska", Вільня. 1858, т. 4-6. З яго тут шмат карыстаю.
  • [9] А.Мухлінскі, Zdanie sprawy... 77.
  • [10] А.Мухлінскі, Zdanie sprawy...
  • [11] Изследов. о происх. и сост. лит. татаръ. СПБ. 1857, бал. 48.
  • [12] Гл. ніжэй на бал. 122 аб пары паўстаньня беларуска-мусульманскіх рукапісаў, што ў бібліётэцы Пецярбурскага ўнівэрсытэту.
  • [13] А. Мухлінскі ў "Изсл. о происх. и сост. Лит. Татаръ". СПБ. 1857. прыводзе прыклады з польскік рукапісаў арабіцаю не ранейшых як з XVII стаг. Паводле тагачасных культурных адносінаў у Беларусі нельга спадзявацца ў беларускіх мусульманаў польскіх рукапісаў з ранейшае пары.
  • [14] Ю.Талька-Грынцэвіч, Muślimowie, 75.
  • [15] Vol. Leg., бал. 309-310.
  • [16] Сыракомля Ул., Wycieczki po Litwie. Том II, бал. 22-23.
  • [17] Ibid., бал. 23 й 25.
  • [18] А. Мухлінскі, Zdanie sprawy..., бал 47.
  • [19] Талька-Грынцэвіч, Muśllmowie, бал. 68. Сьц. Базарэўскі розьніцу ў 2000 людзёў у колькасьці мужчын і жанок у веку 20-29 г. адыймае ад усяе колькасьці і гэтак дастае лічбу 10 680.
  • [20] Rocznik Tatarski. Вільня. 1932, бал. 202.

Станкевіч Я. Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом. Вільня: Друкарня Я. Левіна, 1933. – 34 с. (Адбітка з Гадавіка Беларускага Навуковага Таварыства, кн. I.)

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.