Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом

Беларуская літаратура арабскім пісьмом.

Гісторыя.

З гісторыі беларускіх мусульманаў ведаем, што, пачынаючы прынамся з пачатку XVI стагодзьдзя, была ў Беларусаў ладная літаратура арабскім пісьмом (арабскімі літарамі). Красаваньне яе прыпадае на XVI ст., значыцца на час найвялікшага развою агульна-беларускае літаратуры. Можна думаць, што ўжо у XV стаг. была ў Беларусаў некаторая літаратура арабіцаю (арабскім пісьмом). Гэтага можна спадзявацца ня толькі падзеля высокае роўні беларускае культуры у XV стаг., але й дзеля таго, што ўжо ў XV стаг., асабліва ў другой яго палавіцы, мусульмане ў Беларусі былі ў вялікай колькасьці этнічна й этнографічна Беларусамі.

Дальшая доля беларускае літаратуры мусульманскае была аднолькавая з доляю агульна-беларускае літаратуры. У XVII стаг. развой яе прыпынены ўплывам польшчыны, а у стаг. XVIII, здаецца, і зусім задзержаны. Як, наагул кажучы, Беларусы хрысьцяне, так сама й мусульмане у XVIII стаг. не ствараюць новых літаратурных цэннасьцяў, але, перапісуючы ўперад напісаныя кнігі, жывуць культурным багацьцем, ствароным прэдкамі іхнімі ў пярэднія стагодзьдзі.

У XIX стаг. пачалося адраджэньне беларускае літаратуры, але літаратура царкоўная, як Беларусаў праваслаўных, так і каталікоў не адраджалася; наадварот, гэты век адзначыўся ў Беларусі найвялікшым упадкам культуры ў рэлігійным жыцьці. Дык няма дзіва, што ня было адраджэньня царкоўнае літаратуры й у жменькі Беларусаў-мусульманаў. Цікаўна, што імкненьне ў Беларусаў да нацыянальнага адраджэньня ў XIX стаг. праявілася й арабіцаю ў напісаньні ў 1836 г. турэцка-беларускага слоўніка[1]. А ў сваім царкоўным жыцьці беларускія мусульмане пераз усё XIX стаг. перапісуюць, як у XVIII стаг., свае даўнейшыя кнігі, напісаныя пабеларуску, часткава папольску.

Дык беларуская літаратура арабскім пісьмом, хоць і дайшла да нас у ладнай меры ў копіях пазьнейшых, але паўстала ў XVI-XVII стагодзьдзях, асабліва ў першым.

Захаваныя памяткі.

Каб палажэньне беларускага народу у XIX стаг. было балей меней нармальнае, каб у XIX стаг. была ў Беларусаў навука беларускае філёлёгіі, то бяссумлеву шмат памяткаў стара-беларускае літаратуры арабскім пісьмом было-б уратавана. Але гэтага ня было; наадварот, беларускі народ у XIX ст. быў паняволены й упалы, а чужая навука памагала чужому ўраду ўціскаць Беларусаў і аб захаваньні беларускага культурнага багацьця ня рупілася. Дык хоць яшчэ ў 1858 г. Я. Мухлінскі пісаў, што тады ў мэчыцях у Беларусі было шмат беларускіх рукапісаў мусульманскіх[2], але ніхто ў той час іх ня зьбіраў. Пад канец XIX стаг., здаецца, аб іх чыста забыліся. З гэтае прычыны яшчэ ў XIX стаг. шмат беларускіх кнігаў арабіцаю загінула. Паміж іншым згінуў цікаўны містычны твор "Хікмэт" (духоўнае размышленьне), з каторага А. Мухлінскі ў 1857 г. прывёў гэт'кі адрывак: "Гэй нядужы адамскі чалавек! Дстатні час прыйдзе, ніхто табе ня дасьць помачы, як тылька Бог. Як там крычаць будзеш, ніхто тваго голасу не пачуе, тылька Бог".

"Калі-б хацеў уцякаць, ніхто табе дарогі ня ўкажа, да суднагэ дня ніхто а цябе не папытае, тылька Бог. Мешканьне яко маеш мець, ніхто не абачыць, тылька Бог. Піць-есьць есьлі хочаш, ніхто ня дасьць, тылька Бог"[3].

Адно калі ў XX стаг. паўстаў беларускі рух, зьявілася беларуская інтэлігенцыя і беларуская навука, былі знойдзены старыя, забытыя, але дарагія кнігі беларускае літаратуры арабскім пісьмом.

Наўперад быў знайдзены "Аль-Кітаб" Беларускага музэю Івана Луцкевіча ў Вільні. Знайшоў яго 1915 г. ў Сорак Татарах пад Вільняй беларускі дзяяч, археолёг Іван Луцкевіч (1881-1919 г.), закладчык Беларускага Музэю ў Вільні. Знойдзеную кнігу Ів. Луцкевіч аддаў у менаваны Беларускі музэй у Вільні, названы пазьней яго іменем.

"Аль-Кітаб" або проста „Кітаб“ паарабску значыць „кніга". У беларускіх мусульманаў гэтак завуцца кнігі рэлігійныя, у каторых зьмешчаны выясьненьні малітваў, абрадаў, пастоў, апавяданьні з жыцьця Магамэда й прарокаў, рэлігійныя лягенды і на'т напару проста ўсходнія казкі.

Калі беларуская прэса разьнесла весьць аб гэтым "Аль-Кітабе", то беларускай літаратураю арабіцаю зацікавіўся наўчоны сьвет. Тады проф. пецярбурскага ўнівэрсытэту Крачкоўскі (Беларус) знайшоў (1920-21 г.) у бібліётэцы гэтага ўнівэрсытэту 4 кнігі, пісаныя пабеларуску арабіцаю: 2 зборнікі малітваў і 2 пераклады Корану. Запісаны яны былі ў каталёзе, як польскія, бо ўкладчык каталёгу, барон Розэн, ня знаў ані беларускага, ані польскага языкоў[4]. Рукапісы бібліётэкі пецярбурскага ў-ту паходзяць з XVII стаг.

У 1925 г. ў бібліётэцы духоўнае сэмінарыі ў Пскове знайшлі колькі арабскіх рукапісаў. Паводле дагэтулешніх ведамасьцяў, гэныя рукапісы маюць прыпіскі словаў у беларускім языцэ, аднак ня вылучана, што пры бліжшым разглядзе акажуцца ў іх цэлыя часьці беларускія.

У 1926-27 г. ў Радавай Беларусі знайшоў адзін "Кітаб" беларускі Віталь Вольскі. Ён-жа яго й транскрыбаваў. Адна повесьць із гэтае кнігі ў кірылічнай транскрыпцыі была надрукавана ў часапісе "Узвышша" № 4 з 1927 г., бал. 135-146. „Аль-Кітаб" В. Вольскага (так будзем яго зваць) пэўне ё копіяй з XVIII стаг. Пры перапісаваньні копіяў (пэўне копія рабілася не адзін раз) беларуская мова повесьці, надрукаванай у "Узвышшы", з выняткам аднаго адрыўка, была вельмі сполёнізавана.

Аб Аль-Кітабе мэчыці ў Крушынянах, Горадзенскага павету, напісаным у 1792 г. ў Сандыкаўшчыне Юсупам Эляшэвічам, паведаміў Якуб Шынкевіч у "Roczniku Tatarskim" 1932 г. Там-жа ў лацінскай транскрыпцыі пададзена колькі артыкулаў з менаванага кітабу.

Напасьледак, ладне беларускіх рукапісаў арабіцаю, хоць пазьнейшых копіяў, сабрана ў Муфтыяце ў Вільні. Тутака ё гэт'кія рукапісы[5]:

  • 5 Аль-Кітабаў (з 1771 г., 1836 г., 1837 г., 1885 г., адзін бяз даты);
  • 1 кніга аб тым, як трэба чытаць Коран;
  • 1 рукапіс (копія з 1890 г.) пераклад Корану;
  • 6 зборнікаў малітваў (з 1803 г.. з перад 1805 г., 1890 г. і тры без паказаньня часу напісаньня).
  • 1 Слоўнік турэцка-беларускі (з 1836 г.).

Мова.

Захаваныя памяткі беларускае літаратуры арабскім пісьмом маюць вялікае значэньне дзеля іх беларускага языка. Як ведама, стара-беларуская літаратура, пісаная й друкаваная кірыліцаю, мае правапіс чужы - царкоўна-славянскі (стара-баўгарскі). Чужы правапіс не перашкаджаў поўнаму адбіцьцю ў менаванай літаратуры слоўніку й хормаў беларускага языка. Накшая рэч была з фонэтыкаю (гукамі). Праўда, нягледзячы на чужы правапіс, па стара-беларускай літаратуры можна дасьледаваць блізу што ўсе фонэтычныя зьявы беларускага языка, але гэтыя зьявы праяўляюцца часта ў ёй не як штось звычайнае, а, наадварот, як абмылы або водхіны ад прынятага правіла правапіснага, водхіны тым большыя, чым пішучы быў меней асьвячоны ці-начай кажучы-меней навытыраны ў традыцыйным правапісе. Дзеля таго неадумыслоўцу, нефілёлёгу беларуская мова ў старой нашай літаратуры на першы пагляд здаецца як-бы чужою, бо апранена яна ў чужую вопратку-царкоўна-славянскі правапіс.

Зусім ня тое знаходзім у беларускай літаратуры арабіцаю. Пісьменьнікі з беларускіх мусульманаў ня былі зьвязаныя царкоўна-славянскаю традыцыяю ў правапісе, нават ня зналі царкоўна-славянскае мовы, а традыцыі арабскае не маглі перадаць правапісу беларускае мовы з прычыны вялікае розьніцы паміж беларускай і арабскай мовамі. З гэтае прычыны пісьменьнікі арабіцаю прыгарнавалі апошнюю да гукаў беларускіх, прыдумаўшы ў ёй апрычоныя значкі на гукі дз і ц ды пісалі так, як вымаўлялі. Дзеля таго ў літаратуры беларускіх мусульманаў адбіліся наагул усе асаблівасьці беларускае фонэтыкі. Маем у кнігах арабіцаю сыстэматычна аканьне, дзеканьне, цеканьне, пераход л у ў (быў, воўк), пераход в у ў (галоўка), пераход у ў ў (наўчоны) і шмат іншых. Менаваныя й іншыя асаблівасьці беларускага языка адбіліся так сыстэматычна й багата ў мусульманскіх кнігах, што цяпер звычайны чытар стара-беларускіх тэкстаў арабіцаю мае даймо (уражаньне) сучаснае беларускае мовы, хоць запраўды мова іх ладне розьніцца ад мовы цяперашняе.

Ё яшчэ адна важная асаблівасьць мовы стара-беларускае літгратуры арабіцаю. Урадовай моваю Беларускага Гаспадарства, званага Вялікім Княствам Літоўскім, была старабеларуская мова літаратурная. Гэта-ж мова ўжывалася й у тагачаснай беларускай літаратуры. Як у кожнай мове літаратурнай і ў ёй асаблівасьці мясцовыя дыялектычныя ў ладнай меры былі сьцертыя. З гэтае прычыны даваць гісторыю беларускіх дыялектаў даволі трудна па стара-беларускай літаратуры (кірылічнай).

Тымчасам беларуская літаратура арабіцаю напісана мясцовай моваю народнай. Гэта яе недасканальнасьць у прыраўнаньні да агульна беларускае літаратуры, але затое гэта самае дае цяпер нам магчымасьць добра студыяваць па ёй гісторыю беларускіх дыялектаў і тым ляпей пазнаваць усё багацьце беларускага языка.

З вышменаваных прычынаў памяткі беларускае літаратуры арабіцаю вельмі важныя дзеля беларускага языка й яго гісторыі.

Зьмест.

Агульны зьмест беларускае літаратуры арабскім пісьмом быў ужо відаць вышэй пры пералічэньні захаваных кнігаў гэтае літаратуры. Літаратурнае значэньне маюць пераклады Корану, рэлігійныя лягенды і іншыя апавяданьні. Гэтта задзержымся на творах балей меней дасьледаваных кнігаў.

Апавяданьне аб ненаўчоным багамолцу. Напісана яно ў Крушынянскім аль-кітабе, з каторага надрукавана ў "Roczniku Tatarskim" 1932. Ненаўчоны багамолца йшоў у мэчыць. Падарозе была карчма. Калі ён зайшоўся ў карчму, карчмарка замкнула за ім дзьверы і сказала, што выпусьце яго адно тады, калі ён або адзін кухаль гарэлкі вып'е, або з ёю "волю ўчыніць", або дзяцё заб'е. Багамолца падумаў, што найменшы грэх будзе выпіць кухаль гарэлкі. Яле як выпіў адзін кухаль, другога сам захацеў, упіўся, з карчмаркаю "волю ўчыніў" _ дзяцё забіў. Адгэтуль падвойная навука: трэба вучыцца й ня піць гарэлкі, бо "карчма шайтанскі дом нячысты, усім грахом галава".

Лягенда аб бедным маладзёну, што стаўся султаном. З "Кітабу" В. Вольскага ведаем толькі гэтую лягенду аб набожным мусульманіну. Быў бедны, але добры й набожны дзяцюк мусульманін. Затое просьле ўсіх бедаў Бог яму памог, і ён стаўся гаспадаром - султаном.

Дачуўся ён, што "спадарычна"[6] султанова дачка выбірае сабе мужа. Выйдзе яна за таго замуж, хто адгадае ўсе загадкі ейныя, а яна ягоных не адгадае. Затое тыя, што загадкаў ейных не патраплялі адгадаць, былі караны сьмерцяй. Бедны дзяцюк, спадзяючыся Божае помачы, пастанавіў папрабаваць шчасьця. Яле ён быў чысты галеча. Дык на зычэньне бацькоў прадаў іх. За грошы, дастаныя за бацьку, купіў каня, а за тыя грошы, што дастаў за матку, купіў кажух, сеў конна і паехаў у сваты. Пад'яжджаючы да султановага замку, ён абачыў на тыне шмат галоваў. Гэта былі галавы кандыдатаў за мужа султанішцы, каторыя не адгадалі ейных загадкаў. Аднак набожны дзяцюк не спалохаўся й сьмела пасватаўся да султанянкі. І запраўды Бог яму памог: ён адгадаў усе загадкі. Із свайго боку дзяцюк загадаў гэт'кую загадку: у матку апрануўся, на бацьку прыехаў. "Спадарычна" султанішка не змагла адгадаць гэтае загадкі і мусіла выйсьці за яго замуж. Ажаніўшыся із султанішкай, добры Мусульманін адкупіў сваіх бацькоў. А па сьмерці цьсьця-султана ўсё гаспадарства ягонае дастаў гэты калісь бедны й няведамы дзяцюк.

Прыклад з разгледжанае лягенды (дзяцюк адгадуе загадкі султанішчыны):

Заяц, так-жа адна жонка была свавольная, так як ты дзеўка. Бяз мужняга пазваленьня хадзіла, гдзе сама хацела; тады Пан Бог зайцам абярнуў. Мыш такжа адна жонка была, тая жонка барзда ліхая была, сварлівая, ніколі няўмоўчала і тады Пан Бог мышай абярнуў. Пес такжа чловек быў і з умарлых людзей саваны, адзежу зьдзіраў, без пакаяньня ўмер; тады Пан Бог псом абярнуў. Чырвоны матыль такжа жонка была. Тая жонка харашо адзявалася для чужых мужоў, а свайго ня любіла; за то Пан Бог чырвоным матылём абярнуў. Сьвярчок такжа едын муж быў крыўднік людзкі: ілгаў і крадаў; тады Пан Бог казёлкаю благою абярнуў. Сыч, такжа адзін гаспадар быў, мордэрства чыневаў над людзьмі; за то яго Пан Бог сычом абярнуў.

("Узвышша" № 4 з 1927 г., бал. 143").

З дасьледаваных дагэтуль беларускіх кнігаў арабскім пісьмом найцікаўшы "Аль-Кітаб" Беларускага Музэю Івана Луцкевіча ў Вільні. Напісаны ён быў у XVI в. ў віленска-ашмянскай мове. Транскрыбавала яго ў 1924 г. ў Празе арабістка др. Марыя Тауэр, а лягенду "Мэрадж" друкаваную ніжэй, транскрыбаваў З.С.Кадэрмэт. Абое транскрыбавалі пры ўчасьці маім. У разгляданым "Аль - Кітабе", апрача выясьненьня малітваў, абрадаў і пастоў ё пяць лягендаў. Іх мы й разгледзім.

Мэрадж {узьнясеньне). Найвялікшай ё лягенда аб узьнясеньні Магамэдавым на нябёсы, званая паарабску „Мэрадж". Гэта найхарошшая лягенда ў цэлай кнізе. Пачынаецца яна ўступам на хвалу Бога. Далей "Аббасаў сын" расказуе, што яму перадаў сам Магамэд, г. зн. аб узьнясеньні Магамэдавым на нябёсы і падарожжы там па ўсіх нябёсах і раі. Дзеля таго што апавядальнік кажа словамі Магамэдавымі, мы заўсёды маем даймо, бы ён сам нам расказаваў.

Па вячэрняй малітве Магамэд пайшоў у горы. Было цёмна, ішоў дождж і веяў вецер. Магамэду здалося, што настаў судны дзень. Ён думаў аб зямлі й нябёсах і дзіваваўся з магутнасьці Божае, каторы ўсё гэта стварыў. Раптам яму захацелася спаць. Прачхнуўшыся абачыў ён перад сабой 4-х ангелаў. Увесь сьвет быў напоўнены сьветласьцяй.

Наўперад падыйшоў да яго ангел Гаўрыіл, прывітаў яго і на пытаньне Магамэдава адказаў, што ў гэтую ноч споўніцца тое, што абяцаў Бог Магамэду. Дастаўшы надзвычайнага каня, Магамэд паехаў разам з ангеламі. Калі прыехаў да Сынай гары, там абачыў Майсея. Бачыў такжа тамака прароцкія душы. Яны яго прывіталі.

Гэтак прыехаў Магамэд на першае неба. Бачыў там мноства розных ангелаў. Яны абсыпалі яго сьветласьцяй. Адзін ангел быў із сьнегу й агню. Пяючы ён маліўся за спасеньне прарока.

Як-га Магамэд апынуўся на другім небе. Там было ангелаў надзвычайнае мноства. Калі-б дзе мусульманская вера была ў небясьпечнасьці, дык яны пойдуць і ўсё зьністожаць. На чацьвертым небе бачыў Магамэд Хрыста й Ільлю.

Гэтак ішоў Магамэд да Бога. Напасьледак дайшоў да Божага пасаду. Але мог глядзець на Бога адно "душнымі вачыма", бо людзкія вочы ня могуць Бога відзець. Бог абяцаў Магамэду ўсё даць, чаго ён толькі будзе прасіць. Магамэд прасіў адпусьціць грахі яго вернікам. З вялікім націскам Бог абяцаў спасеньне тым, што належаць да царквы Магамэдавае.

Пабожаму загаду адчыніліся перад Магамэдам райскія вароты, і ён увайшоў у рай. Пераходзе тамака з пакою ў пакой. Драбязна расказуе, што там бачыў. У пакоях сядзяць райскія паненкі. З вялікай любатой прарок апісуе іх хараство. Ня могуць быць месяц ані сонца так ясны, як іх твары ясныя й харошыя. У раі ё апрычоныя палацы прарокам, мніхам і звычайным мусульманам.

Вярнуўшыся на чацьвертае неба, бачыў Магамэд дзіўную дошку й дзерава, вялікае на ўвесь сьвет. Ля дошкі стаяў ангел сьмерці Азраіл. Калі Бог створа чалавека, дык на тэй дошцы будзе напісана яго імя. З нараджэньнем дзіцяці на дзераве зьявіцца лісток, каторы расьце разам з дзіцём. Калі чалавек памрэ, лісток зваліцца ў рукі Азраілавы.

Бачыў Магамэд такжа пякельнага вайводу, седзячага на ўслоне з агню ля пекельнае брамы. У пекле мучыліся розныя грэшнікі.

На сёмым небе абачыўся Магамэд з патрыярхам Абрагамам, каторы папытаўся ў Магамэда, як ён маецца. Быў тамака дзіўны ангел, маючы 70 тысячаў галоваў.

Стыль лягенды ўрачысты, адпавядаючы зьместу.

Крыніцы:

  • [1] Глянь ніжэй на бал. 123 пры пералічэньні захаваных памяткаў беларускае літаратуры арабіцаю.
  • [2] Zdanie sprawy..., бал 35.
  • [3] Изследованіе о пройсхожденій и состояній Лит. Татаръ. Бал. 66-68. Тэкст гэтта перададзены паводле цяперашняга правапісу.
  • [4] Яўхім Карскі, Белорусы. III-2, бал. 239.
  • [5] Rocznik Tatarski. Вільня. 1932, бал. 314.
  • [6] паненке, панна.

Станкевіч Я. Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом. Вільня: Друкарня Я. Левіна, 1933. – 34 с. (Адбітка з Гадавіка Беларускага Навуковага Таварыства, кн. I.)

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.