Беларуская мова

Беларуская мова, мова беларускага народа, пераважнага ў Вялікім княстве Літоўскім славянскага этнасу. Разам з рускай (маскоўскай) і ўкраінскай належыць да групы ўсходне-славянскіх моў індаеўрапейскай сям'і. Першапачаткова называлася "рускай", "літоўскай", "простай" [у адрозненне ад "словенскай" (царкоўнаславянскай) і "маскоўскай" (цяпер - рускай)], хаця тапонім Белая Русь у дачыненні да беларускіх зямель вядомы з сярэдзіны XVI ст. Сярод айчынных мовазнаўцаў для яе ппрынята назва "старабеларуская". Паводле прынятай у Расійскай імперыі афіцыйнай канцэпцыі, паходзіць з адзінай старажытна-рускай прамовы, які самі яе носьбіты разам з рускімі і ўкраінцамі - з адзінага старажытна-рускага этнасу. Аднак некаторыя даследчыкі (С.Смаль-Стоцкі, Р.Піўтарак, В.Грыцкевіч і інш.) прытрымліваюцца думкі аб самастойнасці паходжанні кожнай з усходне-славянскіх моў з агульнаславянскай прамовы. На карысць гэтага адлюстраванне фанетычных, граматычных і лексічных рыс беларускага жывога маўлення ўжо фактычна ў першых арыгінальных тэкстах, створаных на беларускай тэрыторыі - граматах смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгай і Гоцкім берагам 1229 г., полацкага епіскапа Якава 1300 г., вялікай княгіні Ульяны царкве ў Азярышчах 1377 г. і інш. Некаторымі асаблівасцям абавязана балцкаму моўнаму субстрату (пазіцыйная мяккасць зычных, ётацыя пры збегу галосных, клічны склон, ступені параўнання прыметнікаў і прыслоўяў з прыназоўнікам "за", асобая форма загаднага ладу для выражэння сумеснасці, дробавыя лічэбнікі тыпу "паўтраця", структурна-семантычная блізкасць некаторых займеннікаў, прыслоўяў і прыназоўнікаў, агульная валентнасць паасобных дзеясловаў і інш.).

На мову пераважнага славянскага этнасу разам з прыняццем праваслаўя перайшлі стваральнікі ВКЛ вялікія князі літоўскія. Пісьмо - кірылічнае з паслядоўна змяняючымі адзін аднаго тыпамі пісьма -уставам, паўуставам, скорапісам, для ўпрыгажэння загалоўкаў ужывалася таксама вязь. У беларускім пісьме ў гукавым значэнні ўжо не было шэрагу архаічных літар накшталт ьь, ж, HR, g, 4". v. Для запісу беларускіх тэкстаў часам выкарыстоўвалася і лацінка. Вельмі рана пранікла ў некананічную рэлігійную літаратуру (Чэцця 1489 г., "Страсці Хрыстовы", "Аповесць пра трох каралёў", "Жыціе Аляксея, чалавека Божага". На хвалі Рэфармацыі з ініцыятывай увядзення беларускай мовы ў сферу кананічнай літаратуры выступіў Ф.Скарына, які выдаў "Бивлию руску" на беларускай рэдакцыі царкоўна-славянскай мовы. Яго паслядоўнікі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі выканалі задачу рэфармацыйнага руху. Яны пераклалі кананічныя тэксты на беларускую мову, што азначала пераход ад сітуацыі дыгласіі [з функцыянальным размеркаваннем паміж кніжнай (царкоўна-славянскай) і някніжнай (беларускай) мовамі] да сітуацыі царкоўнаславянска-беларускага двухмоўя (з паралелізмам функцый). У пачатку 16 ст. на хвалі Рэнесансу пад уплывам пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў афіцыйным ужытку рос яе аўтарытэт, у выніку чаго на яе пачалі перакладаць свае рэлігійныя кнігі этнічныя меншасці ВКЛ - яўрэі і татары (апошнія захавалі пры гэтым арабское пісьмо).

У XVI ст. ўжо склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы. Як сведчанне стылявога багацця беларускай мовы развіліся 3 разнавіднасці пісьменнасці - рэлігійная, свецка-мастацкая і дзелавая. У граматыцы адбыўся пераход ад сістэмы скланення па асновах да скланення па родах. У фарміраванні слоўніка значную ролю адыгралі запазычанні з польскай, лацінскай, нямецкай, літоўскай і цюркскіх моў. Услед за перакладам Цяпінскім Евангелля ў 16 - пачатку XVII ст. на беларускую мову былі перакладзены Біблія, Псалтыр (неаднаразова). Найбольшы аб'ём тэкстаў на беларускай мове складаюць дзелавыя (Статуты ВКЛ 1529 г., 1566 г., 1588 г., "Трыбунал", Метрыка ВКЛ і інш.), у якіх беларуская мова дасягнула асабліва высокай ступені ўнармаванасці і апрацоўкі. Ва ўмовах адсутнасці граматык і слоўнікаў іх ролю выконвалі ўзоры пісьмовых тэкстаў. Беларуская мова як афіцыйная (акрамя справаводства) ужывалася пры дыпламатычных зносінах, асабліва з Вялікім княствам Маскоўскім. Пасля Скарыны на беларускай мове шырока выдаваліся друкаваныя кнігі ["Казанне святога Кірыла..." С.Зізанія (Вільня, 1596), "Два казанні..." Л.Карповіча (Еўе, 1615), "Евангелле вучыцельнае" (Еўе, 1616), "Кінавіён" (Еўе, 1618), "Казанне... на чэснае пахаванне...Лявонція Карповіча" М.Сматрыцкага (Вільня, 1620), "Паўустаў, або Трэбнік" (Вільня, 1622), "Бяседы Макарыя" (Вільня, 1627), "Гісторыя пра Варлаама і Іасафа", "Дзідаскалія" С.Косава (абедзве Куцеін, 1637)]. На беларускай мове ствараліся арыгінальныя свецка-мастацкія творы (летапісы, мемуары, паэтычныя творы - Баркулабаўскі летапіс, мемуары Ф.Еўлашоўскага, вершы Скарыны, Буднага, А.Рымшы, С.Рысінскага і інш., перакладалася свецка-мастацкая літаратура-легендарныя аповесці пра Аляксандра Македонскага, Трыстана і Ізольду, Баву. У асобных пісьмовых тэкстах выразна адлюстраваліся асаблівасці тагачасных народных гаворак беларускай мовы, на яе аснове ўзнік шэраг сацыяльных дыялектаў (адверніцкая гаворка, катрушніцкі лемезень, парушніцкі лемез, мова лабараў і інш.). Створанае для рэлігійных тэкстаў кірылічнае пісьмо, якое атаясамлівалася з фіксуемымі ім хрысціянскімі догматамі, і таму было, як і самі гэтыя догматы, недатыкальным, не дазваляла на ўзроўні нормы адлюстраваць некаторыя важнейшыя рысы жывога маўлення ["дзеканне-цеканне", "аканне-яканне", пераход "л" у "в" ("ў"), падаўжэнне зычных, пераход "е" ў "о", прыстаўныя "в" і "г"]. Гэта дае падставу па-імперску і па-дзяржаўніцку настроеным вучоным і публіцыстам суседніх краін адмаўляць беларускую мову ў самастойнасці. Аднак за агульнай пісьмовай абалонкай агульнаўсходнеславянскіх слоў хавалася рознае іх вымаўленне рознымі ўсходне-славянскімі народамі.

Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага
Статут Трыбунала Вялікага княства Літоўскага на беларускай мове. Тытульны ліст. Вільня, 1586 г.

Пасля Люблінскай уніі 1569 г. беларуска-літоўская шляхта, якая імкнулася ўраўнавацца ў федэратыўнай дзяржаве ў правах з польскай, усё больш паланізавалася. З мэтай абароны беларускай мовы ў Статуты 1566 і 1588 гг. былі ўключаны адпаведныя артыкулы. У гэты час побач з беларускай мовай усё часцей у розных сферах ужываліся таксама польская і лацінская мовы, пакуль соймавай пастановай "Ураўнаванне правоў" 1697 г. яна была заменена ў афіцыйным ужытку польскай мовай. Апошняя друкаваная кніга на старабеларускай мове "Збор выпадкаў кароткі" выйшла ў Супраслі ў 1722 г. Пасля гэтага пачаўся заняпад старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы, што азначала перарыў пісьмовай традыцыі. Новая беларуская літаратурная мова ўзнікла пасля працяглага перапынку ўжо цалкам на народнай аснове ў выглядзе рэплік персанажаў з народа ў школьных інтэрмедыях у 2-й палове XVIII стагоддзя.

Літаратура:

  • Карский Е.Ф. К истории звуков и форм белорусской речи. Варшава, 1893;
  • Филин Ф.П.Образование языка восточных славян. М.; Л., 1962;
  • Яго ж: Происхождение русского, украинского и белорусского языков. Л., 1972; Жураўскі A.I. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;
  • Антонович А.К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом. Вильнюс, 1968; Булыка А.М.Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970;
  • Яго ж: Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV- XVIII стст. Мн., 1980;
  • Пстарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 1-22. Мн., 1982- 2002;
  • Янкоўскі Ф. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1983;
  • Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1984;
  • Мова беларускай пісьменнасці XVI-XVIII стст. Мн., 1988;
  • Булыка А.М., Жураўскі A.I., Свяжынскi У.М. Мова выданняў Францыска Скарыны. Мн., 1990;
  • Саверчанка І.В.Старажытная паэзія Беларусі, XVI- першая палова XVII ст. Мн., 1992;
  • Свяжынскі У. Праблема ідэнтыфікацыі афіцыйнай мовы Вялікага княства Літоўскага // METRICIANA. Мн., 2001. Т. 1.

Вялікае княства Літоўскае : Энцыклапедыя. У 2 т. Т.1 - 2-е выд. - Мінск : БелЭн, 2007. - 688 с.: іл.

Каментары чытачоў
Алесь напiсаў(ла) 14.04.2014 11:16
З легендаў i казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,
З сузор'яў i сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, i з радасцi, i з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святынi народа, бяссмерця яго, –
Ты выткана, дзiўная родная мова.
Нерынга напiсаў(ла) 12.01.2016 00:23
Аўтар сцвярджае пра тое, што тапонім Белая Русь у дачыненні да нашых зямель з'явіўся ў сярэдзіне XVI стагоддзя. Але потрэбна больш дасканала выучаць замежныя крыніцы: у вершы аўстрыйскага паэта Петэра Зухенвірта, прысвечанага памяці рыцара, загінуўшага ў 1360 годзе, сустракаецца выраз Weizzen-Reuzzen (Белая Русь). 

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.