Беларуская мова і літаратура. Вучэбная праграма для пачатковай школы. 3 клас.

Беларуская літаратура 3 клас.

(35гадзін).

Тэматыка чытання.

З крыніц народных... (12 гадзін).
Мой родны кут! Як ты мне мілы... (14 гадзін).
З усмешкай і ўсур'ёз (9 гадзін).

Фарміраванне навыку чытання.

Развіццё правільнага і асэнсаванага чытання ўголас цэлымі словамі (дазваляецца чытанне па складах цяжкіх для разумення і шматскладовых слоў).

Асваенне спосабу чытання сам сабе.

Развіццё ўмення вызначаць мэту выразнага чытання з дапамогай настаўніка (што трэба перадаць слухачам пры чытанні) з апорай на ўменні, атрыманыя на ўроках па прадмеце "Литературное чтение".

Прымяненне сродкаў выразнасці пры чытанні: выбіраць тон у адпаведнасці з эмацыянальным станам дзеючай асобы, выдзяляць з дапамогай лагічнага націску важныя ў сэнсавых адносінах словы.

Ажыццяўленне сама- і ўзаемакантролю правільнасці і выразнасці чытання ўголас.

Фарміраванне ўменняў працы з літаратурным творам.

Пры вывучэнні новых твораў працягваецца асваенне і выкарыстанне ўменняў працы з літаратурным творам пад кіраўніцтвам настаўніка:

  • прагназаваць змест твора па ілюстрацыях, загалоўку, апорных словах;
  • вылучаць незразумелыя словы і выразы, высвятляць іх значэнне праз кантэкст, пераклад;
  • устанаўліваць значэнне слоў, падобных па гучанні да слоў рускай мовы;
  • выяўляць сэнсавыя сувязі паміж падзеямі (паслядоўныя, часавыя, прасторавыя, прычынныя);
  • вызначаць дзеючых асоб, называць галоўнага героя, суадносіць дзеючую асобу і ўчынак;
  • назіраць за эмацыянальным станам героя, вылучаць з тэксту словы, якія перадаюць пачуцці, настрой героя;
  • характарызаваць героя мастацкага твора па яго ўчынку, паводзінах, перажываннях;
  • знаходзіць апісанне дзеючай асобы, карцін прыроды з дапамогай выбарачнага чытання;
  • узнаўляць мастацкія вобразы (слоўнае маляванне дзеючай асобы, карцін прыроды);
  • вызначаць тэму і галоўную думку твора з дапамогай настаўніка,
  • ацэньваць адпаведнасць загалоўка тэме і галоўнай думцы твора;
  • назіраць за адносінамі аўтара да героя, яго ўчынку;
  • выказваць уласныя адносіны да дзеючых. асоб, іх учынкаў, зместу твора;
  • назіраць за формай апавядання (хто распавядае: аўтар ці герой?);
  • дзяліць твор на часткі, складаць план невялікага апавядальнага твора;
  • назіраць за будовай верша (вершаваны радок, рытм і рыфма, вобразная мова), знаходзіць у. вершы рыфму;
  • вызначаць агульны эмацыянальны настрой паэтычнага твора;
  • назіраць за выразнымі словамі, якія ствараюць вобразы ў мастацкім творы, вылучаць іх з тэксту, тлумачыць значэнне, выяўляць іх вобразную функцыю шляхам слоўнага малявання;
  • назіраць за эмацыянальна-ацэначнымі словамі, вылучаць іх са сказаў, вызначаць сэнсавую ролю.

Мастацка-маўленчая дзейнасць.

Адказ і пастаноўка пытанняў па змесце пачутага (прачытанага) твора з дапамогай настаўніка.

Выбарачнае чытанне, чытанне па ролях, інсцэніраванне, слоўнае маляванне дзеючай асобы, карціны прыроды.

Падрабязны пераказ невялікага апавядальнага тэксту ці яго часткі па калектыўна складзеным плане.

Творчы пераказ тэксту з дапамогай настаўніка.

Складанне тэксту (у тым ліку вядзенне дыялога) па серыі малюнкаў, апорных словах з дапамогай настаўніка.

Пашырэнне ведаў маўленчага этыкету.

Ацэнка пачутага маўлення (захаванне арфаэпічных і лексічных нормаў).

Фарміраванне ведаў аб літаратуры як мастацтве слова.

Вызначэнне асаблівасцей верша на аснове ведаў, атрыманых на ўроках па прадмеце "Литературное чтение".

Практычнае засваенне ў працэсе працы над творам значэння слоў тэма, герой (персанаж), учынак, характарыстыка героя, развіццё падзей, месца дзеяння, аўтар; эпізод (урывак), змест рэальны і чарадзейны.

Практычнае знаёмства з народнымі легендамі.

Пазакласнае чытанне.

Тэматыка чытання суадносіцца з тэматыкай урокаў літаратурнага чытання і можа пашырацца: пра Радзіму, яе герояў; пра дзяцей; пра навакольны свет, прыгоды і чараўніцтва; пра пісьменнікаў, дзеячаў навукі і мастацтва.

Фарміраванне ўменняў працы з дзіцячай кнігай. Успрыманне (слуханне і чытанне), разглядванне кніг беларускіх дзіцячых пісьменнікаў.

Знаёмства з элементамі кнігі: вокладка, пераплёт, тытульны ліст.

Усведамленне інфармацыйных рэсурсаў кнігі: назва (загаловак), прозвішча аўтара, ілюстрацыя, аглаўленне (змест), уступ, пасляслоўе.

Атрыманне бібліятэчна-бібліяграфічных звестак: бібліятэка, бібліятэкар, кніжная выстава, падручнік, мастацкая кніга, перыёдыка (дзіцячыя газеты і часопісы), даведачная літаратура (слоўнікі, энцыклапедыі, кнігі-даведнікі).

Асноўныя патрабаванні да ведаў і ўменняў вучняў 3 класа.

Вучні павінны ведаць:

  • прозвішчы аўтараў, назвы і змест твораў, якія найбольш спадабаліся;
  • на памяць 4 вершы, вызначаныя ў падручніку для завучвання.

Вучні павінны ўмець:

  • правільна і асэнсавана чытаць уголас і сам сабе цэлымі словамі (незразумелыя і шматскладовыя словы па складах);
  • чытаць тэкст уголас з захаваннем інтанацыі сказа, паўз, патрэбнага тону і тэмпу;
  • захоўваць рытм пры чытанні верша;
  • вызначаць дзеючых асоб, называць галоўнага героя, вызначаць яго ўчынак, прычыну ўчынку;
  • вылучаць у тэксце мастацкія (вобразныя) словы; маляваць словамі карціну прыроды;
  • вылучаць сэнсавыя часткі апавядальнага твора, вызначаць галоўнае ў кожнай частцы;
  • самастойна падрабязна пераказваць невялікі апавядальны тэкст ці яго частку па калектыўна складзеным плане;
  • прыводзіць прыклады верша, казкі з вывучаных твораў; самастойна арыентавацца ў кнізе па змесце; вызначаць прыкладны змест кнігі па яе знешніх паказчыках (прозвішча аўтара, загаловак, ілюстрацыі на вокладках і ў кнізе);
  • самастойна выбіраць кнігі для чытання па прапанаванай настаўнікам тэме з дапамогай кніжнай выстаўкі або адкрытага падыходу да кніжных паліц.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.