Беларуская мова як абэект дзяржаўнай дыскрымінацыі

Моўная дыскрымінацыя старая,
як гісторыя цывілізацыі.
С.Джуджаў, балгарскі лінгвіст, прафесар

Сённяшні гаротны стан беларускай мовы - гэта не вынік выпадковага збегу якіх-небудзь неспрыяльных акалічнасцяў, гэта і не натуральная асіміляцыя ці добраахвотнае вырачэнне людзьмі свайго роднага слова. Тое, што і раней і зараз нас так моцна хвалюе ў мове, - гэта вынік дзе тонка прадуманай, а дзе проста сама непрыхаванай, грубай дыскрымінацыі самой дзяржавай законных правоў беларускага народа на выкарыстанне матчынага слова ва ўсіх сферах свайго грамадскага жыцця.

Нечуваная ў свеце дзяржаўная моўная дыскрымінацыя беларусаў мае вельмі працяглую гісторыю, якая вымяраецца не дзесяцігоддзямі, а стагоддзямі. Таму нельга не ганарыцца нашым народам, бо ён і ў страшэнна неспрыяльных умовах гэтак доўга заставаўся з родным словам. Ад таго часу, як пачалася моўная дыскрымінацыя беларусаў, асіміляваліся і сышлі з гістарычнай арэны сотні народаў планеты, а мы жывём і будзем жыць насуперак чужым і сваёй гадоўлі герастратам.

Першыя сур'ёзныя праявы дыскрымінацыі з боку дзяржавы беларускай мове давялося адчуць у ХV стагоддзі. Ініцыятарамі гэтай палітыкі былі польскія каралі, якія адначасова з'яўляліся і вялікімі князямі Вялікага Княства Літоўскага. На той час польская мова яшчэ істотна адставала ад беларускай ў досведзе справаводства ў дзяржаўных, адміністрацыйных і судовых органах. У гэтых мэтах суседняя нам заходняя краіна выкарыстоўвала пераважна лацінскую мову, якая панавала і ў каталіцкім набажэнстве.

Польская Карона, схіліўшы ў 1569 годзе палітычных дзеячоў Вялікага Княства Літоўскага да аб'яднання на федэратыўнай аснове ў адну дзяржаву - Рэч Паспалітую, як неўзабаве высветлілася, зусім не збіралася паважаць яго духоўныя традыцыі, этнакультурную самабытнасць. Усё планамерна і мэтанакіравана рабілася так, каб як мага менш заставалася адметнасцяў паміж палякамі і беларусамі, чаго нядужа складана было дасягнуць, улічваючы іх культурна-моўную блізкасць. Цяпер ужо прапольскія ўлады Рэчы Паспалітай усяляк праштурхоўваюць у ВКЛ не латынь, а польскую мову, якая апошнім часам здабыла даволі багаты досвед абслугоўвання ўсіх відаў службовага справаводства. Увішныя пісары некаторых канцылярый на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага да такой ступені зрабіліся нахабнымі, што, складаючы дакументы, пісалі па-беларуску толькі яго загаловак і, у лепшым выпадку, яшчэ пару абзацаў. Традыцыі такога афармлення пісьмовай дакументацыі (але з прыцягненнем ужо мовы расейскай) аказаліся вельмі жывучымі, захаваліся і па сёння. Яны сталі надзвычай папулярнымі ў дзейнасці нашых канцылярый, у тым ліку і тых, што створаны пры сама высокіх органах дзяржаўнай улады і кіравання: Адміністрацыі Прэзідэнта, Кабінеце Міністраў. Зараз гэтую дыскрымінацыйную палітыку ў дачыненні да беларускай мовы шырока праводзяць шмат якія рэдакцыі газет і часопісаў, у якіх, акрамя беларускамоўных загалоўкаў, з кожным годам даецца ўсё менш і менш матэрыялаў на нацыянальнай мове карэннага насельніцтва нашай краіны.

Любыя, нават сама хітрыя і тонкія захады ўладаў Рэчы Паспалітай па выкараненні беларускай мовы з дзяржаўна-палітычнага, грамадскага, культурнага жыцця не давалі жаданага для асімілятараў выніку. Без усялякага хістання цураліся яе толькі тыя заможныя асобы, якія ставілі перад сабой мэту заняць высокую службовую пасаду, што намнога аблягчалася ў тых выпадках, калі чалавек меў ярка выяўленую прапольскую культурна-моўную пазіцыю. На шчасце, такіх абыякавых да лёсу роднага слова вяльможаў аказалася нямнога, і яно працягвала жыць і ва ўмовах дыскрымінацыі.

Высокія дзяржаўныя дзеячы прапольскай арыентацыі выдатна разумелі, што патрэбныя больш рашучыя захады па выжыванні беларускай мовы з душаў яе этнічна самасвядомых носьбітаў. Нашая заходняя славянская суседка пайшла на тое, на што ў той час не адважылася яшчэ аніводная краіна Эўропы: у 1696 годзе забараніла выкарыстоўваць беларускую мову ва ўсіх відах службовага справаводства. Больш агіднай акцыі ў дачыненні да развітай, дзяржаўнай у межах усяго ВКЛ мовы і прыдумаць нельга было. Пасля гэтага два стагоддзі беларуская мова не жыла, а пакутавала, у той час як суседнія мовы - польская і расейская - удасканальваліся ў мастацкай і навуковай літаратуры, у навучальных установах, хрысціянскім набажэнстве, канцылярыях дзяржаўных, адміністрацыйных і судовых органаў.

Ці ж паспрабаваў урад Расейскай імперыі, далучыўшы да сябе ў 1795 годзе амаль усю Беларусь, вызваліць апошнюю з-пад усялякага дыскрымінацыйнага моўнага ўціску і даць поўную волю яе роднаму слову, каб гэты змардаваны, але да канца не дабіты народ змог адчуць сябе гаспадаром у роднай хаце? Не, такой магчымасці не збіралася даць браткам-славянам новая ўлада. Калі ў Беларускім краі ўдавалася пацясніць польскую мову, дык яна тут жа замянялася расейскай. Так паступова, крок за крокам, дзякуючы мэтанакіраваным, з далёкім разлікам захадам Расейскай манархіі, на дзяржаўным узроўні распачалася дыскрэдытацыя беларускай мовы.

Не толькі не аслабела, а наадварот узмацнілася з боку Расеі дзяржаўная дыскрымінацыя беларускай мовы пасля задушэння паўстання 1863-1864 гадоў пад правадырствам Кастуся Каліноўскага. Каб замкнуць кола дзяржаўнай дыскрымінацыі ў дачыненні да нашага роднага слова, улады царскай Расеі зусім свядома пайшлі ў 1867 годзе на поўную забарону друкаваць любога роду літаратуру на беларускай мове. Так апошняя канчаткова пазбавілася таго адзінага невялічкага загончыка, на якім яшчэ магла нацыянальна свядомая жменька беларускай інтэлігенцыі падтрымліваць жыццё сваёй роднай літаратурнай мовы. У выніку гэтай нялюдскай, варварскай акцыі царскага ўрада беларуская літаратурная мова анямела амаль на сорак гадоў. Калі ж зрэдку і ўдавалася выдаць якую-небудзь кніжачку на беларускай мове, дык гэта рабілася недзе на чужой тэрыторыі. З-за такой дыскрымінацыйнай палітыкі здольныя да літаратурнай дзейнасці беларусы вымушаны былі працаваць на карысць польскай ці расейскай культур, а свая прыходзіла ў заняпад, усё больш і больш адстаючы ад культур суседніх народаў. Калі польская і расейская мовы на ўсю поўніцу ўзбагачалі сваю лексіку, удасканальвалі свой правапіс - наша мова чэзла. Нічым не апраўданай недарэчнасцю з'яўляецца тое, што адбывалася ўсё гэта, як прынята ў нас казаць, у братэрскім славянскім асяроддзі, а не пад уціскам далёкіх нам паводле культуры і мовы народаў. Адзін канец пятлі вакол шыі беларускай мовы на ўсю моц цягнулі на сябе палякі, другі - расейцы, і цягнулі так, што гэтай мовы з цягам часу нельга было пачуць з вуснаў службоўцаў мясцовай адміністрацыі, педагогаў усіх тыпаў навучальных устаноў, святароў. Практычна адзіным носьбітам яе заставаўся вясковец.

Калі ж пасля рэвалюцыі 1905-1907 гадоў дзяржаўны дыскрымінацыйны прэс над беларускай мовай трохі аслабеў, дык гэта заслуга не афіцыйнай улады, а найперш тых, хто жыццё сваё ахвяраваў дзеля выратавання роднага слова. Ніводную нацыю царызм не імкнуўся з такой моцай зрусіфікаваць, як беларусаў, бо хутчэй за ўсё можна асіміляваць блізкародны славянскі народ, а не тыповых "іншародцаў" Расеі. З мэтай больш надзейнага ашаламлення даверлівых, памяркоўных беларусаў дзяржава, школа, навука, царква імкнуліся ўсяляк даказаць, што беларускай нацыі не існуе. Пры любой нагодзе яны заяўлялі, што беларусы - гэта апалячаныя расейцы, а таму трэба як мага хутчэй прызнаць расейскую мову за сваю родную і лічыць сябе за расейцаў.

Царызм і адданая яму інтэлігенцыя праяўлялі "клопат" пра беларусаў, каб не дапусціць іх асімілявання палякамі. Але забяспечыць гэта меркавалася не праз развіццё беларусаў на іх родным матэрыяле, а выключна толькі на расейскім культурна-моўным падмурку. Гэта з'яўлялася тыповым падыходам і да ўсіх астатніх нацменшасцяў, бо, як пісаў расейскі дарэвалюцыйны прафесар П.Кавалеўскі, "толькі адна дзяржаўная нацыя (г.зн. расейская. - Л.Л.) мае права на паглынанне супадпарадкаваных ёй некультурных і нацыянальна слабых народнасцяў... Расейцы не павінны абмяжоўвацца ніякімі ахвярамі, выдаткамі, асобамі і сродкамі ў справе асіміляцыі дробных народнасцяў".

І палітыкі, і верныя ім інтэлігенты лічылі, што найлепшым інструментам асіміляцыі з'яўляецца расейская мова, якую павінны былі распаўсюджваць у першую чаргу праз адукацыю. Згаданы вышэй вучоны П.Кавалеўскі пісаў: "Мова ў школе, у судзе, у дзяржаўных і справавых зносінах у Расейскай дзяржаве павінна быць безумоўна і непахісна расейскай. Гэтая мова пануючай дзяржаўнай нацыі і гэтую мову павінны ведаць усе падпарадкаваныя народы. Гэты пункт вельмі вялікай важнасці, і ўступак тут не павінна быць аніякіх".

Гэтак паслядоўна, як у Беларусі, нідзе больш такая дзяржаўная дыскрымінацыя мовы не праводзілася. Ад яе нават не хацелі адступаць тыя дзяржаўныя палітыкі, што пасля кастрычніка 1917 года ўсталявалі ў Беларусі савецкую ўладу. У большасці на чале яе стаялі дзеячы немясцовага паходжання, якія і двух слоў не маглі звязаць па-беларуску. Па віне падобных ім у сярэдзіне 30-х гадоў ХХ стагоддзя быў пастаўлены магутны крыж на беларусізацыі. На партыйна-дзяржаўным узроўні гэтыя дзеячы інтэнсіўна разгарнулі русіфікацыю, ні ў чым не саступалі колішнім царскім чыноўнікам.

У гэтай абсалютна процілеглай усялякаму здароваму сэнсу справе партыйна-дзяржаўныя функцыянеры БССР мелі такі "апетыт", што гатовыя былі ісці і на яшчэ больш рашучую дыскрымінацыю беларускай мовы, але не рабілі гэтага толькі таму, каб не выклікаць рэзкай негатыўнай рэакцыі ў людзей і найперш у інтэлігенцыі, хоць шэрагі яе значна парадзелі ў выніку масавых рэпрэсій 30-х гадоў. Не ў прыклад сённяшняй інтэлігенцыі, даваенная, прайшоўшы школу беларусізацыі, моцна трымалася за роднае слова, гатовая была пайсці на шыбеніцу дзеля яго выратавання. Вось доказ сказанаму: у 1938 годзе (калі яшчэ не апусціўся меч савецкай Феміды) з агульнай колькасці 199 газет на беларускай мове выходзіла 149, альбо 75%. У 1940 годзе агульны тыраж выдадзеных кніг склаў 10370 тыс. экземпляраў, з іх на беларускай мове - 7748 тыс. (75%), гадавы тыраж усіх нумароў часопісаў - адпаведна 1100 тыс. і 1036 тыс. экземпляраў (94%), газет - 193 і 146 млн. экземпляраў (76%).

У паваенны час кампартыя толькі адзін раз паспрабавала зрабіць ласку беларускай мове, калі ў чэрвені 1953 года па ўказанні Лаўрэнція Берыі надумалі расейца па нацыянальнасці першага сакратара ЦК КПБ М.Патолічава замяніць асобай беларускага паходжання М.Зімяніным з тым, каб пачаць паступова вяртаць наш край да нацыянальна-культурных традыцый. Але не паспелі, як след, разгледзець гэтае пытанне на пленуме ЦК КПБ, як ужо "выкрылі" самога Берыю, і таму адпала ўсялякая неабходнасць рабіць этнічную перастаноўку ў партыйным кіраўніцтве рэспублікі.

У пытаннях беларускай мовы кампартыя за ўвесь перыяд сваёй пасляваеннай дзейнасці з юрыдычнага боку ні ў чым не запляміла сябе, бо не прыняла ніводнага дыскрымінацыйнага акта, адкрыта накіраванага супраць роднага слова карэннага насельніцтва. Дыскрымінацыю беларускай мовы партыя чыніла тым, што афіцыйна не карысталася ёю ў сваёй практычнай дзейнасці, падаючы гэтым дрэнны прыклад моцна залежным ад яе (партыі) савецкім, прафсаюзным, камсамольскім, адміністрацыйна-гаспадарчым органам. Калі партыя лічыла патрэбным дзесьці свядома падарваць і без таго хісткія пазіцыі беларускага слова ў грамадстве, яна прымала не спецыяльныя пастановы, а выкарыстоўвала дзеля гэтага тэлефонныя званкі ў адпаведныя інстанцыі. Пасля такіх званкоў спыняўся выхад беларускамоўных газет і часопісаў. Асабліва цяжкія вынікі для беларускай нацыянальнай справы мелі выданне досыць вялікай колькасці расейскамоўных газет у сельскіх раёнах рэспублікі, а таксама спыненне выхаду ў кастрычніку 1962 года адзінай беларускамоўнай рэспубліканскай газеты для вяскоўцаў "Калгасная праўда". Відаць, партыю не задавальняла, што беларуская вёска істотна адставала ад горада ў справе асіміляцыі. Каб пераадолець такое, вяскоўцаў проста вымусілі чытаць расейскамоўную "Сельскую газету". У высокіх партыйных органах рэспублікі было прынята рашэнне з 1 студзеня 1963 г. выдаваць на расейскай мове і газету "Физкультурник Белоруссии", якая выходзіла вялікім накладам.

Агульнавядома, што ва ўсіх цывілізаваных краінах сама актыўным змагаром за нацыянальную мову з'яўляецца такі аўтарытэтны дзяржаўны орган, як Міністэрства асветы (адукацыі). За больш чым пяцідзесяцігадовы паваенны перыяд аналагічнае міністэрства Беларусі непараўнальна больш зрабіла па выкараненні беларускай мовы з навучальна-выхаваўчага працэсу, чым дзеля яе выкарыстання ў гэтых мэтах. Першым сур'ёзным ударам па мове было выданне ў красавіку 1951 года загада міністра асветы БССР, у адпаведнасці з якім у расейскамоўных агульнаадукацыйных школах адмяняліся пераводныя экзамены і экзамены на сталасць па беларускай мове. Больш агіднай дыскрымінацыі мовы свайго народа з боку дзяржаўнага органа нельга тады было знайсці ні ў адной саюзнай рэспубліцы СССР ці якой-небудзь іншай краіне свету. Ад гэтага часу пэўная частка нашых агульнаадукацыйных школ стала ўзгадоўваць маладыя пакаленні зусім абыякавымі да беларускай мовы. Школьнікі вывучалі яе павярхоўна, без асаблівага жадання, паколькі адмянілі ўсялякага роду экзамены. Справа даходзіла да абсурду: выпускнік агульнаадукацыйнай школы атрымліваў атэстат сталасці і не валодаў мовай, якая з'яўляецца роднай для карэннага насельніцтва БССР. Замест выхавання сапраўднага патрыёта сваёй роднай Бацькаўшчыны такія школы сталі фармаваць з дзяцей беларускага паходжання нацыянальных нігілістаў.

З патурання дзяржаўных органаў улады і кіравання ў рэспубліцы пашыралася сетка расейскамоўных школ не толькі ў гарадской, але і сельскай мясцовасці. Асабліва гэта было характэрным для заходніх вобласцяў Беларусі, куды ў першыя гады пасля вайны было паслана з цэнтральных раёнаў РСФСР шмат кіруючых партыйных і савецкіх работнікаў, якія зусім не ведалі і не жадалі ведаць беларускай мовы. У 1952/53 гадах у 29-ці раённых цэнтрах гэтай часткі рэспублікі зусім адсутнічалі беларускамоўныя школы.

У канцы 50-х гадоў у дзяржаўнай сістэме адукацыі яшчэ ўзаконілі дзве дыскрымінацыйныя пазіцыі ў дачыненні да беларускай мовы: далі бацькам права хадайнічаць наконт вызвалення сваіх дзяцей ад яе вывучання і пераводу беларускамоўных школ у расейскамоўныя. Архітэктары такой антынацыянальнай моўнай палітыкі ў галіне асветы выдатна разумелі: калі ў Беларусі ва ўсіх без выключэння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных утановах пануе толькі расейская мова, калі выключна толькі на ёй вядуцца ўсе віды службовага справаводства, дык практычна ніхто з бацькоў не будзе настойваць, каб іх дзяцей вучылі і выхоўвалі на роднай беларускай мове. Меркавалася, што дзякуючы такой пазіцыі бацькоў яна немінуча стане мёртвай мовай. Тады ў партыйна-савецкіх наменклатуршчыкаў былі б усе падставы заявіць партыйнаму цэнтру ў Крамлі, што ў нашым краі адбылася натуральная, добраахвотная расейскамоўная асіміляцыя. І сапраўды яна ледзь не канчаткова адбылася, толькі не натуральна, не добраахвотна, а праз дасканала выпрацаваную і з зайздроснай напорыстасцю праведзеную палітыку.

Менавіта з прычыны франтальнай асіміляцыі беларускага народа гэтак цяжка ідзе выратаванне яго роднай мовы на сучасным этапе нацыянальна-культурнага Адраджэння. Карыстаючыся тым, што беларускі народ працягвае знаходзіцца ў стане глабальнай асіміляцыі, што яго роднае слова выключана з усіх сфераў грамадска-палітычнага, эканамічнага, культурнага жыцця, з аўдыторый вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, нашыя кіраўнікі ўчынілі ў траўні 1995 года нечуваную і для бальшавіцкіх часоў дыскрымінацыю беларускай мовы.

Нерашучасць і неразуменне многімі дзяржаўнымі дзеячамі і інтэлектуаламі ролі беларускай мовы ў нацыянальна-культурным адраджэнні спаўна і без прамаруджвання выкарысталі проста "на выдатна" іх безнадзейна зрусіфікаваныя калегі. Ім без асаблівай цяжкасці ўдалося ў час травеньскага (1995 г.) рэферэндуму схіліць народ, які яшчэ не паспеў як след уцягнуцца ў сваю родную моўную стыхію, даць згоду абвясціць роўнасць расейскай мовы з беларускай, што практычна азначала поўнае ігнараванне прагрэсіўнага ва ўсіх адносінах закона "Аб мовах у Беларускай ССР" (прынятага ў 1990 г.). Нацыянальныя асновы ў такой жа меры былі падарваны і прынятымі ў лістападзе 1996 года дадаткамі да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Новым страшным ударам па родным слове беларусаў стаў падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкам 13 ліпеня 1998 года Закон Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь". Натуральна, што распрацоўку яго ажыццяўляла, па ўсім відаць, вельмі "кваліфікаваная" брыгада навукоўцаў-філолагаў і юрыстаў. Яны падрыхтавалі такі варыянт закона, у кожным артыкуле якога абавязкова натрапіш на непераадольную перашкоду для ўвядзення беларускай мовы ў якую-небудзь сферу нашага жыцця. Часцей за ўсё ў якасці такой перашкоды служыць - аж цяжка паверыць! - злучнік "або". Упершыню ён сустракаецца ў артыкуле пад нумарам 7, якім рэгулюецца мова дзяржаўных органаў, органаў мясцовага самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, грамадскіх арганізацый. А рэгулюецца яна ў гэтых сферах так: "Акты дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь прымаюцца і публікуюцца на беларускай і (або) расейскай мовах". Калі якая-небудзь беларуская нацыянальна-патрыятычная арганізацыя ці адданая нацыянальнай ідэі асоба запатрабуе ад дзяржаўнага кіраўніка любога рангу перавесці ў падначаленай яму сферы службовае справаводства з расейскай мовы на беларускую, ён тыцне пальцам у сёмы артыкул Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", і запярэчыць не будзе чаго.

Як мур, паўстае злучнік "або" і перад тымі, хто захацеў бы запатрабаваць ад кіраўнікоў недзяржаўных органаў ці нават якіх-небудзь грамадскіх арганізацый весці дакументацыю па-беларуску. Дзякуючы злучніку "або" вельмі лёгка не даць аніякага доступу беларускай мове ў суды, натарыяльныя канторы, пракуратуры, ва ўзброеныя сілы, словам - усюды. Больш за ўсё датычыць гэтае правіла культуры, мову якой рэгулюе артыкул №26. Пачынаецца ён словамі: "У Рэспубліцы Беларусь мовамі ў сферы культуры з'яўляецца беларуская і (або) расейская мова". Можна спакойна працаваць у адрыве ад культурна-моўных каштоўнасцяў беларускага народа, хаваючыся за адпаведны артыкул закона. А вось закон "Аб мовах у Беларускай ССР" ад 26 студзеня 1990 г. не даваў магчымасці ўстановам культуры праводзіць асіміляцыю беларускай нацыі, бо ў яго артыкуле № 28 было запісана: "У Беларускай ССР мовай у сферы культуры з'яўляецца беларуская мова".

Такіх абмежаванняў для яе можна адшукаць процьму, параўноўваючы паміж сабою нарматыўныя акты аб мове, прынятыя 26 студзеня 1990 г. і 13 ліпеня 1998 г. Таму цяперашнія змяненні і дапаўненні да заканадаўства аб мовах не пакідаюць аніякіх перспектыў для беларускай мовы. Наадварот, злучнік "або" яе цалкам даканае.

Пасля ўважлівага азнаямлення са змяненнямі і дапаўненнямі да Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" у мяне сфармавалася цвёрдая ўпэўненасць, што іх аўтарамі зусім не ставілася мэта выратаваць беларускую мову ад немінучага ў сённяшніх варунках вымірання. Хутчэй наадварот: змяненні і дапаўненні свядома ўнесены з адной-адзінай мэтай - забяспечыць у нашым краі поўную перамогу расейскай мовы за кошт выцяснення з усіх сфер дзейнасці чалавека беларускай мовы. Парадаксальна, але сама дзяржава распрацоўвае і прымае законы, скіраваныя на глабальнае выкараненне з грамадскага жыцця роднай мовы сваёй тытульнай нацыі! Такое назіралася калісьці толькі ў калоніях, але гэта было справай рук заваёўнікаў.

Зробленыя змяненні і дапаўненні да Закону аб мовах - гэта відавочна адыход ад вельмі хісткага беларускага дзвюхмоўя да расейскага аднамоўя. Урад рэспублікі стаў на такі антынацыянальны шлях, бо выдатна разумеў, што дашчэнту асіміляваны ўсёй папярэдняй дзяржаўнай палітыкай беларускі народ не ўздыме голасу ў абарону роднага слова.

Нібы нейкія патаемныя сілы адкінулі суверэнную Рэспубліку Беларусь на сто і больш гадоў назад у сумнавядомыя часы сама ашалелай русіфікацыі, калі чужынцы з зайздроснай напорыстасцю перараблялі наш край на маскоўскі капыл. Прысланы на пасаду папячыцеля Віленскай навучальнай акругі А.Шырынскі-Шахматаў галоўную задачу настаўніцтва на беларускіх землях бачыў у тым, каб тут "увакрэсіць старажытную, карэнную рускую народнасць". У запісцы на імя міністра асветы Расеі Е.Пуцяціна (верасень 1861 г.) ён усяляк імкнуўся абгрунтаваць, што ў Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губернях "народныя вучылішчы... павінны быць чыста расейскімі". Сучасныя кіраўнікі народнай адукацыі суверэннай Рэспублікі Беларусь з гонарам могуць заявіць, што гэтая задача практычна выканана, прычым не толькі ў дачыненні да гэтага сама нізкага тыпу навучальных устаноў, але і сама высокіх.

Яшчэ далей за А.Шырынскага-Шахматава пайшоў яго пераемнік І.Карнілаў. Усю сваю дзейнасць ён скіраваў на тое, каб забяспечыць "канчатковае ўз'яднанне краю (беларускага). - Л.Л.) з усёй Расеяй", і лічыў, што гэта "трэба будзе здзейсніць не расейскай зброі, але расейскай цывілізавальнай сіле". Яе ж ён бачыў у пабудаванай на расейскай аснове сістэме адукацыі, галоўнымі прадметамі якой былі расейская мова, расейская літаратура і гісторыя Расеі. Расейскія культурна-моўныя традыцыі, далёкі ад аб'ектыўнасці погляд на гістарычнае мінулае расейскага і беларускага народаў з'яўляюцца пануючымі і ў сферы адукацыі сучаснай Беларусі.

Засталося яшчэ трохі папнуцца, і наша дзяржава з поспехам рэалізуе запаветную мару галоўнага начальніка "Северо-Западного краю" Міхаіла Мураўёва, якога народ за жорсткую расправу з паўстанцамі Кастуся Каліноўскага ахрысціў мянушкай "Вешальнік". А такой марай у яго было выкараненне з жыцця беларусаў усяго таго, што нагадвала б пра іх этнакультурную адметнасць. Ён вельмі клапаціўся пра тое, каб усе мясцовыя чыноўнікі зыходзілі з таго, "што край Паўночна-Заходні заўжды быў і ёсць расейскі". І тут сёння мы можам шмат чым пахваліцца.

Далёка не поўны, фрагментарны аналіз апошніх унесеных змяненняў і дапаўненняў у моўнае заканадаўства дае дастаткова падстаў сцвярджаць, што ён мае на мэце канчатковую асіміляцыю беларусаў шляхам забеспячэння поўнага панавання расейскай мовы ва ўсіх сферах жыцця і асабліва ў адукацыі, якая традыцыйна выконвала і выконвае ў нас ролю разбуральніка нацыянальна-духоўных асноў карэннага насельніцтва Беларусі.

Леанід Лыч

Каментары чытачоў
Зміцер напiсаў(ла) 07.05.2010 15:18
Вялікі дзякуй за цікавыя факты. Цяпер я гляджу інакш на тое, што рабілася ў нашай краіне
аляксандр напiсаў(ла) 31.12.2010 13:53
гэты сайт трэба зрабiць галоунай закладкай для усiх карыстальнiкау iнтэрнэта у беларусi.
Aliaxandar напiсаў(ла) 03.01.2011 23:46
дзякуй вам за вашу вялiкую працу. у мяне не хапае слоў.
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!
Ілья напiсаў(ла) 14.02.2011 11:01
Вой, няма словаў. Жыве вечна!
Дніпро напiсаў(ла) 05.12.2012 10:23
В підросійській Україні УСЕ робилося з точністю абсолютною ТАК САМО!
І зараз майже так само, лише завдяки Західній Україні з її традиціями національної оборони становище української мови в Україні взагалі дещо краще, ніж білоруської в Білорусі.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.