Грамадскае сцвярджэнне беларускай мовы і парушэнні правоў беларускамоўных людзей

Грамадскае сцвярджэнне беларускай мовы ў ХІХ і ХХ стагоддзях адбывалася павольна і ўвесь час сутыкалася са значнымі цяжкасцямі. У сярэдзіне мінулага стагоддзя Беларусь не была ўключана ў агульнаславянскія працэсы моўнага адраджэння, якія стымуляваліся падзеямі ў Эўропе канца 1840-ых гадоў. Пасля падаўлення паўстанняў 1831 і 1863 гадоў Беларусь страціла сваю маладую нацыянальную эліту, і ў канцы ХІХ стагоддзя старонняму назіральніку магло здацца, што беларусам не суджана будзе адрадзіцца ніколі. Аднак на пераломе стагоддзяў беларускі нацыянальны рух ператварыўся ў вызначальны чыннік для "Северо-Западного края". У 80-90-ыя гады былі падрыхтаваны першыя працы заснавальніка беларускай лінгвістыкі Я.Карскага. Тады ж былі напісаны і апублікаваны галоўныя творы паэта Ф.Багушэвіча. У прадмове да зборніка "Дудка беларуская" (1891) ён першы загаварыў з чытачом "аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя "мужыцкай" завуць, а завецца яна "беларускай"... "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!" - запавядаў нашчадкам пісьменнік.

У допісе з Беларусі, надрукаваным у 1897 годзе ў сталічным "Северном вестнике", выказваўся непакой з прычыны таго, што беларускія нацыяналісты "глубоко убеждены в существовании беларусской народности". Часопіс трывожыўся, што ў "беларускай правінцыі" вывучэнне беларускай гісторыі стала лічыцца "обязательным делом для каждого интеллигентного беларуса"[1].

У 1903 годзе ўзнікла першая нацыянальная палітычная арганізацыя. Затым быў уздым нацыянальнага духу пасля рэвалюцыйных падзей 1905-1907 гадоў. Ён суправаджаўся стварэннем беларускіх выдавецтваў і газет, публікацыяй першай абагульняльнай працы з гісторыі Беларусі, напісанай беларусам і на беларускай мове (аўтар - Вацлаў Ластоўскі). У 1915 годзе ў Беларусі з'явіліся першыя беларускамоўныя пачатковыя школы. У 1918 годзе ў Вільні была надрукавана першая граматыка, якая вельмі хутка стала агульнапрызнанай. Вяршыняй намаганняў адраджэнцаў 1890-1910-ых гадоў стала абвяшчэнне ў 1918 годзе першай самастойнай беларускай дзяржавы - Беларускай Народнай Рэспублікі. Акурат пасля ўзнікнення БНР упершыню пасля працяглага перапынку на тэрыторыі Беларусі дзяржаўнай была абвешчана беларуская мова.

Далейшае развіццё і заняпад беларускай мовы адбываліся ў рамках БССР і СССР. За кароткі перыяд 20-ых гадоў канчаткова аформілася новая літаратурная мова, рэзка павялічылася колькасць беларускамоўных выданняў, з'явіліся спецыялізаваныя навуковыя ўстановы. У 1921 годзе ў Менску адчыніўся ўніверсітэт. Беларуская мова ў гэты час інтэнсіўна ўкаранялася ў справаводства, у дзяржаўныя зносіны, у сістэму адукацыі і навуку. Надзвычай імкліва развівалася ў 20-ыя гады мастацкая літаратура. Дадзеная палітыка праводзілася пад эгідаю ўладаў, яна атрымала назву "беларусізацыя". Гэтая палітыка ў значнай меры выкарыстоўвала адміністрацыйны прымус. Тым не менш, яна спрыяла вызваленню паняволенай раней нацыянальнай энергіі і выклікала энтузіязм у значнай часткі насельніцтва. Яна натыкалася на супраціў сярод зрусіфікаванага чынавенства, якое страчвала перавагі, звязаныя з веданнем яшчэ нядаўна адзінай дзяржаўнай расейскай мовы.

Аднак ужо ў 1930 годзе з Беларусі сталі высылаць ва ўсходнія раёны СССР дзеячаў, якія паказалі сябе ў грамадскім сцвярджэнні беларускай мовы. Паступова рэпрэсіі набылі масавы характар, што прывяло к канцу 30-ых гадоў да значнага скарачэння колькасці носьбітаў беларускай мовы. Сярод пісьменнікаў у гэты час было рэпрэсавана каля 80%, а з чатырох дзясяткаў лінгвістаў, што ў 20-30-ыя гады працавалі ў Інбелкульце і Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук, да пачатку другой сусветнай вайны засталася на волі толькі адна супрацоўніца.

У першае дзесяцігоддзе па вайне беларускі творчы і навуковы патэнцыял узнаўляўся вельмі марудна. У гэты час расейская мова стала прыкметна цясніць беларускую ў адукацыі, у справаводстве, у СМІ. У звязку з тым, што падчас вайны Беларусь была акупавана, Сталін не давяраў мясцовым кадрам. Значная частка ўлады канцэнтравалася ў гэтыя гады ў руках чыноўнікаў, прысланых з Расеі. Выцясненню беларускай мовы на перыферыю садзейнічалі як прагматычныя погляды расейскай і расейскамоўнай бюракратыі, так і камуністычная дактрына, якая прадугледжвала "зліццё" ўсіх моў. Пратэсты супраць абмежавання беларускай мовы былі нячастымі і нягучнымі, бо нацыянальна-моўны рух знаходзіўся ў глыбокім крызісе, выкліканым нядаўнімі масавымі рэпрэсіямі і людскімі стратамі часоў вайны. Варта было ў 1947 годзе загадчыку кафедры педагогікі Мазырскага педінстытута Алісіевічу выказаць заўвагу наконт таго, што "беларуская мова падлягае забыццю", як ужо ў траўні бюро ЦК КПБ у спецыяльнай пастанове асудзіла ягоны ўчынак[2].

Кароткім перыядам "лібералізацыі", што наступіў пасля смерці Сталіна, стала другая палова 50-ых. Зрэшты, ва ўмовах Беларусі гэтая лібералізацыя ўвасобілася хіба ў выглядзе пэўнай свабоды выказваць некаторыя погляды на старонках газеты "Літаратура і мастацтва". Напрыклад, Максім Лужанін сфармуляваў наступную думку: "Хочацца, каб мова чулася не толькі ў творчых арганізацыях, але і ва ўстановах, школах сярэдняй і вышэйшай, каб яна была і на папяроснай каробцы, і на станку"[3]. У якасці "першага практычнага кроку", накіраванага на "ўвядзенне беларускай мовы ў паўсядзённы быт усіх слаёў насельніцтва", студэнт Барыс Сачанка прапанаваў увесці выкладанне на беларускай мове ва ўсіх навучальных установах рэспублікі[4]. Прыведзеныя меркаванні красамоўна сведчаць аб ступені заняпаду мовы ў той час. Гаротнае становішча беларускай мовы пацвярджаецца і іншымі дадзенымі. Вядома, што ў 1958 годзе ў Менску з 58 школаў беларускамоўнымі былі толькі 10[5]. Аднак прыняты ў 1959 годзе Вярхоўным Саветам БССР Закон аб адукацыі прадугледжваў, што "вывучэнне беларускай мовы ў школах з расейскай або іншай мовай навучання праводзіцца згодна з жаданнем вучняў і іхніх бацькоў"[6]. Гэты дэкрэт паспрыяў хуткаму змяншэнню колькасці беларускамоўных школ - перадусім у гарадах. У 60-70-ыя гады ў Беларусі надзвычайнае пашырэнне набыла практыка "вызвалення" школьнікаў ад вывучэння беларускай мовы. Так, у 1969 годзе ў БССР не вывучалі беларускай мовы 30% школьнікаў, а ў Менску - 90%. У 1970 годзе расейцы складалі ў Беларусі 10,4% насельніцтва, аднак у 1972/1973 навучальным годзе ў расейскамоўных школах навучалася 51,4% школьнікаў, прычым у гарадах - 97,6%[7].

Супраць русіфікацыі пратэставала інтэлігенцыя і, перш за ўсё, пісьменнікі. Аднак іх нязгода была абачлівай і непаслядоўнай. Яна зазвычай увасаблялася ў форме выступаў на пісьменніцкіх сходах, а таксама ў паэтычнай абароне мовы. Між тым зерне пратэсту выспявала ў моладзевым асяроддзі. У 1968 годзе з БДУ былі выключаны некалькі студэнтаў філфака за тое, што яны збіралі подпісы пад заявай з патрабаваннем вывучаць на беларускай мове ўсе прадметы. У канцы 70-ых гадоў у студэнцкім асяроддзі ўзнікла "Беларуская майстроўня", якая культывавала старажытныя абрады, вывучала народныя песні, ладзіла тэатральныя паказы і імправізаваныя танцавальныя балі - займалася тым, што рабілі беларускія адраджэнцы ў пачатку стагоддзя, а чэхі, венгры, лужычане - яшчэ ў 1830-1840-ыя гады. У другой палове 70-ых-80-ыя гады ў Беларусі выходзілі падпольныя выданні, у якіх значная ўвага надавалася адстойванню моўных правоў беларусаў.

Пад ціскам інтэлігенцыі ў 1982 годзе ў адной з менскіх школ былі адчынены беларускамоўныя класы. У 1984 годзе сябры моладзевай арганізацыі "Таварыства беларускай школы" першымі сфармулявалі ідэю вяртання беларускай мове дзяржаўнага статусу. Кепска валодалі беларускай мовай у гэты час расейскія жыхары Беларусі: паводле перапісу 1989 года толькі чвэрць расейцаў Беларусі валодалі беларускай мовай. Агульны стан беларускай мовы ў гэты час ацэньваецца навукоўцамі як "катастрафічны"[8].

У гады "перабудовы" моўная барацьба ў Беларусі працякала падобным чынам, як і ў іншых рэспубліках былога СССР, хоць была і выразная беларуская спецыфіка. У чэрвені 1989 года адбыўся ўстаноўчы з'езд Беларускага народнага фронту "Адраджэньне". Прыняты з'ездам зварот да грамадзян Беларусі пачынаўся заклікам шанаваць родную мову. БНФ сцвярджаў, што ў СССР "Беларусь стала першай рэспублікай, у якой узнікла небяспека ператварэння мовы жывога народу ў мёртвую мову". БНФ палічыў наданне беларускай мове статусу дзяржаўнай "неадкладнай справай" і кваліфікаваў падобны крок як "неабходную ахоўную меру"[9].

Сярод іншых падзей сярэдзіны - канца 80-ых заслугоўваюць ўвагі звальненне з працы ў Інстытуце філасофіі Акадэміі навук Алега Бембеля за публікацыю ў 1985 годзе ў Лондане кнігі "Роднае слова і маральна-эстэтычна прагрэс", а таксама некалькі лістоў пра беларускую мову ад беларускай інтэлігенцыі генсеку ЦК КПСС М.Гарбачову[10]. Між іншым, у кнізе Бембеля ўпершыню ў СССР былі пададзены вынікі сацыялінгвістычнага анкетавання, якое мела на мэце выявіць стаўленне рэспандэнтаў да беларускай мовы.

Быўшы выціснутай з усіх галоўных сфераў, не з'яўляючыся lingua di pane ("мовай хлеба"), беларуская мова тым не менш у значнай ступені захоўвала сімвалічнае значэнне. Усе перапісы насельніцтва 50-80-ых гадоў нязменна фіксавалі адносна высокую долю людзей, якія называлі беларускую мову lingua di cuore ("мовай сэрца"). У 1989 годзе беларускую мову прызналі роднай 80% беларусаў, гэтыя людзі складалі 66% насельніцтва рэспублікі. У 1989 годзе ў Беларусі ўзнікла Таварыства беларускай мовы. У пачатковую рэдакцыю статута арганізацыі быў унесены запіс пра тое, што мэтай стварэння і сэнсам існавання Таварыства з'яўляецца "аднаўленне ў грамадстве стаўлення да роднай мовы як да бацькоўскага дару і матчынай святыні, як да незаменнай, аднойчы і навек падараванай жыццём"[11].

У 1990 годзе ў Беларусі быў прыняты Закон аб мовах, у абмеркаванні якога ўдзельнічалі больш за 20 тысяч чалавек. У прэамбуле гэтага дакумента адзначалася, што "пад пагрозай апынулася само існаванне" беларускай мовы[12]. Згодна з артыкулам 2 Закона беларуская мова была прызнана дзяржаўнай. Матывацыя прыняцця гэтага Закона была лінгваабарончая, лінгваэкалагічная. Пасля прыняцця ўвосень 1990 года дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у БССР Закон аб мовах пачынаў паступова выконвацца. Статус беларускай мовы быў пацверджаны і ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года. Расейская мова вызначалася ў ёй як "мова міжнацыянальных зносінаў"[13]. Прынятыя акты практычна не пагоршылі ведання расейскай мовы ў Беларусі. У той жа час за кошт далучэння да беларускай мовы ў Беларусі значна павялічылася колькасць дзвюхмоўных людзей[14].

Павелічэнне ў дзвюхмоўным соцыюме колькасці білінгваў з'яўляецца перадумовай для рэалізацыі магчымасці карыстацца сваёй мовай у розных сітуацыях. Бо калі пэўная частка грамадства валодае толькі адной мовай, то гэтыя людзі навязваюць яе ў якасці адзінага сродку зносінаў. У пачатку 90-ых гадоў у Беларусі была магчымасць спрыяць развязанню праблемы захавання моўных правоў. Аднак з 1995 года моўнае развіццё ў Беларусі адбываецца па іншых правілах, згодна з нормамі 60-70-ых гадоў. Перажываны цяпер час можа быць ахарактарызаваны як "рэстаўрацыя".

У траўні 1995 года з ініцыятывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі быў праведзены рэферэндум, на які выносіліся чатыры пытанні. Першы пункт плебісцыта фармуляваўся так: "Ці згодны Вы з наданнем расейскай мове роўнага стутусу з беларускай?" Таварыства беларускай мовы не прызнае вынікаў гэтага галасавання законнымі, бо ў працэсе яго падрыхтоўкі і правядзення быў зафіксаваны шэраг парушэнняў.

Згодна з Законам аб рэферэндуме на ўсенароднае галасаванне забаранялася выносіць пытанні, якія "парушаюць неад'емнае права народа Рэспублікі Беларусь на дзяржаўныя гарантыі існавання беларускай нацыянальнай культуры і мовы" (арт. 3). Якраз гэтая акалічнасць была матывам адмовы ў правядзенні падобнага рэферэндуму ініцыятыўнай групе грамадзян з пракамуністычнага Народнага руху Беларусі ўвосень 1994 года. Заява гэтай групы аб ініцыяванні рэферэндуму была разгледжана ў шасці парламенцкіх камісіях і ў Міністэрстве юстыцыі. Усе яны, як паведамлялася ў друку, "зрабілі прыблізна аднолькавую матывіроўку адмовы ў правядзенні рэферэндуму". Грунтуючыся на атрыманых заключэннях і спасылаючыся на арт. 3 Закона аб рэферэндуме, Цэнтральная камісія па выбарах і рэферэндумах растлумачыла падаўцам заявы, што пытанне аб наданні расейскай мове дзяржаўнага статуса "прама забаронена заканадаўствам рэспублікі"[15]. Але, як аказалася, quod non licet bovi, licet Jovi!

Згодна з арт. 148 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь не дазвалялася змяняць або дапаўняць Канстытуцыю на працягу апошніх шасці месяцаў паўнамоцтваў парламента.

Пры ўтварэнні камісій па рэферэндуме былі парушаны нормы артыкулаў 18 і 20 Закона аб рэферэндуме ў частцы спосабу фармавання камісій, у выніку чаго ТБМ быў пазбаўлены магчымасці ўдзельнічаць у іх працы.

На вядзенне агітацыі супраць вынесеных на рэферэндум прапаноў накладаліся істотныя абмежаванні.

Пастанова аб правядзенні рэферэндуму была прынята парламентам у спецыфічнай сітуацыі. Спачатку дэпутаты ўлічылі заключэнні сваіх камісій і адхілілі тры пункты плебісцыту, у тым ліку і моўны. Рашэнне было прынятае толькі пасля пагроз з боку прэзідэнта правесці рэферэндум без санкцыі парламента, галадоўкі-пратэсту апазіцыйных дэпутатаў у зале пасяджэнняў і іх прымусовага начнога выкідання з будынка Вярхоўнага Савета ваенізаванымі падраздзяленнямі па загадзе А.Лукашэнкі.

Рэферэндум 1995 года ў Беларусі быў сумешчаны з кампаніяй па выбарах у Вярхоўны Савет. Парламенцкая асамблея АБСЕ зрабіла вывад, што выбары і рэферэндум 1995 года ў Беларусі не адпавядалі ўсім міжнародным нормам свабоднага і справядлівага галасавання. Адзначаўся кантроль з боку ўрада за СМІ (што прыводзіла да недахопу або скажэння інфармацыі), умяшанне выканаўчай ўлады ў выбарчы працэс, падаўленне дзейнасці палітычных партый і інш. Заяву наконт выбараў і рэферэндуму ў Беларусі зрабіў дзярждэпартамент ЗША, у якой было выказана шкадаванне з нагоды таго, "якім чынам і ў якой абстаноўцы кіраўніцтва Беларусі правяло выбары і рэферэндум"[16].

Беларускае грамадства, якое перажывала падчас правядзення рэферэндума эканамічныя нягоды, не змагло, а часткова і не захацела ўбачыць за казуістычнай фармулёўкай пытання аб "роўнасці" моў пагрозу дыскрымінацыі сваёй мовы. Выявілася, што ініцыятыва Лукашэнкі адпавядае жаданням значнай часткі грамадства, якая прагнула вяртання "добрага старога" камуністычнага часу, калі ў крамах была танная каўбаса і "не існавала" моўных праблем. Не дзіўна, што "рэстаўрацыя" ў моўнай сферы ў нас цяпер спалучаецца з рэстаўрацыяй палітычнай. З дапамогай плебісцыту прэзідэнт Беларусі хацеў атрымаць грамадскую падтрымку свайго пераканання ў тым, што "беларуская мова бедная і пры яе дапамозе немагчыма выказаць што-небудзь вялікае". Менавіта такую думку выказаў А.Лукашэнка, выступаючы ў Гомелі перад дэпутатамі мясцовага савета[17].

Увосень 1996 года ў Беларусі прайшоў яшчэ адзін рэферэндум. На ім выбаршчыкі падтрымалі праект новай Канстытуцыі, які пашырыў паўнамоцтвы прэзідэнта і зацвердзіў у якасці дзяржаўных беларускую і расейскую мовы. Спрыяльныя для А.Лукашэнкі вынікі гэтага плебісцыту былі прызнаныя Расеяй, але затое "пасварылі" Беларусь з астатняй Эўропай, якая не прызнала праведзеную ў нашай краіне рэформу законнай. У траўні 1997 года быў прыняты статут Саюза Беларусі і Расеі, артыкул 38 якога прадугледжвае, што рабочай мовай органаў Саюза з'яўляецца толькі расейская[18].

Цяпер з-за значнай дыспрапорцыі ва ўжыванні беларускай і расейскай моў і з-за надзвычай неспрыяльнай грамадскай сітуацыі без канкрэтнага садзеяння мінарытарнай беларускай мове немагчыма ўявіць захаванне правоў беларускамоўнай меншасці. Паколькі за апошнія тры гады палітычныя сілы Беларусі, якія спрыяюць сцвярджэнню беларускай мовы, у спрэчках з прэзідэнтам Лукашэнкам нязменна прайграюць, і цяпер яны зусім не прадстаўлены ва ўладных структурах, пастолькі захаванне правоў беларускамоўных людзей сутыкаецца з вялікімі цяжкасцямі. Падчас правядзення масавых палітычных акцый іх удзельнікі часам затрымліваюцца міліцыяй таму, што размаўляюць на беларускай мове. Журналістка Л.Саенка лічыць, што ў Беларусі "само сабой да іншадумцаў адносяцца ўсе, хто размаўляе па-беларуску"[19]. Зафіксаваны выпадкі, калі ўдзельнікам судовых працэсаў забараняюць размаўляць на беларускай мове[20] або спрабуюць спагнаць з асуджаных выдаткі на аплату паслуг перакладчыкаў[21]. Вельмі часта ў Беларусі парушаецца права беларускамоўных людзей на доступ да інфармацыі і абмен ёю. Нават у Палаце прадстаўнікоў, якая прызначана прэзідэнтам і лічыцца заканадаўчым органам, дакументы рыхтуюцца толькі на расейскай мове, што выклікала пратэст аднаго з дэпутатаў[22]. Найвышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі выключна рэдка карыстаюцца беларускай мовай. Паказальна, што старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, навуцы і культуры У.Плецюхоў разумее беларускую мову, аднак не ўмее на ёй размаўляць[23]. У красавіку бягучага года дырэктар Наваполацкай электрацэнтралі выдаў загад, які прадпісвае весці тэхнічную дакументацыю толькі на расейскай мове. Змены ў моўнай палітыцы, што адбываюцца ў апошнія тры гады ў Беларусі, далі падставу Аўстрыйскаму аб'яднанню славістаў у сакавіку гэтага года прыняць спецыяльны "Пратэст супраць дыскрымінацыі беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь"[24].

У бядотным становішчы знаходзіцца цяпер беларускамоўная школа. Нярэдка навучанне пераводзіцца з беларускай мовы на расейскую ў трэціх, чацвёртых, пятых і старэйшых класах. З-за раптоўнай змены моўнага рэжыму пакутуюць дзеці. Сёлета летам у Горадні прайшоў судовы працэс па спозыску да мясцовых уладаў аднаго з бацькоў Ю.Мацко, дачцэ якога пасля заканчэння 5 класа адмовілі ў далейшым навучанні на беларускай мове. Працэс скончыўся не на карысць спаганятага. У цяперашняй вельмі неспрыяльнай для беларускай мовы грамадскай абстаноўцы многія скаргі аб парушэнні моўных правоў і свабодаў грамадзян проста не прымаюцца пад увагу і судовыя справы па іх не заводзяцца.

Такім чынам, сцвярджэнне беларускай мовы ў грамадскім жыцці Беларусі практычна заўсёды суправаджалася значнымі цяжкасцямі, фактычна толькі ў другой палове 20-ых гадоў гэтага стагоддзя лёс спрыяў ёй. На зыходзе камуністычнай эпохі яна знаходзілася ў крызісным стане, і яе канчатковае знішчэнне магло б скончыцца цягам некалькіх дзесяцігоддзяў. Змены канца 80-ых - пачатку 90-ых стваралі пэўныя перадумовы для стрымвання негатыўных працэсаў, аднак з сярэдзіны 90-ых грамадскае быццё беларускай мовы яўна дэградуе. Мне не ўдалося знайсці раўнацэннага беларускага эквівалента венгерскаму выслоўю "Nyelveben el a nemzet" ("Народ жыве праз сваю мову"), што, відаць, сведчыць аб тым, што моўныя каштоўнасці ў жыцці беларусаў займалі не такое заўважнае месца, як у венграў. Пастаяннае знаходжанне ў "зоне ўплыву" дзвюх роднасных моў, польскай і расейскай, наклала незнішчальную пячатку на нашае моўнае быццё. Пасля рэферэндума 1995 года беларуская мова, падобна, пазбаўляецца свайго апошняга бастыёна: яна можа перастаць лічыцца крытэрам нацыянальнай ідэнтычнасці. Калі ў будучыні вынікі рэферэндума не будуць юрыдычна абвергнуты, то можна будзе лічыць, што беларускі народ "сам" выракся свае мовы. У такім выпадку час яе знікнення не забавіцца, а носьбіты гэтай мовы апынуцца ў становішчы, калі нават сама пастаноўка пытання аб захаванні іх моўных правоў будзе лічыцца недарэчнай. Будзем, аднак, спадзявацца, што гэтага не адбудзецца.

Сяргей Запрудскі, кандыдат філалагічных навук

  • С.Г-чъ. Белорусские националисты // Северный вестник. 1897. № 10. - С.20.
  • Навіцкі У. Асаблівасці культурнага жыцця на Беларусі ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 1. - С.99.
  • Літаратура і мастацтва, 2 лістапада 1957 г.
  • Тамсама, 14 снежня 1957 г.
  • Тамсама, 8 студзеня 1958 г.
  • Звязда, 12 красавіка 1959 г. Пра адукацыйную рэформу 1958-1959 гадоў у Савецкім Саюзе падрабязна гл.: Bilinsky Y. The soviet education laws of 1958-1959 and soviet nationality policy // Soviet Studies. Vol. XIV. 1962. № 2. - P.138-157.
  • Ханазаров К. Решение национально-языковой проблемы в СССР. - Москва, 1982. - С.174.
  • Григорьева Р., Мартынова М. Межнациональные отношения в Белоруссии // Новые славянские диаспоры. - Москва, 1996. - С.153.
  • Праграмныя дакументы БНФ "Адраджэнне". - Менск, 1989. - С.1, 17.
  • Першы і другі лісты апублікаваны. Гл.: Letters to Gorbachev. New documents from soviet Byelorussia. - London, 1987.
  • Статут Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. - Менск, 1989. - С.3.
  • Закон Беларусской Советской Социалистической Республики о языках в Белорусской ССР. - Минск, 1990. - С.19.
  • Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. - Менск, 1994. - С.6.
  • Григорьева Р., Мартынова М. Межнациональные отношения в Белоруссии... - С.153.
  • Усенародны рэферэндум не адбудзецца // Народная газета, 22-24 кастрычніка 1994 г.
  • Парламентские выборы в Беларуси; Заявление госдепартамента США по поводу выборов и референдума в Республике Беларусь // Белорусская деловая газета, 22 траўня 1995 г.
  • Свабода, 6-12 снежня 1994; Народная газета, 1 лютага 1995; Свободная мысль. 1996, № 1. - С.57.
  • Звязда, 27 траўня 1997 г.
  • Саенко Л. Белорусская война // Московские новости. 17-24 сентября 1995 г.
  • Народная воля, 19 жніўня 1997 г.
  • Свабода. 18 ліпеня 1997 г.
  • Ляшкевіч Ю. Роля беларускай мовы ў рабоце парламента // Звязда, 1 лютага 1997 г.
  • Народная газета, 24 студзеня 1996 г.
  • Народная воля, 5 красавіка 1997 г.; Наша Ніва, 7 красавіка 1997 г.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.