Дваранства і беларуская мова

Сёньня, калі мы шмат гаворым пра "нацыянальнае адраджэньне", пра "адбудову нацыі", вельмі важна паддаць аналізу само паняцьце беларускасьці, паколькі паняцьце гэтае было катастрафічна звужана да паняцьця сялянскасьці, мужыцкасьці, вясковасьці. Звужанасьць паняцьця беларускасьці сталася псыхалягічнай перашкодай на шляху да адраджэньня, да ўсьведамленьня сябе як паўнавартаснага нацыянальнага арганізму. Звужанасьць паняцьця беларускасьці перагароджвае доступ да разуменьня стратэгічна важных аспэктаў нашае мінуўшчыны, патрэбны для ўмацаваньня будучыні.

Заўважма, што звужэньне паняцьця беларускасьці адбылося ў моц фактараў як аб'ектыўных, гэтак і суб'ектыўных.

Аб'ектыўным фактарам было тое, што фармаваньне тэорыі беларускага адраджэньня (пачынаючы ад гоманаўцаў 1884 года) і фармуляваньне праграмы беларускага руху адбывалася ў імя сацыяльных нізоў, дастаўленых у цэнтр увагі народнікамі, а пасьля сацыялістычнай ідэяй. На пачатку стагодзьдзя беларус прамовіў вуснамі свайго абуджэнца Янкі Купалы: "Я буду жыць, бо я МУЖЫК!"

Суб'ектыўным фактарам было тое, што ворагі беларускага адраджэньня адразу-ж угледзелі ў гэтым мужыкоўстве беларуса аргумэнт супраць беларускага руху - і карыстаюцца гэтым аргумэнтам дасюль - у намаганьні абніжыць беларускую ідэю, перш-наперш беларускую культуру, да сацыяльна найніжэйшага ўзроўню, каб пазбавіць гэтую ідэю агульнанацыянальнай радаслоўнай. А мы ў сваёй несьвядомасьці, у сваім яшчэ ў вялікай меры асяляненым мысьленьні, запраграмаваным нашаніўскай школай і замацаваным ленінскай мэтадалёгіяй, памагаем нашым ворагам у канцэптуальным абкраданьні паняцьця "беларускасьць". Гэтае зьбядненьне саміх сябе ідзе таксама і ад няпоўнага разуменьня існасьці гістарычнага працэсу.

Для разгляду пытаньня сацыяльнай генэалёгіі ідэі самабытнасьці Беларусі, а значыцца, і права беларусаў на дзяржаўную незалежнасьць стаўлю тэзу: гістарычны працэс - гэта сума ўчынкаў людзей, намеры якіх часта былі зусім іншыя, чым вынікі іх учынкаў (суб'ектыўнае і аб'ектыўнае ў гісторыі). На падмацаваньне гэтай тэзы падам ілюстрацыю, усім нам відавочную: намеры і мэты, якія ставілі перад сабой аўтары савецкай перабудовы, былі далёкія ад таго, што атрымалася ў сапраўднасьці, што мы называем аб'ектыўнай гісторыяй.

Газэта "Нью-Ерк Тайме" за 21 ліпеня 92 г. падала выказваньне чэхаславацкага прэзыдэнта Вацлава Гавэла. Пакідаючы сваю прэзыдэнцкую пасаду ў выніку распаду Чэха-Славакіі, Гавэл сказаў пра гэты распад: "Я ня думаю, што які-небудзь адзін чалавек мог бы стрымаць тое, што гістарычна неабходна".

Чалавек праракуе, Бог выракуе. Непадуладнасьць сацыяльна-палітычных працэсаў чалавечай волі адзначана пагаворкамі ў шмат якіх мовах. Вось-жа падобную разьбежнасьць паміж намерамі і вынікамі мы можам прасачыць і ў складаным ды доўгім ходзе беларускага нацыянальнага адраджэньня, у працэсе станаўленьня нашае нацыянальнае сьвядомасьці, ідэі беларускае дзяржаўнасьці. Бяручы агульна, ідэю гэтую фармулявалі ня толькі выхадцы зь сялянства, але таксама людзі іншых станаў, у тым ліку і дваране. У сувязі з гэтым усё наша нацыянальнае адраджэньне дый увесь гістарычны шлях трэба разглядаць у шырэйшай пэрспэктыве, ня звужваючы яго да сялянскага аспэкту.

А што робіцца цяпер у беларускай гістарыяграфіі? Паглядзім, да чаго вядзе, так бы сказаць, мужыкоўскае разуменьне гісторыі свайго краю.

Вось рэфэратыўны зборнік АН Беларусі "Беларусістыка" (№ 11. Мастацтвазнаўства, этнаграфія, фалькларыстыка. Мінск, 1991, с 71-81) апісаў выдадзеную ў Менску ў 1990 годзе кнігу "Сям'я і сямейны быт беларусаў". Рэдагаваў зборнік паважаны сп. Васіль Бандарчык са сваімі калегамі. Гэта першае дасьледаваньне сямейнага быту беларусаў у пэрыядзе ад XIV стагодзьдзя да нашых дзён. Вельмі важная тэма.

Але як разумеюць аўтары кнігі паняцьце "беларуская сям'я"? Я засьцерагаюся, бо самой кнігі ня чытаў і, магчыма, маё ўражаньне пра яе зьменіцца пасьля прачытаньня. Але, мяркуючы паводле даволі дэтальнага апісаньня гэтай публікацыі ў рэфэратыўным зборніку, беларуская сям'я для сп. Бандарчыка - гэта СЯЛЯНСКАЯ сям'я. Сем'і фэадалаў, купцоў, духавенства, бюракратаў і іншых сацыяльных груп, зь якіх складалася гарадзкое жыхарства сярэднявечнай Беларусі, выпалі з поля зроку дасьледнікаў, ня сталіся часткай беларускага гістарычнага ляндшафту.

Гэтак-жа звужана, дарэчы, прадстаўляюць беларускую сям'ю і рэдактары выдадзенай у 1989 годзе энцыкляпэдыі "Этнаграфія Беларусі": паняцьце сям'і тут таксама зьведзенае да сялянскасьці. Працягваецца, такім чынам, канцэптуальнае абкраданьне свае мінуўшчыны, сябе саміх, перад чым перасьцерагаў яшчэ ў сярэдзіне 60-х гадоў Мікола Алексютовіч.

А можа, у мінуўшчыне сапраўды ня было беларускіх сем'яў, апрача сялянскіх ды рамесьніцкіх? Пытаньне, зразумела, рытарычнае. Тым ня менш для скептыкаў зазначу, што, прыкладам, гісторык Васіль Мялешка ў манаграфіі 1988 году пра Магілёў у XVI - сярэдзіне XVII стагодзьдзя піша (падаю у перакладзе з расейскае): "Жыхарства Магілёва складалася з тыповых для фэадальнага гораду сацыяльных груп. Асноўнай сярод іх па сваёй колькасьці і значэньні былі мяшчане. Гэта былі буйныя купцы, сярэднія і дробныя гандляры, рамесьнікі, што знаходзіліся пад юрысдыкцыяй магістрата... Частка жыхарства была прадстаўлена невялікай групай шляхты, духавенства і замкавай адміністрацыі" (с. 160).

Прыклад з асьвятленьнем сям'і нам паказвае, што на беларускую мінуўшчыну яшчэ ня ўсе нашыя гісторыкі глядзяць інтэлектуальна разьняволеным зрокам. Тым часам справа адраджэньня беларускай нацыянальнай сьвядомасьці, а разам з тым і навуковая грунтоўнасьць вымагаюць, каб у энцыкляпэдычных даведніках і дэталізаваных манаграфіях беларуская сям'я разумелася і асьвятлялася ва ўсёй сваёй сацыяльнай і культурнай паўнаце - гэтак, прыкладам, як зрабілі аўтары БелСЭ з артыкулам "Адзеньне", упрыгожыўшы артыкул малюнкамі адзеньня ўсіх сацыяльных пластоў гістарычнае Беларусі.

Шатляндзкі паэт Робэрт Берне у адным са сваіх афарыстычных вершаў, якімі ён славіцца, выказаў пажаданьне, каб была гэткая сіла, якая дала б нам дар бачыць сябе такімі, якімі іншыя нас бачаць. Гэта, бясспрэчна, вялікі дар, якім мала хто валодае,- бачыць сябе такім, якім іншыя цябе бачаць. Але, з другога боку, трэба таксама памятаць, што вонкавы сьвет нас, беларусаў, сьпісаных гуртом у сялянства і аканаваных на сялянства, не пабачыць паўнакроўнай нацыяй, калі мы самі сябе такімі бачыць ня будзем. Хачу тут зазначыць, што гэтае мае сцьвярджэньне аніяк ня трэба разглядаць як нейкую зьнявагу селяніна. Мае бацькі, хоць і мелі настаўніцкую асьвету, былі сялянамі, і да селяніна мы ўсе павінны ставіцца з глыбокай пашанай за ягоную працавітасьць і ягоны творчы талент. Сялянства захавала нашу родную мову, дало кадры адраджэнцаў. На пэўных этапах наш нацыянальны рух чэрпаў свае фізычныя і духоўныя сілы ў асноўным зь сялянства, і ў моц якраз гэтай акалічнасьці шмат хто атаясамляў паняцьце сацыяльнае з паняцьцем нацыянальным. У Дзяржаўнай Думе Расіі 1906-1917 гадоў у даведніках пра нацыянальнасьць дэпутатаў гэтак і пісалі: "белорус-крестьянин" або "крестьянин-белорус".

Але сёньня, калі мы дачакаліся магчымасьці свабодна азірацца на сваю мінуўшчыну, калі ад духовага адраджэньня залежыць - у большай меры, чым людзі звычайна думаюць,- адраджэньне эканамічнае, нам асабліва важна ставіць пытаньне пра ролю прадстаўнікоў вышэйшых і сярэдніх сацыяльных пластоў на Беларусі - дваранства і шляхты - у беларускім нацыянальным адраджэньні. Трэба вызваляцца ад догмаў і шаблёнаў у сваім разуменьні працэсу станаўленьня беларускай нацыянальнай сьвядомасьці і разьвіцьця беларускага адраджэнскага руху. Бо шмат хто з нас усё яшчэ глядзіць на сваю мінуўшчыну праз прызму раньнекупалаўскіх беларусаў, тых, што ідуць "агромністай такой грамадой" са сваёй "крыўдай" на "худых плячах, на руках у крыві, на нагах у лапцях". I пра літаратуру беларускую пішацца, што яна "ад мужыка, пра мужыка і для мужыка".

Пры ўсёй пашане да выдатнае трыбуны сучаснае нацыянальнае думкі, газэты "Літаратура і Мастацтва", нельга не зазначыць, што яе купалаўскі заклік "Людзьмі звацца", паўтараны штотыдня, перашкаджае ўспрыманьню нашае мінуўшчыны ва ўсёй яе шматклясавасьці, бо кладзе акцэнт, запозьнена ўжо для сёньняшняга дня, на гэтых абяздоленых купалаўскіх мужыках.

У нашых нацыянальных інтарэсах сёньня ўстанавіць як мага шырэйшую гістарычную панараму беларускага грамадзтва мінулых стагодзьдзяў. Калі мы будзем глядзець на беларусаў XIX - пачатку XX стагодзьдзя як на выключна плебейскую нацыю - так як на яе глядзелі народнікі 1880-х гадоў,- дык мы не зразумеем свае ідэйнае генэалёгіі ў сёньняшніх новых абставінах, мы ня будзем ведаць усіх вытокаў сучаснае беларускае дзяржаўнасьці. А ведаць іх вельмі важна і з гледзішча на навуковую грунтоўнасьць, і дзеля псыхалягічна-палітычных меркаваньняў. Гэты апошні момант, псыхалягічна-палітычны, важны ў тым сэнсе, што на беларускую дзяржаўнасць шмат хто яшчэ глядзіць як на байструка гісторыі, як на нейкую анамалію сацыяльнай прыроды.

Вось чаму зноў і зноў трэба ставіць пытаньне: хто ж на працягу апошніх двух стагодзьдзяў пракладаў канцэптуальны шлях да незалежнасьці Беларусі ў сэньсе фармуляваньня ідэі апрычонасьці і самабытнасьці беларускага народу? Дзе ідэйныя вытокі Акту 25 сакавіка 1918 году і, паслядоўна, Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі 27 ліпеня 1990 году?

Ці была якая-небудзь роля беларускага дваранства ў зацяжным працэсе станаўленьня беларускае дзяржаўнасьці? Няхай нас не бянтэжыць факт, што ў сваёй большасьці дваране XIX - пачатку XX стагодзьдзя не выглядаюць беларусамі, калі мераць іх сёньняшняй меркай. Гэткае мераньне было-б мэтадалягічна памылковым і палітычна шкодным. Ды мы і ня можам вымагаць ад якога-б там ні было беларуса, ані ў мінуўшчыне, ані ў сучаснасьці, нейкае стопрацэнтнае адпаведнасьці пэўнаму стандарту ў поглядах, бо такое вымаганьне - гэта дагматычны і антыдэмакратычны нонсэнс. Значыцца, у кожнага свайго папярэдніка на ніве беларушчыны, разумеючы беларушчыну ў самым шырокім сэнсе, трэба шукаць элемэнтаў, якія працавалі б на карысьць нашага нацыянальнага адраджэньня. У падыходзе да гістарычных постацяў патрэбны сьветапаглядная талерантнасьць і разуменьне, што кожная эпоха, кожны пэрыяд мае свае ідэйныя асаблівасьці. Урэшце, паўтараюся, трэба глядзець на гістарычны працэс як на пэўнага роду будаўніцтва, у якім той, хто ўкладае сваю цагліну, ня ведае, як ягоная будыніна будзе выглядаць пры наступных пакаленьнях.

Мяшчане акадэмік Яўхім Карскі і этнограф Аляксей Сапуноў, дваране-памешчыкі Аляксандр Ельскі, Раман Скірмунт і князь Іеранім Друцкі-Любецкі, як і шмат іншых прадстаўнікоў дваранскіх родаў на Беларусі, пры ўсіх іх сьветапоглядных і палітычных сваеасаблівасьцях, унесьлі кожны свой уклад у тую Беларусь, якую мы бачым перад сабой сёньня. I можна сьмела сказаць, што ніхто зь іх ня мог прадбачыць, якой гэтая Беларусь будзе пад канец XX веку, так як тысячы заходніх саветолягаў не маглі прадбачыць нават тры гады наперад, які будзе вынік гарбачоўскае перабудовы зь яе канцом камуністычнае "імпэрыі зла".

Акадэмік Карскі гаварыў пра беларускую мову як пра "наречие" або "западно -русский язык" і быў далёкі ад думкі пра палітычную незалежнасьць Беларусі. А на самой справе Карскі, як ніхто іншы, спрычыніўся да ўмацаваньня гэтага "наречия" як мовы, што сталася галоўным аргумэнтам у нашым змаганьні за незалежнасьць.

Этнограф Сапуноў быў, паводле нашых сучасных мерак, "западна-русам". На "западна-русаў" сёньняшнія незалежнікі глядзяць як на ідэйных недаросткаў. Але гэта Сапуноў бараніў у Дзяржаўнай Думе, дзе ён быў дэпутатам ад Віцебскай губэрні, права беларусаў на нацыянальнае самавызначэньне і сваімі публікацыямі падтрымліваў веру, што да гэтага самавызначэньня дойдзе. У 1910 го дзе ў "Витебских Губернских Ведомостях" у нарысе "Беларусь і беларусы" (нарыс выйшаў таксама асобнай брашурай) Сапуноў надаваў вялікае значэньне гістарычным ведам як фактару нацыянальнай сьвядомасьці і жыцьцяздольнасьці нашага народу. Пра этнаграфічныя працы Раманава, Гільдэбранта, Бяссонава, Шэйна, Нікіфароўскага ды іншых Сапуноў казаў, што яны "зьняпраўдзілі пашыраную думку пра кволасьць і друзласьць натуры нашчадкаў гэных грозных палачанаў, як пра іх кажацца ў "Слове аб палку Ігаравым".

Дваранін Раман Скірмунт, род якога стагодзьдзямі жыў на Палесьсі, быў асуджаны абэцэдараўцамі як "рэакцыйны памешчык і контррэвалюцыянер" на гістарыяграфічную сьмерць, на замоўчваньне. Контррэвалюцыянерам Скірмунт, бясспрэчна, быў, але не рэакцыянерам. Наадварот, ён належаў да ліку прагрэсіўных гаспадарнікаў. Як дэпутат Першай Дзяржаўнай Думы ў 1906 годзе Скірмунт выказваў погляды, да якіх варта было б прыслухацца шмат якім дэпутатам сучаснага Вярхоўнага Савета Беларусі. Скірмунт выступаў супраць нацыяналізацыі зямлі, але за права сялянаў на павялічэньне іх гаспадарак. За нацыяналізацыяй зямлі Скірмунт празорліва бачыў тое, што сталася пасьля ў выніку калектывізацыі - валадарства бюракратаў. На чыю карысьць нацыяналізацыя пойдзе? - ставіў ён пытаньне. I адказваў: "Адзіным спадкаемцам, адзінай юрыдычнай асобай, якая прыняла-б у сваю собскасьць усе адчужаныя землі, была-б дзяржава. Ізноў лахва бюракратыі Эльдарада... Сын ня будзе карыстацца вынікамі працы свайго бацькі. Пладамі працы ранейшых уласьнікаў будуць карыстацца новыя, чужыя людзі".

Пра Рамана Скірмунта ў шмат якіх дарэвалюцыйных выданьнях можна прачытаць як пра "паляка". Тым жа часам сам Скірмунт сябе за паляка не ўважаў. У Дзяржаўнай Думе ён быў адным зь ініцыятараў руху за аўтаномію Беларусі насуперак некаторым польскім дзеячам. Вынікам гэтага руху было тое, што дэпутаты беларускіх губэрняў, якія стаялі за аўтаномію, не ўвайшлі ў аўтанамістычнае Польскае Кола, а ўтварылі сваю асобную трупу. Да гэтае трупы, апрача Скірмунта, належалі дэпутаты Лядніцкі, Масоніўс, віленскі епіскап Роп, Ялавецкі, ксёндз Сангайла ды іншыя прадстаўнікі беларускіх губэрняў.

У жніўні 1906 года пасьля разгону Першай Дзяржаўнай Думы вядомы польскі палітычны дзеяч Раман Дмоўскі пісаў пра свае разыходжаньні са Скірмунтам у кіеўскай польскай газэце "Дзеньнік Кіевскі" гэтак: "Скірмунт перш-наперш не ўважае сябе за паляка.

У гутарцы са мною ён заявіў, што ён беларус, які адно ўзгадаваны ў польскай культуры,- што... ён ня мае найменшае патрэбы залічаць сябе да народнасьці, зь якою яго зьвязвае адно культура".

Князь Іеранім Друцкі-Любецкі, прадстаўнік старажытнага беларускага дваранскага роду, быў у Першай Дзяржаўнай Думе дэпутатам ад Менскае губэрні. Ягоныя ідэйна-палітычныя погляды за часамі рэвалюцыі 1905-1906 гадоў былі ў духу часу. Друцкі-Любецкі ня толькі захапляўся інтэрнацыяналісцкімі ідэямі сацыялізму, але арганічна спалучаў зь імі і ідэю нацыянальнага самавызначэньня Беларусі. У адным са сваіх думаўскіх выступленьняў у часе абмеркаваньня зямельнага пытаньня ён заяўляў: "Пачуцьцё ўласнасьці гэтак глыбока прасякла ў душу жыхарства Паўночна-Заходняга краю, што яно заве гэтую зямлю сваёй зямлёй, а прынцып собскасьці гэтак грунтоўна яму ўласьцівы, што, уласна кажучы, яно нават уважае, што ўся тэрыторыя павінна належаць жыхарству, якое на ёй жыве".

У гэтых словах князя Друцкага-Любецкага быў выказаны галоўны палітычны пастулят цэлае групы дэпутатаў беларускіх губэрняў, гэтак званых "тэрытарыялістаў", што дамагаліся ў Першай Дзяржаўнай Думе Расіі аўтаноміі для Беларусі як перадумовы правядзеньня зямельнае рэформы.

Пра што гавораць нам прыклады з Карскім, Сапуновым, Скірмунтам і Друцкім-Любецкім? Ды пра тое, што беларускасьць у розных формах і з рознай ступеньню інтэнсыўнасьці праяўлялася сярод розных сацыяльных пластоў, у тым ліку сярод дваранства. Погляды гэтых людзей, іх дзейнасьць не маглі ня мець уплыву на станаўленьне ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня, на разьвіцьцё беларускага руху ў кірунку да свае дзяржаўнасьці. Гэта значыць, што беларускі нацыянальна-гістарычны гмах другой палавіны XIX стагодзьдзя ня быў канчаткова зруйнаваны аж да свайго сацыяльнага падмурку - сялянства, а былі яшчэ ў ім сьцены і нават крыху даху.

Мяне ўразіў пададзены гісторыкам Паўлам Церашковічам факт (гл. "Весці АН БССР", серыя грамадзкіх навук, № 5, 1986, с. 94), што "згодна зь перапісам 1897 году з 153 тысяч прадстаўнікоў саслоўя дваран 43,3 працэнта прызналі роднай моваю беларускую". Гэта больш за 65 тысяч беларускамоўных дваран!

Маса народу! Дзе-ж у нашай гістарыяграфіі сьляды гэтых дзесяткаў тысяч людзей?! Яны-ж у моц свайго прызнаньня беларускае мовы павінны былі неяк выявіць гэтую сваю беларускасьць. Пошукі іх сьлядоў стаяць сёньня на парадку дня перад беларускімі гісторыкамі. "Пачнём някратаны паданьні сачыць пад бацькаўскай страхой",- заклікаў Янка Купала.

Трэба думаць, праўда, што для шмат каго з тых беларускамоўных дваран 1897 году беларуская мова была проста "наречием русского языка", а палітычны ідэал ня выходзіў за рамкі "западнорусизма". Але былі і дваране-аўтанамісты, што сталіся пасьля незалежнікамі. Быў дваранін Аляксандр Уласаў, выдавец "Нашай Нівы"; былі дваране браты Іван і Антон Луцкевічы, арганізатары і галоўныя публіцысты "Нашай Нівы"; была княгіня Магдалена Радзівіл, якая фінансавала выданьне Багдановічавага "Вянка", газэты "Беларус" (1913-1915).

У цудоўным зборніку матэрыялаў Генадзя Кісялёва "Пачынальнікі", у рэдагаваньні якога браў удзел і наш паважаны Адам Мальдзіс, XIX стагодзьдзе поўніцца дваранамі, пачынальнікамі беларускага нацыянальнага Адраджэньня. I яны сёньня сьведчаць перад намі, што за іхнымі часамі - гэта сярэдзіна XIX стагодзьдзя - беларускай мовай "любілі размаўляць паміж сабой старыя паны, што яшчэ жывуць". У 1868 годзе дваранін Вінцук Дунін-Марцінкевіч у сваім прывітальным вершы на прыезд Концкага, Сыракомлі і Манюшкі, гаворачы пра Сыракомлю, які паралельна з польскай ужываў у сваёй творчасьці беларускую мову, пісаў: "Другі дудар як запяе пад дудку сваячу, вось і добры пан заплача - і я зь ім заплачу". Свой пераклад "Пана Тадэвуша", "перавернутага на беларускую гаворку", як зазначыў сам Дунін-Марцінкевіч, ён ахвяраваў, кажучы ягонымі словамі, панам і простаму народу з-над Дняпра, Дзьвіны, Беразіны, Сьвіслачы, Віліі і часткова Нёмана.

Статыстыка - нудная рэч, але часамі яна бывае больш красамоўнай за слова. Чаго сёньня вельмі патрабуе беларуская гістарычная навука, а разам зь ёй і грамадзкая псыхалёгія, гэта - адпаведнай статыстыкі беларускага руху апошніх 150 гадоў. Гэта нам патрэбна, каб паглядзець, да якіх сацыяльных груп належалі тыя, што ўкладалі цэглы ў падмурак і ў сьцены нацыянальнае будыніны, якую мы сёньня завём сувэрэннай Рэспублікай Беларусь. Думаю, што такая статыстыка, належна пракамэнтаваная, адчыніла-б шмат каму з нашых сучасьнікаў вочы на беларушчыну ва ўсёй яе сацыяльна-культурнай шматграннасьці, каб беларушчына для іх перастала быць лапцюжнай і мужыцкай.

Хачу тут далучыцца да закліку ўніклівага нашага філосафа Уладзіміра Конана, выказанага ў леташнім жнівеньскім нумары часопісу "Полымя": "Давайце будзем супрацоўнічаць у адбудове Беларусі - з усімі, хто адмовіўся ад палітыкі ліквідацыі беларусаў як нацыі,- з дэмакратамі і беларускімі камуністамі, з каралямі і вялікімі князямі, зь "левымі" радыкаламі і "правымі" кансэрватарамі - з усімі, хто шчыра прызнае гістарычнае права беларускае нацыі на яе будучыню".

I памятайма, што наш маральны абавязак перад памяцьцю папярэднікаў, а разам з тым і прынцып добрай гаспадарлівасьці вымагаюць, каб у далейшым адбудоўваньні Беларусі выкарыстоўваліся абсалютна ўсе рэсурсы, якія гэтае будаўніцтва мацуюць і забясьпечваюць яму трывалую будучыню.

Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.