Некаторы ўвагі да беларускае літаратурнае мовы

Прадмова

Нарадзілася беларуская дзяржаўнасьць, нарадзілася беларуская школа. Зьявілася пільная патрэба даць назовы й выражэньне тым новым культурна-нацыянальным формам жыцьця, якіх ня было або якія былі, але даўно забыліся. Трэба вытвараць новыя словы, новыя фразэолёгічныя ды сынтаксычныя звароты.

Да гэтае работы наша інтэлігэнцыя выступіла з псыхолёгіяй расейскае мовы, з расейскім думаньнем, з расейскім, а часам і з польскім спосабам выкладаньня сваіх думак на пісьме. Захаваўшы поўны запас незабытых беларускіх слоў, нашая інтэлігэнцыя старалася выражаць свае думкі гэтымі словамі, але, навучаная школай пісаць парасейску, яна несьвядома для сябе, пры незнаёмстве з сынтаксычнымі фактамі беларускае мовы, злучала беларускія словы ў чужыя формы, паводле расейскага ці польскага сынтаксу. З гэтае прычыны сучасная беларуская-літаратурная мова ўвабрала ў сябе шмат неўласьцівых беларускай мове сынтаксычных і фразэолёгічных зваротаў.

Пісаць пабеларуску мы ня вучыліся, - тымчасам, гаварыць у тэй ці іншай мове і выкладаць свае думкі ў гэтай мове на пісьме - гэта далёка не адно й тое. Ня вучыўшыся, ня кожны патрапіць дакладна выславіцца на пісьме. Наша сялянства добра гаворыць пабеларуску, але граматны селянін не напіша пісьма пабеларуску. Гаварыць - гаворыць пабеларуску, а пісаць будзе парасейску, як навучыла яго школа. Гэтага, здаецца, зусім простага факту не разумеюць людзі падчас з высокай школьнай кваліфікацыяй. [...]

Галоўная сіла не ў паасобных запазычаных словах: яны зараз-жа абеларушваюцца (спажываюцца) і мала адбіваюцца на духу мовы, як мала адбіваюцца на нашай беларускай прыродзе прывозныя продукты: газа, соль, жалеза, і т.далей. Дух мовы - гэта яе сынтакс, яе фразэолёгія, яе ўласьцівы спосаб выражэньня. Сіла тут не ў паасобных словах, а ў тых сынтаксычных формах, у якія мы злучаем словы для выражэньня таго, што нам трэба выказаць. Пераймаючы чужыя сынтаксычныя звароты, мы надаём нашай літаратурнай мове неўласьцівага беларускай мове характару і тым абарачаем яе ў нейкі ня існуючы дыалект, або ў карыкатуру. Наша кніжная мова, мова школьных падручнікаў, популярных народных кніг і асабліва мова штадзённых газэт, агулам кажучы, мала падобна да сапраўднай жывой беларускай, або крывічанскай ці крывіцкай, мовы ды прыпадобнілася да адзежы з чужога пляча. [...]

Мова кожнага народу разьвіваецца сваім асобным шляхам, залежным перш-на-перш ад фізіолёгічных асаблівасьцяй гэтага народу, а потым ад розных акалічнасьцяй яго прамінулага й сучаснага. Адгэтуль, кожная мова мае асаблівасьці - свае асобныя гукі, словы, зьмены слоў, свой асобны спосаб выражаць свае мысьлі, пачуцьці, пажаданьні і т.д. - словам, сваю фонэтыку, морфолёгію, этымолёгію й сынтакс. Усё гэта агулам становіць тое, што навука называе фактамі мовы. Факты мовы, зьвязаныя з словам мовы, дасьледжвае граматыка. [...]

Граматыка знаёміць нас усіх з найбольш пашыранымі, характэрнымі фактамі народных дыалектаў, а ўжо поэты і пісьменьнікі твораць з гэтых фактаў на аснове тых законаў, якім падпарадкаваны гэтыя факты, супольную мову, адну гутарку, адзін дыалект, які называецца літаратурнай мовай. На пачатку літаратурная мова вытвараецца несьвядома, інтуіцыйна, але сама гэтая несьвядомасьць, інтуіцыя падпарадкавана таму закону, які ляжыць у васнове літаратурнае мовы. Гэта значыць, што сапраўдны поэта, сапраўдны пісьменьнік ня можа пісаць сваім мясцовым дыалектам (гутаркай, гаворкай), бо ён хоча, каб яго чыталі ды разумелі найбольш шырокія кругі грамадзянства. Вось чаму мова сапраўдных поэтаў і пісьменьнікаў-пачынальнікаў звычайна кладзецца ў аснову літаратурнае мовы. Поэты й пісьменьнікі інтуіцыйна адчуваюць пануючыя, характэрныя факты розных дыалектаў свайго народу ды кладуць іх у васнову свае мовы. І іх мова звычайна бывае чыстай народнай мовай, калі яны не заражаны ўплывам чужой пануючай мовы...

Граматыка беларускае мовы (яе морфолёгія, этымолёгія, сынтакс) адкрывае ў ёй шмат багацьця й хараства. Трэба ведаць гэтае багацьце і адчуваць гэтае хараство, каб навучыцца выражаць сваё мысьленьне ў формах беларускае мовы, ня кажучы ўжо пра тое, што й нашае мысьленьне ў поўнай меры залежыць ад формаў нашае мовы.

Цьвёрда ўстаноўленай, у шырокім значэньні, беларускае літаратурнае мовы яшчэ няма, і гэтая неўстаноўленасьць нашае літаратурнае мовы становіцца нам у прыгодзе тым, што дае шырокія магчымасьці ды пазваляе перш-на-перш стаць на народны, дыалектычны грунт і ў сваім разьвіцьці пайсьці за разьвіцьцём жывое разгаворнае мовы. Іначай кажучы, наша літаратурная мова яшчэ мае поўную магчымасьць стаць такою мовай, якою загаварыў-бы сам народ, дайшоўшы адпаведнай ступені культурнага разьвіцьця.

Нямецкая літаратурная мова вельмі разьвітая, а тымчасам немцы, не зважаючы на сваю багата разьвітую літаратурную мову, пастаянна зварачаюцца да народных гутарак (мясцовых дыалектаў), каб асьвяжыцца, каб мець пастаянную сувязь з народнай моўнай крыніцай. Немцы разумеюць, што літаратурнай мове йдзе на карысьць як існаваньне дыалектаў (паасобных народных гутарак), так і пастаянная сувязь з імі, іначай літаратурнай мове пагражае небясьпека амярцьвець. Жыцьцё й сьвежасьць літаратурнае мовы можна захаваць толькі ў тым выпадку, калі нязьменна трымацца народных крыніц, народных формаў мовы ў тым іх відзе, як яны (формы) жывуць і разьвіваюцца ў паасобных народных гутарках.

Як-жа нам зблізіць нашу літаратурную мову з мовай народнай? Як захаваць яе дух, яе асаблівасьці, - як навучыцца пабеларуску думаць, пісаць, гаварыць ды ня зьбівацца на чужое?

Рада тут можа быць толькі такая. Хто ня мае магчымасьці вучыцца ў самога народу, той павінен уважна чытаць народную вусную творчасьць у форме песень, казак, загадак, прыказак, дзе мова шліфавалася соткі год, а чытаючы, старанна адзначаць усё асаблівае, цікавае, беларускае, - свае словы, звароты, сынтаксычныя формы. А потым трэба ведаць граматыку мовы, як школьную, так і навуковую, якая навукова знаёміць з фактамі мовы. Школьная граматыка знаёміць нас з агульнапрынятымі фактамі, а навуковая граматыка высьвятляе ўсе асаблівасьці мовы ў іх гістарычным разьвіцьці. Такое сьвядомае станаўленьне да фактаў свае роднае мовы памагае выпрацаваць у сабе пэўнае чуцьцё мовы або тое, што немцы называюць Sprachgefuehl. Гэтае чуцьцё асаблівасьцяй свае роднае мовы становіцца ў вялікай прыгодзе тады, калі думка, шырэючы ды йдучы ў глыб, шукае новых зваротаў у мове, калі трэба знайсьці сувязь паміж матар'яльным і разумовым (конкрэтным і абстрактным) значэньнем паасобных слоў і цэлых моўных зваротаў.

Вытварэньне літаратурнае мовы шмат і шмат залежыць ад суб'ектывізму аўтораў-пісьменьнікаў і поэтаў. Датрымліваючы асаблівасьць і дух свае народнае мовы, кожны аўтор крышталізуе, шліфуе, - словам, стылізуе, вырабляе народную мову, мову дыалектаў на ўзор таго, як гармонізуюцца народныя песьні. Гэта й ёсьць тое, што становіць лінгвістычны, моўны густ таго ці іншага аўтора, або яго чуцьцё мовы. А літаратурная мова - гата стылізацыя, або гармонізацыя народных гутарак, - найбольш пашыраных, характэрных, тыповых фактаў гэтых гутарак. [...]

Літаратар, пісьменьнік, стылізуючы народную мову, мусіць заўсёды мець на ўвазе ды ня спускаць з вока таго, ці пашыраны той ці іншы факт мовы ў шырокіх народных масах, каб не заблудзіць у паветалізмах, у малавядомых фактах. Бо толькі тая песьня варта гармонізацыі і прыдзецца да густу шырокім колам грамадзянства, якая пашырана ў народзе ды адбівае пачуваньні шырокіх мас. Песьні сьцісла мясцовыя, невядомыя або мала вядомыя грамадзянству, нават пры сама удалай гармонізацыі, ня зробяць адпаведнага ўражаньня, не захопяць публіку і ня стануць агульным набыткам. Гэтак і моўны факт, становячы сабою вузкі паветалізм, нават трапна стылізованы, заўсёды рызыкуе забыцца, не прышчапіцца і не абернецца ў літаратурны факт, каб стаць набыткам для агульнага ўжытку. Тут, пры выбары моўных фактаў, усё залежыць ад асабістага чуцьця таго, хто піша; сама лепшая рада тут мала паможа: тварыць ня кожнаму дано. [...]

Нашым літаратурным работнікам трэба даць як можна больш моўнага матар'ялу для апрацоўкі, для стылізацыі. Трэба пазнаёміць іх з багатымі сырымі запасамі нашае мовы, трэба паказаць ім нашае багацьце. [...]

У гэтым кароткім нарысе я хачу зрабіць некаторыя ўвагі сынтаксычнага характару што да беларускае мовы і тым стаць у прыгодзе нашай літаратурнай мове. Тут я пакажу на некаторыя, найбольш характэрныя ды пашыраныя хібы нашае сучаснае літаратурнае мовы ды падам іншыя формы й звароты, а таксама пакажу на тыя асаблівасьці беларускае народнае мовы, якіх літаратурная мова павінна трымацца, каб не адарвацца ад народнй (дыалектычнай) крыніцы да ня стаць штучнай і мёртвай, якой робіцца ўжо бліжэйшая да нас расейская мова. [...]

Сучасная літаратурная расейская (велікаруская) мова вытварана велікарускімі вышэйшымі каманднымі станамі і іх паслугачымі, адарванымі ад народных мас, на аснове ц.-славянскае мовы з элемэнтамі старасьвецкай беларускай (і ўкраінскай) літаратурнай мовы, таксама штучнай і далёкай ад жывой народнай мовы. І не зважаючы на пэўную прымесь у ёй элемэнтаў велікарускае маскоўскае гутаркі (дыалекту), гэтая расейская літаратурная мова з аднолькавым правам можа называцца беларускай і ўкраінскай мёртва-літаратурнай мовай, як некалі была такою мовай для гэтых народаў ц.-славянская мова. І, глянуўшы на расейскую літаратурную мову з гістарычнага боку, трудна сказаць з пэўнасьцю, хто быў яе пачынальнікам - самі велікарусы ці беларуска-ўкраінскія выхадцы? Прынамсі, не падлягае сумненьню, што такія асобы, як Сымон Палацкі, Феофан Пракаповіч і іншыя, далей - славянская граматыка Мелеція Сматрыцкага, што служыла ўзорам Ламаносаву, потым Гогаль, Булгарын, пра каторага наша поэма кажа, што ён быў "рэдактор усіх газэт" (расейскіх, разумеецца), і шмат, і шмат іншых, іменьні каторых "ты, госпадзі, весі", - ня мала папрацавалі над расейскай літаратурнай мовай. Таксама ня мала папрацаваў над ёю і немец Грот; Грот блага нават гаварыў парасейску, а тымчасам даў расейцам свой, усім вядомы, правапіс, які пануе ў іх і дагэтуль.

Усё гэта, агулам узятае, не магло, разумеецца, спрыяць сапраўднай велікарускай літаратурнай мове і зрабіла тое, што яна стала мовай акадэміцкай, габінэтнай, мовай кніжнай у найгоршым значэньні гэтага слова. А з рэштай, як-бы яно там ня было, а факт застаецца фактам: сучасная расейская літаратурная мова чужая і малапрыступная шырокім велікарускім народным масам. Яе сынтаксычныя, фразэолёгічныя звароты, дзесяткі соцень такіх ц.-славянскіх слоў і зваротаў у мове, як - одежда, надежда, рождество, хожденіе, расписавшийся, идущий, говорящий, удивительно, поразительно, супярэчных жывой мове, каменным мурам стаяць паміж мовай народнай і мовай літаратурнай.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.