Гістарычныя навіны

Высяляюць таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры

15:15

Кіраўніцтва Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры распаўсюдзіла заяву з нагоды пазбаўлення грамадскай арганізацыі юрыдычнага адрасу.

“Задушэнне арганізацыі праз пазбаўленне юрыдычнага адраса Таварыства разглядае, як помсту дзяржаўных органаў грамадскаму аб’яднанню, якое за апошні год актывізавала сваю працу ў галіне маніторынгу за выкананнем заканадаўства па ахове помнікаў, інфармавання беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці па фактах яго парушэння”, – гаворыцца ў заяве, падпісанай прыхільнікамі Руху “За Свабоду”, старшынямі Рэспубліканскай і Мінскай рад таварыства Антонам Астаповічам і Змітром Каспяровічам.

У інтэрв’ю Рацыі старшыня Таварыства Антон Астаповіч распавёў, што з аб’яднаннем не працягнулі дамову на арэнду і адпаведна аказаўся страчаным юрыдычны адрас.

- Ужо ёсць новы юрыдычны адрас, - кажа спадар Астаповіч, - і будзе мяняцца статут. Але будынак, у якім дагэтуль мы знаходзілася, на 60% узведзены за грошы Таварыства. Мы маем права на кампенсацыю і ад свайго не адступімся. Зараз рыхтуем заяву ў Гаспадарчы суд з патрабаваннем вярнуць нам гэтыя грошы – сотні мільёнаў беларускіх рублёў.

Старшыня Таварыства таксама адзначыў, што аб’яднанне будзе працягваць сваю дзейнасць у любых умовах, нават пры пазбаўленні рэгістрацыі.

Наталля ЯКАВЕНКА
Крыніца: "Радыё Рацыя"




У Міры пройдзе сьвята мастацтваў

12:49

У старажытнае мястэчка Мір 31 траўня прыйдзе сьвята мастацтваў "Мірскі замак", сёлета яно будзе шостым па ліку.

Традыцыйна ў рамках сьвята пройдуць навуковыя чытаньні, у Доме культуры адкрыецца выстава фотамастакоў Гарадзеншчыны "Беларусь старажытная".

І старажытная музыка стане галоўным цьвіком праграмы. Асобную праграму прывязе камэрны аркестар Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, якім падчас гэтага канцэрта Міхаіл Фінберг даверыць кіраваць дырыжору Валерыю Сароку.

"Музыка ў духоўнай прасторы Беларусі. Шлях праз стагодзьдзі" - развагі на гэтую тэму будуць асабліва плённымі ля старажытных сьцен замку пад музыку, якую можна будзе паслухаць у выкананьні розных камэрных калектываў.

Але і жыхары раённага цэнтра Карэлічы далучацца да сьвята - для іх рыхтуецца вялікая праграма канцэрту з удзелам салістаў Нацыянальнага канцэртнага аркестру пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Крыніца: "Наша Ніва"




Фестываль памежнага фальклору ў Польшчы

08:53

З 5 па 8 чэрвеня у музеі малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах, які знаходзіцца ў прыгарадзе Бельска Падляшскага, пройдзе 5-ы Міжнародны фестываль веснавога фальклору “Там по маёвуй росі”.

Удзел у мерапрыемстве прымуць выканаўцы традыцыйнага фальклора з Падляшша і памежных раёнаў Беларусі і Літвы.

На сёлетнім фестываль прыедуць калектывы з беларускага Палесся і найлепшы калектыў традыцыйнага фальклора з Літвы “Saucejas” (Академія культуры Літвы). У межах фестывалю пройдзе таксама семінар, прысвечаны веснавому фальклору і адкрытыя заняткі, якія правядуць народныя музыкі і інструменталісты.

Крыніца: "Радыё Рацыя"




Вільня як месца памяці многіх нацый

08:36

Герб Вільні21 – 22 мая у Вільні адбыўся міжнародны навуковы семінар “Вільня як месца памяці многіх нацый”. Семінар быў арганізаваны як сумесны праект Інстытута гістарычных даследаванняў Беларусі пры ЭГУ (А.Смалянчук) і Інстытута гісторыі Літвы (А.Нікжэнтайціс).

Удзельнікі семінара аналізавалі працэс “нацыянальнай прыватызацыі” Вільні народамі рэгіёну ў 20 ст. Навукоўцы дыскутавалі па праблемах, якія на працягу ўсяго мінулага стагодзьдзя стваралі “кропкі напружаньня” ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе. У цэнтры абмеркаваньня аказаліся нацыянальныя сімвалы горада і “знакі культуры” літоўцаў, беларусаў, палякаў, расейцаў, габрэяў ды інш., праз якія і адбывалася “прысваенне” Вільні народамі рэгіёну. Пры гэтым закраналіся розныя аспекты нйноўшага асэнсаваньня праблематыкі памяці (Яан і Алеіда Асман, Морыс Хальбвакс, П’ер Нара), абмяркоўваліся канцэпцыі шматкультурнасці ў дачыненьні да горада, ўздымалася пытаньне культурнага і канфэсійнага памежжа.

“Беларускі бок” на семінары прадстаўлялі Алесь Смалянчук ("Беларускія нацыянальныя сімвалы Вільні"), Захар Шыбека і Сяргей Харэўскі ("Вільня ў гісторыі беларускай культуры").

Літоўская гістарыяграфія была прадстаўлена віленскімі даследчыкамі Альвідасам Нікжэнтайцісам ("Нацыянальны сімвал горада"), Дангірасам Мачулісам і Рымантасам Мікнысам ("Літоўскія нацыянальныя сімвалы"), Юргітай Вербіцкене ("Габрэйская Вільня") і Альфрэдасам Бумбляўскасам ("Як падзяліць Вільню").

Польскія нацыянальныя сімвалы Вільні і “знакі польскай культуры” горада былі прааналізаваны ў рэфератах Малгажаты Каснер (Варшава) і Дануты Бернатовіч (Вільня).

Актыўны ўдзел у працы семінара прынялі гісторыкі зь Нямеччыны -- Петэр Гаслінгер p Марбургу ("Паняцце шматкультурнасці горада") і Алена Тэмпер зь Ляйпцыгу ("Вільня ў працах нямецкіх гуманітарыяў 1991-2008 гг."), а таксама Давід Фішман зь Нью Ёрку ("Габрэйскія нацыянальныя сімвалы Вільні") і Міхаіл Далбілаў зь Пецярбургу ("Вільня ў імперскай і расейскай самасьвядомасці канца XIX–пачатку XX ст.").

У заключнай дыскусіі яе ўдзельнікі падкрэсьлілі важнасць узнятае праблемы і выказалі жаданьне працягваць распачатыя даследаваньні. Відавочна, што яны будуць мець міждысцыплінарны характар і выйдуць за межы ўласна гістарычнага дасьледаваньня.

Крыніца: "Наша Ніва"




 «За мінулы дзень |  Усе за месяц  | За наступны дзень»