Гістарычныя навіны

Дэмантаж помніка архітэктуры XIX стагоддзя па вуліцы Рэвалюцыйнай у Мінску праводзіўся без дазволу Мінкульта

14:44

Дэмантаж помніка архітэктуры XIX стагоддзя міжнароднага значэння - жылога будынка ў стылі класіцызму з элементамі эклектыкі па вуліцы Рэвалюцыйнай, 17 у Мінску - праводзіўся без дазволу Міністэрства культуры. Аб гэтым гаворыцца ў адказе намесніка міністра культуры Уладзіміра Грыдзюшкі на запыт старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча.

У лісце, у прыватнасці, паведамляецца, што будынак незаконна дэмантаваны на падставе рашэння Мінскага гарвыканкама ад 29 лютага 2008 года.

Унікальны двухпавярховы жылы будынак з дэкараваным фасадам, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, быў знесены 14 сакавіка. Гэты будынак рэстаўраваўся, і працэс яго аднаўлення знаходзіўся на завяршальнай стадыі. Аднак на працягу некалькіх дзён ТАА "ТаПас" будаўнічага ўпраўлення № 2 ААТ "Будтрэст № 7" разбурыла гэты помнік айчыннага дойлідства, на месцы якога запланавана ўзвядзенне комплексу адміністрацыйных будынкаў. Па факце знішчэння будынка прызначана пракурорская праверка.

У інтэрв'ю БелаПАН А.Астаповіч зазначыў, што факты, прыведзеныя ў лісце Мінкульта, супярэчаць рэчаіснасці. Паводле яго слоў, падрадчык работ, "Будтрэст № 7", не мог ажыццяўляць дэмантаж помніка архітэктуры без пакета неабходных дакументаў, у тым ліку дазволу Міністэрства культуры. "І такі дакумент ёсць у "Будтрэсце № 7", у чым асабіста я ўпэўніўся. Аднак мне не дазволілі яго ксеракапіраваць", - заявіў А.Астаповіч.

Крыніца: "Радыё Рацыя"




На Гомельшчыне адчыняць музей першабытнага чалавека

13:34

Першабытныя людзіСтаянку першабытнага чалавека ў Юровічах Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці плануюць ператварыць у музей пад адкрытым небам. Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны разгледзела архітэктурны праект музея і ўнесла свае прапановы па яго дапрацоўцы, паведаміў карэспандэнту намеснік міністра культуры Уладзімір Грыдзюшка.

Па інфармацыі афіцыйнай старонкі Калінкавіцкага райвыканкама, стаянцы першабытнага чалавека прыкладна 26,5 тыс. гадоў. На месцы стаянкі праведзеныя раскопкі пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук Алены Калечыц. Сабрана вялікая колькасць знаходак, якія пацвярджаюць старажытнасць селішча. Адной з найболей сенсацыйных знаходак стала галава маманта з біўнямі, якая цалкам захавалася.

У цяперашні час добраўпарадкаваная тэрыторыя месца стаянкі, збудаваная лесвіца для ўздыму на ўзгорак, дзе будзе знаходзіцца назіральная пляцоўка. Экспазіцыя жылля першабытнага чалавека размесціцца ў разрэзе ўзгорка, дзе праводзіліся раскопкі. Ужо падрыхтаваныя канцэпцыя музея і тэматыка-экспазіцыйны план. Музей будзе ўяўляць дзве майстэрні: па апрацоўцы крэмнія і майстэрню першабытнага мастака. Плануецца ўсталяваць тры фігуры - мужчыны-паляўнічага, жанчыны, што апрацоўвае шкуру, дзіцяці ля вогнішча.

Крыніца: "Радыё Рацыя"




 «За мінулы дзень |  Усе за месяц  | За наступны дзень»