Гістарычныя навіны

Выстава «Паганства» у Менску

20:21

Жывучы ў хрысьціянскай традыцыі, мы не заўсёды разумеем, што яна зьявілася пасьля дваццаці тысячагодзьдзяў паганскіх вераваньняў і табу. Хрысьціянства ж уплывала на цывілізацыю толькі апошнія дзьве тысячы гадоў.

Паганства прысутнічае ў жыцьці сучаснага грамадзтва: хто не глядзіць у люстэрка, калі вяртаецца па забытыя рэчы, хто не падумае некалькі разоў, ці варта працягнуць вандроўку, сустрэўшы чорнага ката. У вёсках - больш. І цяпер бабулькі размаўляюць з каровамі вясною перад першым выхадам у поле, вераць, што жаба-рапуха - гэта вядзьмарка.

Андрэй Лянкевіч пры дапамозе фатаграфіі паказвае паганскія традыцыі і звычаі, якія да гэтага часу існуюць у Беларусі. Большасьць традыцыяў зьнікае альбо ўжо зьнікла ў 60-70-я гады мінулага стагодзьдзя. У некаторых вёсках іх памятае толькі адна, найстарэйшая жыхарка.

Выстава Андрэя Лянкевіча "Паганства" у галерэя "Падземка" ад 16 па 30 верасьня. Адкрыцьцё: 15 верасня a 18.00.

Паганскія абрады

Крыніца: "Наша Ніва"

Гл. па тэме: У. Лобач - Паганства і хрысьціянства: беларускі выпадак




Мазаікі ўпрыгожаць капліцу ў Міры

20:11

Капліца-пахавальня ў МірыКапліцу-пахавальню Святаполк-Мірскіх замкавага комплексу ў г.п. Мір, дзе вядзецца маштабная рэканструкцыя, ужо ў сярэдзіне верасня ўпрыгожаць мазаікі. Аб гэтым паведаміла намеснік дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Надзея Усава.

Тры мазаічныя пано зоймуць тое самае месца, дзе раней знаходзіліся мазаікі, выкананыя ў вядомай майстэрні Фраловых у Санкт-Пецярбургу, але, на жаль, поўнасцю страчаныя. Новыя ж для адрэстаўрыраванай капліцы-пахавальні вырабілі беларускія майстры.

Праз два-тры месяцы тут адкрыецца выстаўка, што расказвае аб гісторыі будаўніцтва гэтага аб'екта, яго рэстаўрацыі, пахаваных асобах. Капліца-пахавальня будавалася як фамільны склеп князёў Святаполк-Мірскіх у 1904 годзе. Экспазіцыю рыхтуюць супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, філіялам якога з'яўляецца Мірскі замак.

Да канца гэтага года плануецца падрыхтаваць і музейную экспазіцыю першага пускавога комплексу, куды акрамя капліцы-пахавальні Святаполк-Мірскіх уваходзяць усходні корпус, падземны тэхналагічны ўзровень, старожка і іншыя аб'екты. Вясной наступнага года будуць адкрыты яшчэ дзве вежы.

Рэстаўрацыя замкавага комплексу ў Міры павінна быць завершана да 1 студзеня 2010 года.

Крыніца: "Радыё Рацыя"




Музей у гродзенскім касцёле

20:03

Зараз у скляпеннях вядзецца рамонт, пасля сканчэння якога адкрыецца экспазіцыя. У экспазіцыі будуць прадстаўлены рэліквіі святых, старадаўнія іконы, алтарныя карціны, літургічная вопратка, кнігі, прадметы быта і інтэр’ера.

Імправізаваны музей існуе ў касцёле ўжо больш за 17 год, адразу пасля таго, як святыню вярнулі вернікам. У тыя часы манахіні пастараліся сабраць і захаваць уцалелую ў гады савецкіх ганенняў маёмасць касцёла. Аднак гэтую інфармацыю не афішавалі, бо баяліся крадзяжу, паколькі некаторыя карціны ўяўляць сабою вялікую каштоўнасць і датуюцца XVIII ст.

Акрамя рэлігійнага жывапісу, у музеі пры касцёле захоўваюцца харугвы, старадаўнія кнігі на польскай і францускай мовах, тэлефонны апарат з гербам Рэчы Паспалітай, нямецкія друкарскія машынкі і шэраг цікавых здымкаў, паведамляе гродзенскі Твой Стыль.




Рэстаўрацыя Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку

19:53

На пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, якое адбылося 28 жніўня ў Мінску, зацверджана праграма першачарговых мерапрыемстваў па рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку (Віцебская вобласць) - помніка архітэктуры Полацкай школы дойлідства XII стагоддзя.

Як зазначыў намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкульта Ігар Чарняўскі, праграма ўключае папаўненне фрагментаў у цаглянай кладцы зводаў аркасоліяў (нішаў у сцяне для пахавання або ўстаноўкі саркафага) ў цэнтральнай частцы храма, што страчаны ў XVII-XVIII стагоддзях пры ўстаноўцы дзвярэй.

Разам з тым, паводле яго слоў, наспела неабходнасць мацавання цягаў у сцяне і зводах царквы з-за наяўнасці вялікіх расколінаў, страты муроўкі і роспісаў, што выклікана зрухам сценаў, а таксама з'яўленнем новых расколінаў. Апрача таго, як зазначыў І.Чарняўскі, мяркуецца, што ў XVII-XVIII стагоддзях у храме збудавалі падвальныя памяшканні (крыпту) літургічнага прызначэння.

Паводле яго слоў, стварэнне крыпты нанесла помніку значны канструктыўны і мастацкі ўрон, звязаны з разбурэннем аўтэнтычнай муроўкі, пад'ёмам адзнакі падлогі амаль на паўметра са скажэннем прапорцый і знішчэннем першапачатковай маёлікавай падлогі, аслабленнем нясучай здольнасці канструкцый, парушэннем гідраізаляцыі і павышэннем узроню ўтрымання вільгаці ў кладцы.

Праграма прадугледжвае разбіранне крыпты, запаўненне яе пяском і стварэнне маёлікавай падлогі на першапачатковай яе адзнацы, што дазволіць вызваліць для рэстаўрацыі і наступнага экспанавання фрэскі XII стагоддзя, размешчаныя на ніжніх частках сцен. Апрача таго, прадугледжана паніжэнне ўзроўню зямлі на тэрыторыі, што прылягае да храма, з правядзененм абавязковых археалагічных даследаванняў.

Доктар мастацтвазнаўства Надзея Высоцкая азнаёміла з канцэпцыяй адслойвання і музеефікацыі алейнага жывапісу XVIII-XIX стагоддзяў пры рэстаўрацыі фрэсак XII стагоддзя ў Спаса-Праабражэнскай царкве. Згодна з гэтай канцэпцыяй, прапануецца перанесці на другую аснову, а затым на палатно жывапісныя слаі XVIII-XIX стагоддзяў для іх наступнага экспанавання ў музеях і царкоўным інтэр'еры.

Як было зазначана на пасяджэнні, праграма дазволіць аднавіць аўтэнтычныя інтэр'еры храма XII стагоддзя.

Крыніца: "Радыё Рацыя"




Часопіс "Архэ" пра нямецкую акупацыю Беларусі

19:25

У памяшканні гарадзенскай суполкі Таварыства Беларускай Школы адбылася прэзэнтацыя ўнікальнага нумару часопіса “АРХЭ”, прысвечанага перыяду айчыннай гісторыі, калі Беларусь апынулася пад нямецкай акупацыяй.

Па словах Валерыя Булгакава, нумар выклікаў дыскусію, як непасрэдна ў Беларусі, так і за яе межамі:

-Беларускі гісторык Юры Грыбоўскі прывёз гэты нумар “АРХЭ” ў Лондан, у бібліятэку Францішка Скарыны да айца Аляксандра Надсана, які заўважыў, што ў часопісе кульгаюць подпісы да здымкаў ды шмат увагі нададзена замежным, а не айчынным аўтарам…

Шмат здымкаў, змешчаных у часопісе, паходзяць непасрэдна з Гродзеншчыны. У прыватнасці, ёсьць фотадакумент, які адлюстроўвае прысутнасьць у Гародні жаўнераў небезьвядомай “Блакітнай дывізіі”, якую дыктатар Гішпаніі Франка спачатку паслаў на Усходні Фронт, а пасля адклікаў. У прэзентацыі прыняў удзел гарадзенскі журналіст і даследчык падзей Другой сусветнай вайны на Гродзеншчыне Андрэй Пачобут, які таксама апублікаваўся ў “АРХЭ”.

У Гродна завітала таксама прадстаўнічка выдавецтва “Наша Ніва” Аляксандра Дынько, якая азнаёміла прысутных з выдавецкімі праектамі сучасных “нашаніўцаў”.

Аднак дыскусія разгарэлася, безумоўна, вокол нумару АРХЭ. Тым больш, нумар прысьвечаны падзеям, зьявам і постацям, інфармацыю пра якіх ня знойдзеш у афіцыйных падручніках. Акрамя ўсяго, галоўны рэдактар часопіса “АРХЭ” Валер Булгакаў паведаміў, што тэма выйны далёка не вычарпаная, і будзе рыхтавацца яшчэ адзін вялікі нумар пра Другую сусьветную вайну.

Вацлаў Галімскі, Радыё Рацыя, Гродна




 «За мінулы дзень |  Усе за месяц  | За наступны дзень»