Гістарычныя навіны

У Гомели распачынаецца выстава прысвечаная 1020-годдзю Хрышчэння Руси

14:56

У Гомельскай вобласці праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя 1020-годдзю Хрышчэння Русі. Як паведамілі ў савеце па справах рэлігій і нацыянальнасцей аблвыканкама, разнастайныя акцыі, выставы і конкурсы ў гонар гэтага юбілея працягнуцца ў рэгіёне да канца бягучага года.

Адной з галоўных падзей стане правядзенне ў лістападзе ў Гомелі духоўна-асветніцкай выставы "Беларусь праваслаўная". Яе мэта пазнаёміць жыхароў рэгіёна з традыцыямі праваслаўя. У выставе прымуць удзел прыходы і манастыры Беларусі, якія прадставяць народныя промыслы, сувеніры, духоўную літаратуру, іконы. Гомельская праваслаўная епархія збіраецца падрыхтаваць шырокую культурна-асветніцкую праграму.

Урачыстасці, прысвечаныя 1020-годдзю Хрышчэння Русі, проўдуць і ва ўсіх раёнах вобласці. Напрыклад, у Буда-Кашалёве з 14 па 18 кастрычніка будзе арганізавана дэманстрацыя кінастужак аб гісторыі хрысціянства, а 18 кастрычніка святкаванні працягне урачыстае набажэнства ў храме Святога Мікалая.

Акрамя таго, ва ўсіх навучальных установах вобласці пройдуць конкурсы малюнкаў на праваслаўную тэматыку, у бібліятэках рэгіёна будуць зроблены выставы дадзенай тэматыкі, плануецца арганізаваць сустрэчы са святарамі.

Крыніца: "БЕЛТА"




У Менску з'явіцца этнакультурны цэнтар "Беларуская спадчына"

09:36

Этнакультурны цэнтар "Беларуская спадчына" будзе пабудаваны ў мінскім мікрараёне Чыжоўка, паведаміў галава камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, галоўны архітэктар сталіцы Віктар Нікіцін.

Забаўляльны аб'ект размесціцца ўздоўж ракі Свіслач у межах вуліц Убарэвіча-Магістральнай-МКАД (агульная плошча саставіць каля 35 га) і будзе прынікаць да заапарка. Інстытут "Мінскпраект" падрыхтаваў перадпраектнае рашэнне будучага цэнтра.

Са слоў Віктара Нікіціна, мяркуецца стварыць шматфункцыянальны комплекс, дзейнасць якога будзе накіравана на захаванне і развіццё беларускай культуры, а таксама пашырэння рынку турыстычных паслуг. Гэта будзе буйная зона адпачынку для наведнікаў. У архітэктурны комплекс плануецца ўключыць тэхнапарк - рыцарскія палацы, пякарні, млыны і іншыя аб'екты мінуўшчыны стануць сапраўдным падарункам аматарам гісторыі. У задумках архітэктараў таксама стварэнне парка помнікаў архітэктуры, у якім будуць прадстаўлены такія вядомыя комплексы, як Мірскі і Нясвіжскі замкі і іншыя. У этнакультурным цэнтры плануцца таксама будаўніцтва невялікіх рэстаранаў і каавярняў.

Замоўцай аб'екта выступае галоўнае кіраўніцтва спажывецкага рына Мінгарвыканкама. Пачаць будаўніцтва плануецца ўжо ў 2009 годзе, скончыць - цягам трох гадоў.

Крыніца: "БЕЛТА"




Выйшла кніга пра магілёўскую ратушу

08:48

Кніжка Аляксандра Агеева і Алега Трусава “Магілёўская ратуша. Гістарычны лёс і адраджэньне” адразу пасьля выданьня стала бібліяграфічнай рэдкасьцю.

І замоўцы – гарадзкія ўлады Магілёву – маюць намер перавыдаць яе, хоць ад пачатку дужа сумняваліся ў яе посьпеху. А галоўная прычына сумневу – беларуская мова. Наша карэспандэнтка Валянціна Аксак падае падрабязнасьці.

Адноўленая пасьля падрыву ў 1957 годзе гарадзкая ратуша ў Магілёве была ўрачыста адчыненая сёлета 3 ліпеня. Да гэтае даты гарадзкія ўлады замовілі магілёўскаму гісторыку Аляксандру Агееву напісаць кнігу пра лёс помніка. Той пагадзіўся, але пры ўмове суаўтарства з Алегам Трусавым, вядомым дасьледчыкам сярэднявечнае архітэктурнае спадчыны і старшынём Таварыства беларускае мовы. А ў спадара Трусава была свая ўмова:

“Я ім выставіў умову, каб кніжка была толькі па-беларуску, бо яны хацелі выдаваць толькі па-расейску. Потым ішоў абмен думкамі і я сказаў: “Калі вы так любіце расейскую мову, то давайце зробім саліднае рэзюмэ па-расейску, па-літоўску, па-польску, па-нямецку, па-ангельску”. Яны зь вялікай радасьцю пагадзіліся. Як заўжды, грошай не хапіла і кніжка выйшла толькі па-беларуску”.

Пад час працы высьветлілася, што замоўцы кнігі не хацелі даваць у яе фота кіраўніка краіны. Прычына чыста тэхнічная: на гэта трэба браць дазвол у адміністрацыі прэзыдэнта, што ня так проста. Але спадар Трусаў настаяў на гэтым фота. Вось што ён адказаў на пытаньне, чаму хацеў, каб у кнізе пра магілёўскую ратушу абавязкова было фота Аляксандра Лукашэнкі:

“Ёсьць пэўныя правілы жанру – мы павінны даць інфармацыю пра ўсіх асобаў, якія да гэтай ратушы мелі дачыненьне. Альбо адмоўнае, альбо станоўчае. У дадзеным выпадку – гэта ня Пётр I, які спаліў Магілёў, гэта чалавек, які спрыяў адбудове таго, што бальшавікі ўзарвалі ў 50-х гадах. Без гэтага чалавека ратуша не была б збудаваная, ён даў грошы на будаўніцтва і капсулу закладваў у падмурак ратушы. Дарэчы – тэкст у ёй па-беларуску. Так што калі мы гісторыкі, мы павінны гэтага чалавека паказаць ”.

Па словах спадара Трусава, ён меў вялікае навуковае і творчае задавальненьне ад працы над кнігай пра Магілёўскую ратушу:

“Шчыра кажучы, я атрымаў нават суперзадавальненьне – не чакаў такой якасьці выданьня. У мяне не было такой шыкоўнай кніжкі за ўсе мае гады. Ну і ў прынцыпе мая частка выйшла так, як я і даваў. Нават слайды мае на колер выцягнулі на колер, якія нідзе не друкаваліся”.

Цяпер Алег Трусаў мае некалькі праектаў напісаньня новых кнігаў пра гісторыка-культурную спадчыну іншых гарадоў яго роднай Магілёўшчыны. Таксама пры фундацыі мясцовых уладаў.

Крыніца: "Радыё Свабода"




 «За мінулы дзень |  Усе за месяц  | За наступны дзень»