Гістарычныя навіны

100-годдзе былога дырэктара Музея Беларускага Палесся адзначаюць у Пінске

21:58

У Музеі Беларускага Палесся (Пінск) адкрылася экспазіцыя, прысвечаная 100-годдзю былога дырэктара Баяна Васільевіча Міралюбава.

Выхадзец Тамбоўскай вобласці, у юнацтве апынуўся ў Пінску, ён усё сваё жыццё займаўся даследаваннем Палесся, удзельнічаў у шматлікіх археалагічных экспедыцыях. Менавіта ён выказаў думку аб магчымасці знаходжання на Замкавай гары ў Тураве Гомельскай вобласці знакамітых тураўскіх саркафагаў. Вынікі раскопак пацвердзілі думку пінскага краязнаўца. Адзін з знойдзеных саркафагаў перададзены на захоўванне ў Пінскі краязнаўчы музей. У другой палове мінулага стагоддзя Міралюбаву даверылі раскопкі гарадзішча старажытнага Пінска. Усе знойдзеныя ім прадметы таксама захоўваюцца ў музеі, з якім звязаная вялікая частка яго працоўнага жыцця

Крыніца: "Радыё Рацыя"




У Гародне прэзентавалі гістарычны зборнік прысвечаны 880-годдзю горада

21:41

Зборнік матэрыялаў міжнароднай навуковай канферэнцыі “Гарадзенскі палімпсест. XII – XX стст.” з’явіўся ў выніку скандалу. У ім надрукаваны матэрыялы гісторыкаў, якія байкатавалі ў красавіку гэтага года афіцыйную навуковую канферэнцыю, прысвечаную 880-годдзю Гродна. Праводзіў яе Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Байкот выкліканы тым, што з шэрагу ўдзельнікаў выкрэслілі гродзенскіх гісторыкаў Алеся Смаленчука і Алеся Краўцэвіча. Іх падтрымалі калегі з Беларусі і Польшчы. Зборнік складаецца з 20 артыкулаў, прысвечаных палітычнай, ваеннай і нацыянальна-культурнай гісторыі Гродна. Іх напісалі даследчыкі з Гродна, Мінску, Вільні, Кракава, Беластоку, Варшавы, Стакгольма.

Прэзентацыя адбылася падчас Дзён святога Губэрта, якія праходзяць з 6 да 8 лістапада з ініцыятывы гродзенскага руху “За Свабоду”. Яны сталі альтэрнатывай афіцыйнаму святкаванню юбілею Гродна. Дзень святога Губэрта прыпадае на 3 лістапада, у мінулым менавіта тады і святкавалі дзень горада. Зараз яго адзначаюць у верасні.

Крыніца: "ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"




Лёс сядзібы Стралкаў

13:35

Сядзібе Стралкаў, заснаванай на пачатку ХХ ст., збольшага пашанцавала - у яе ёсьць гаспадар. На падворку стаіць старая тэхніка - грузавік, трактар, прычапное. Але шанцаваньне гэтае досыць умоўнае: прыкметы занядбанасьці тут паўсюль - у зацыраваных газэтамі ды цэляфанам вокнах панскага дому, у вокнах флігеля безь ніводнай шыбіны, у сымбалічнай браме, ад якой засталіся толькі аблупленыя слупы. За гэтай самай брамай, прайшоўшы паміж флігелем і надзіва ацалелым сьвірнам, можна пабачыць неверагоднай прыгажосьці краявід - першыя ўласьнікі сядзібы ведалі, дзе збудаваць.

Сядзіба Стралкаў

Сядзіба Стралкаў
Сям’я Стралкаў на ганку сядзібнага дому (здымак 1930-х гг.)

"Бяда, што наш бізнэс такі нясьмелы - не рашаюцца апекавацца старымі дамкамі" - кажа старшыня ГА "Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры" Антон Астаповіч. Зь ім цяжка не пагадзіцца. Едучы па мясцовых вёсках ды ўскраінах Клецку і Нясьвіжу, можна пабачыць дастаткова шыкоўных дамоў з дарагімі аўто пад вокнамі. Іх гаспадары маглі б узяць пад апеку рэшту былой велічы сядзібаў Радзівілаў, Яленскіх, Беразоўскіх, Вайцахоўскіх ды Піляўскіх.

Крыніца: "Наша Ніва"




 «За мінулы дзень |  Усе за месяц  | За наступны дзень»