Гістарычныя навіны

На аўкцыён выстаўлены палац Валовічаў у Сьвяцку

17:14

Стартавы кошт складае 8 млн даляраў ЗША. Таргі маюць адбыцца 9 сьнежня.

Паводле ўмоваў аўкцыёну будучы інвэстар мусова цягам месяцу пасьля набыцьця падпісаць ахоўныя абавязальніцтвы зь Міністэрствам культуры, а праз тры гады - пачаць гаспадарчую дзейнасьць. Цалкам магчыма, што былы палац Валовічаў ператвораць у гатэль. Такі праект прадугледжвае таксама аднаўленьне і добраўпарадкаваньне старога парку, закладзенага напрыканцы XVIII ст.

Папярэдне помнік архітэктуры канца ХVІІІ ст. ацанілі ў паўтара мільярды рублёў.

Палацава-паркавы комплекс у Сьвяцку Гарадзенскага раёну знаходзіцца ў сьпісе помнікаў рэспубліканскага значэньня. У гэтым рэгіёне ў сьпіс патрапіў таксама Аўгустоўскі канал.

Палац Валовічаў

Палац у стылі барока збудаваў італьянскі архітэктар Джузэпе Сака, які зьяўляецца аўтарам іншых будынкаў, створаных у суседняй Горадні ў часы апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

За палякамі тут была створаная наркалягічная лякарня, адзіная на той час у Польшчы. Да 2005 году тут месьцілася сухотная лякарня. Апошнія тры гады палац пустуе і паступова разбураецца.

Крыніца: "Наша Ніва"




30 лістапада ўшануюць герояў Слуцкага збройнага чыну

16:52

Ушанаванне памяці герояў Слуцкага антыбальшавіцкага паўстання 1920 году беларуская грамадскасць адзначыць у гэтым годзе 30 лістапада – менавіта на мерапрыемствы у гэты дзень адпаведныя звароты пададзены у Слуцкі раённы выканаўчы камітэт.

Як распавёў Рацыі адзін з актывістаў секцыі “Мемарыял” Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслаў Сіўчык, мяркуецца, што удзел у мерапрыемствах прымуць да паўсотні грамадскіх актывістаў.

“Традыцыйна у бліжэйшыя выходныя да 27 лістапада у Беларусі ушаноўваецца памяць герояў Слуцкага збройнага чыну. У гэтым годзе таксама будзе арганізавана адмысловая вандроўка для усіх жадаючых па гістарычных мясцінах у вёсках Грозава, Семежава і Вызне”

Апроч гэтага, як распавёў Вячаслаў Сіўчык, 29 лістапада у Менскім урочышчы Курапаты адбудзецца урачыстае усталяванне памятнага крыжу героям Слуцкага антыбальшавіцкага паўстання, што былі закатаваныя і загінулі у савецкіх турмах і лагерах.

Крыніца: "Радыё Рацыя"




 «За мінулы дзень |  Усе за месяц  | За наступны дзень»