Гістарычныя навіны

У Слуцкім паўстанні за Беларусь змагаліся да 15 тысяч чалавек

21:45

27 лістапада адзначаецца Дзень Герояў альбо пачатак Слуцкага збройнага чыну. У 1920 годзе на Случчыне пачаліся баявыя дзеянні супраць Чырвонай Арміі сфармаванай пераважна з мясцовых жыхароў брыгады войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Тысячы добраахвотнікаў адгукнуліся на заклік Рады Случчыны абараніць сваю зямлю і сваю ўладу ад чужынцаў.

Вось што кажа пра палітычную скіраванасць слуцкіх падзеяў гісторык Ніна Стужынская:

"Гэта прыклад той палітычнай акцыі, якая была добра падрыхтаваная, якая мела выразныя палітычныя мэты, а менавіта - незалежнасць, дзяржаўнасць Беларусі".

Баявыя дзеянні пачаліся 27 лістапада і працягваліся да канца снежня. Пад ціскам пераважаючых сілаў Чырвонай Арміі слуцкія палкі адышлі на захад і былі інтэрнаваныя польскімі войскамі. У 1921 годзе Беларусь будзе падзеленая паміж Польшчай і савецкай Расіяй.

Паводле словаў Стужынскай, агулам у Слуцкім збройным чыне ўдзельнічалі каля 15 тысяч чалавек, 4 тысячы з іх былі прафесійнымі вайскоўцамі. Гэтыя лічбы гісторык знайшла ў пратаколах допытаў арганізатараў паўстання, якія пасля патрапілі ў савецкія турмы.

Крыніца: "ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"




Гісторык Ігар Кузняцоў пра камуністычныя рэпрэсіі

21:36

За час камуністычнага рэжыму ў Беларусі было рэпрэсавана не меней за 60% дарослага насельніцтва. Такое меркаванне выказаў гісторык Ігар Кузняцоў 26 лістапада на паседжанні круглага стала "Камунізм як антычалавечая ідэалогія. Лічбы і факты" у Мінску.

Па ягоных словах, апошнія афіцыйныя лічбы аб рэпрэсаваных датаваныя 1993 годам, і тады называлася колькасць 650 тыс. чалавек. Аднак, на думку І.Кузняцова, у гэты лік уваходзяць толькі тыя грамадзяне, якія былі расстраляныя альбо прайшлі праз лагеры. Тут не ўлічваюцца высылкі, канфіскацыі маёмасці, катаванні і іншыя формы рэпрэсій супраць беларускага народа.

Таксама, лічыць гісторык, нельга скідаць з рахункаў страты беларусаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя ахвяры ён таксама прапануе аднесці на рахунак камуністычнага рэжыму.

І.Кузняцоў згадаў, што камуністычная ідэалогія была асуджаная. У чэрвені 2000 года ў Вільні адбыўся грамадскі трыбунал над камунізмам, у якім удзельнічалі прадстаўнікі 34 краінаў. Трыбунал вынес грамадскае і юрыдычнае рашэнне аб прызнанні камунізму антычалавечай ідэалогіяй.

Крыніца: "ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"




Шэсць аб'ектаў у Мінску і Віцебску сталі гісторыка-культурнай каштоўнасцю

13:37

Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры 26 лістапада надала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці другой і трэцяй катэгорыі шасці аб'ектам у Мінску і Віцебскім раёне.

У ліку гэтых аб'ектаў дом сядзібы "Мілае" ў вёсцы Мазалава Віцебскага раёна, будынак Уваскрэсенскай (Пакроўскай) царквы ў вёсцы Лужэсна Віцебскага раёна, будынкі ў Мінску (па вуліцы Свярдлова, 24, 26, і Ульянаўскай, 32, 37, 39, 41). Яны былі ўзведзены ў пасляваенныя гады па праекце аўтарскага калектыву пад кіраўніцтвам архітэктара Барыса Рубаненкі.

Рада не прысвоіла статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рэшткам земляных фартыфікацыйных збудаванняў "Батарэі" ў Барысаве (Мінская вобласць) - з-за адсутнасці матэрыялаў па межах аб'ектаў на тапаграфічным здымку мясцовасці, а таксама дому краязнаўцы Івана Каладзеева ў Барысаве.

На думку членаў рады, гэты драўляны будынак, узведзены ў 1876 годзе, знаходзіцца ў аварыйным стане. Ён можа атрымаць статус помніка толькі пасля рэстаўрацыі.

Прапановы рады павінны быць зацверджаны ўрадам краіны.

Крыніца: "Радыё Рацыя"




27 лістапада - гадавіна Слуцкага Збройнага Чына

12:48

У шэрагу падзеяў 1920 году ў Беларускай гісторыі адно з найбольш важных месцаў займае Слуцкі Збройны Чын, Слуцкае паўстанне. Падзея стала спробай ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі. Варта адзначыць, што на працягу лістапада - снежня 1920 году ўзбоеныя паўстанцы ўтрымлівалі свой горад і сваю ідэю. Асноўнай рухаючай сілай Слуцкага збройнага чыну было сялянства, якое супраціўлялася савецкай палітыцы ваеннага камунізму і падтрымлівала ідэю незалежнасьці Беларусі, абвешчанай 25 сакавіка 1918.

Чаму менавіта Случчына стала цэнтрам паўстання? Слуцк быў важным рэгіянальным цэнтрам нацыянальнага руху. А акрамя гэтага варта адзначыць і эканамічнае развіццё рэгіёну, шматлікія проста жадалі працаваць на сябе, а не ў калгасе. Акрамя таго гістарычныя падзеі выбралі менавіта Слуцк, горад, які падчас Польска-савецкай вайны 1919–1920 гг. некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі ад палякаў да бальшавікоў. Нарэшце, 11 кастрычніка 1920 горад апынуўся пад кантролем палякаў. Наступаючыя савецкія войскі прымусілі палякаў адыходзіць. Разам з тым тут ствараюцца незалежныя і нацыянальныя органы кіравання. Польскія ўлады не перашкаджаюць гэтаму. А ў лістападзе адміністрацыя перадае ўладу Беларускаму камітэту, якія вырашае весці самастойную нацыянальную палітыку. Так пачынаўся Слуцкі Збройны Чын.

Вядомы гісторык з Менску Захар Шыбека адзначае, што паўстанне вельмі важны момант у гісторыі Беларусі.

- Гэтае паўстанне – своеасаблівы сімвал, і адлюстраванне тых настрояў, якія існавалі ў грамадстве. У рэшце падзея ўратавала годнасць беларусаў, паказала, што ў гэтага народу ёсць свае нацыянальныя інтарэсы, што яны прабіваюцца і яны заключаюцца ў тым, каб не дапусціць устанаўлення тут ні савецкай, ні польскай улады, а стварыць уласную дзяржаўнасць. Акрамя гэтага паўстанне не было інсцыніравана ці ініцыіравана польскім бокам, як пра яго часта казалі ў савецкай гістарыяграфіі. Гэта быў натуральны, аўтэнтычны працэс беларускага народу.

26 лістапада паміж беларускімі і савецкімі войскамі пачаліся баі. 26-27 лістапада 1920 на адлегласці 35-49 км адбыліся сутычкі перадавых чырвоных войскаў з паасобнымі атрадамі Слуцкай брыгады. Бальшавікі вымушаны былі адступаць. Беларускія аддзелы мелі вельмі моцную падтрымку з боку мясцовага насельніцтва. Слуцкая брыгада вызваліла некалькі вёсак ад бальшавікоў. Што адметна, да беларускіх аддзелаў далучалася больш і больш людзей. Слуцкая рада заклікала жаўнераў Чырвонай арміі пераходзіць на беларускі бок. Многа салдатаў так і зрабілі, бо сярод іх было шмат расейскіх сялянаў, якія таксама не падтрымлівалі камуністаў. Бальшавікі былі вымушаныя кінуць супраць беларускага войска аддзелы з латышоў і кітайцаў. 4 сьнежня пачаўся новы наступ Чырвонай арміі. Беларускія аддзелы упарта абараняліся, але вымушаныя былі пакінуць Вызну. Нястачы зброі і набоеў сталася няўдачай у баі пад вёскай Ядчыцы 6 сьнежня. Пад ціскам 7 сьнежня беларускія часткі пакінулі Семежава. Рада Случчыны і беларускі штаб былі перанесеныя ў Подчыцы, а потым у вёску Грыцавічы. Не хапала амуніцыі, харчаваньня, сярод паўстанцаў пачалася эпідэмія тыфа.

Кандыдат гістарычных навук Аляксандр Ціхаміраў кажа, што гісторыя часта распараджаецца зусім не так, як хацелася б.

- У паўстанцаў быў разлік, што гэтая кропка на мапе Беларусі стане сапраўдным цэнтрам дзяржавы, але так не адбылося. Гэтая спроба, заява стварыць дзяржаву не ўпісалася ў гістарычныя абставіны. Сярод паўстанцаў было шмат інтэлігенцыі, адукаваных людзей, якія хацелі лепшага.

Пасьля нацыянальнага адраджэньня ў Беларусі 1980-х гадоў 27 лістапада адзначаецца пэўнай часткай беларускага грамадзтва як Дзень Герояў. Афіцыйная ўлада ігнаруе антыбальшавісцкае паўстанне, гэтаксама як і ўсё звязанае з Беларускай Народнай Рэспублікай.

І гэта адзначае Захар Шыбека.

- Гэтая падзея вельмі слаўная ў гісторыі Беларусі і яе трэба адзначаць не проста на ўзроўні грамадскасці, але на дзяржаўным узроўні. Ужо трэба думаць, каб ушанаваць тыя падзеі як дзяржаўнае свята. Пакуль што такога няма, але відаць, што працэс зрухваецца з месца. Улады пачынаюць больш-менш прызнаваць факт важнасці БНР, а гэтая падзея была б лагічным працягам палітыкі, калі б Слуцкі збройны чын належным чынам адзначалі на дзяржаўным узроўні.

І тут яшчэ раз варта адзначыць мэты паўстанцаў: непадзельная Беларусь у сваіх этнічных межах, усталяваньне рэспублікі і прызнанне БНР, а таксама незалежнасць ад Польшчы і Расеі.

Сяргей Скулавец
Крыніца: "Радыё Рацыя"




Сёньня - угодкі Слуцкага збройнага чыну

12:07

88 гадоў таму, 27 лістапада 1920 г., на Случчыне распачаліся баявыя дзеяньні супраць бальшавікоў, якія пасоўваліся з усходу.

Збройны супраціў аказвала 1-я Слуцкая брыгада, што складалася з двух палкоў: Слуцкага і Грозаўскага. Брыгада, а яе ўзначаліў Антон Сокал-Кутылоўскі, была сфармавана паводле рашэньня Зьезду случчакоў, што прайшоў 14 лістапада, на ім таксама быў створаны палітычны орган - Рада Сулуччыны (узначаліў Уладзімер Пракулевіч).

Паўстанцы прызнавалі вярхоўнай уладай на Беларусі Найвышэйшую раду БНР.

Случчакі трымалі фронт працягласьцю 60 км па лініі Капыль - Цімкавічы - Вызна, а найбольш значныя баі адбыліся ля вёсак Морач, Вызна, мястэчкаў Капыль ды Семежава. 13 сьнежня паўстанцы нават здолелі заняць Семежава.

Пад канец сьнежня паўстаньне было задушана, а змагары мусілі перайсьці за раку Лань, на польскі бок мяжы.

На эміграцыі пасьля вайны дзень 27 лістапада адзначаўся як Дзень Герояў. А на поўдні Баварыі, ля возера Лютэнззэ (гэта на мяжы з Аўстрыяй, непадалёк ад зімовага курорту Гарміш-Партэнкірхен) ў 1948 г. беларусамі, што тады знаходзіліся ў паваенных лягерах для перамешчаных асоб, быў пастаўлены помнік слуцкім паўстанцам.

Крыніца: "Наша Ніва"




 «За мінулы дзень |  Усе за месяц  | За наступны дзень»