Гістарычныя навіны

Адрамантавалі музей гісторыі Берасця

14:28

Упершыню на гэтым тыдні пасля рамонту адчыніў свае дзверы Музей гісторыі горада Берасця. За некалькі месяцаў адбылася замена вокнаў і дзвярэй, афарбоўка сценаў будынка.

А ў экспазыцыі музея з'явіўся новы экспанат. Гэта фартэпіяна канца XIX - пачаткі ХХ стагоддзяў. На корпус інструмента прымацаваная таблічка з надпісам "Рудольф Шміт". Фартэпіяна падорана музею берасцейскай сям'ёй Чумак. Для гэтай сям'і "клавішы" не з'яўляюцца фамільнай каштоўнасцю - калісьці інструмент быў набыты ў іншага гаспадара. Старыя ўладальнікі пры продажы растлумачылі, што фартэпіяна трафейнае і ў Берасці засталося пасля сыходу акупацыйных войскаў у 1944 годзе.

Адметнасць музея гораду менавіта ў тым, што яго наведвальнікі могуць пазнаёміцца з жыццём і канкрэтнымі прадметамі, якія адлюстроўваюць жыццё горада ад старажытнасці да сённяшніх часоў.

Крыніца: "Радыё Рацыя"




Нацбанк выпускае памятныя манеты «Давыд Гарадзенскі»

14:18

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь 19 снежня 2008 г. выпускае ў абарачэнне памятныя манеты серыі "Умацаванне і абарона дзяржавы" - "Давыд Гарадзенскі":

  • срэбную - наміналам 20 рублёў, пробай сплаву 925, масай 33,62 г, дыяметрам 38,61 мм;
  • медна-нікелевую - наміналам 1 рубель, масай 15,50 г, дыяметрам 33,00 мм.

Манеты маюць форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў - выступаючы кант па акружнасці. На бакавой паверхні манет надпіс: УМАЦАВАННЕ І АБАРОНА ДЗЯРЖАВЫ.

На пярэднім баку манет размешчаны: уверсе - рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і па крузе надпіс: РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ; у цэнтры - выява рэканструкцыі гарадской крэпасці старажытнага Новагародка (цяпер Навагрудак); пад ёй надпіс: 20 РУБЛЁЎ (на срэбнай) і 1 РУБЕЛЬ (на медна-нікелевай) і год чаканкі; справа на срэбнай манеце - проба сплаву.

Манеты ў гонар Давыда Гарадзенскага

На адваротным баку манет размешчаны: у цэнтральнай частцы - рэльефная выява Давыда Гарадзенскага; злева - адлюстраванне звіслай пячаткі, што выкарыстоўвалася для афіцыйных грамат, з выявай на ёй князя Даўманта Нальшанскага, які правіў пад хрысціянскім імем Цімафей і, па адной з версій, быў бацькам Давыда Гарадзенскага; па крузе надпісы: ДАВЫД ГАРАДЗЕНСКІ і гады яго службы: 1314-1326.

Манеты адчаканены на ЗАТ "Літоўскі манетны двор": срэбная - якасцю "пруф", медна-нікелевая - "пруф-лайк".

Тыраж срэбнай і медна-нікелевай манет - па 5000 штук. Памятныя манеты, выпушчаныя ў абарачэнне, з’яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь, абавязковым да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў.

Крыніца: "Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь"




У Брэсце знайшлі пацверджанні нямецкай прысутнасці ў горадзе ў другой палове XIX ст.

13:59

OSNABRÜCK 1886 IVПадчас рамонту ў Брэсце знайшлі "нямецкі" след. На рэйцы над проймай у жылым доме старой забудовы расчыталі заводзкае кляймо “OSNABRÜCK 1886 IV“. Вуліца Савецкая (былая Паліцэйская) была забудаваная менавіта напрыканцы ХІХ ст.

Цяпер у цэнтры горада вялікая перабудова, яна ўзварушыла архітэктуру і - цікавасць да гісторыі. Дзякуючы гэтаму акрэсліўся і гэты "нямецкі след".

У Аснабруку распачала ў 1886 г. сваю дзейнасць металаплавільная кампанія КME Group, якая на сёння ўваходзіць у трыццатку найбольшых металавытворняў свету. Супрацоўнік музея гораду Сяргей Быцкевіч звязвае кляймо на рэйцы з будоўляй чыгункі ў Брэсце.

Сяргей Быцкевіч: У 1869 г. быў пабудаваны адрэзак Брэст-Літоўск-Варшава. У 1871-м узяліся за маскоўскі кірунак. Канцэсію на пабудову чыгункі ад Брэст-Літоўска да Смаленска атрымаў, між іншымі, і банкаўскі дом Зульцбах з Франкфурту-на-Майне. Магчыма, нейкія неліквіды альбо выбракоўка чыгуначных рэек пайшлі на патрэбы забудовы гораду.

Юліян Навумік
Крыніца: "ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"




3,5 млрд рублёў патрэбна на "рэстаўрацыю" Нясвіжскага замка

13:48

На музеефікацыю Нясвіжскага замка ў 2009-2011 гадах спатрэбіцца 3,5 млрд рублёў.Такую лічбу назваў дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Валеры Сталярчук.

Стацыянарная экспазіцыя ў адрэстаўраванай частцы замка адкрылася 1 верасня. Неўзабаве экспазіцыю папоўніць габелен "Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка", які выканаюць беларускія майстры, а таксама будзе створаны інфармацыйны тэрмінал.

Нясвіжскі замак

Экспазіцыя другога пускавога комплексу замка Радзівілаў будзе размешчаная ў пяці будынках Нясвіжскага палаца. Плануецца музеефікаваць 13 інтэр'ераў замка па дакументальных матэрыялах. У будынку палаца можна будзе аглядаць апартаменты князя, княгіні, Залатую залу, а таксама экспазіцыйныя залы археалогіі, картаграфіі, выстаўныя залы.

У будынку арсенала плануюцца экспазіцыі "Радзівілы ў славе ратнай", "Гісторыя роду Радзівілаў". У будынку камяніцы размесціцца малая сталовая зала, Белая бальная зала, кухня замка, ва ўсходняй галерэі - Паляўнічая зала, залы часовых выстаў.

Крыніца: "ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"




Музей гісторыі горада адкрыўся ў Брэсце

12:58

У Брэсце пасля рамонту адкрыўся музей гісторыі горада, першая экскурсія ў якім праведзена 16 снежня, паведаміла БелаПАН намеснік дырэктара музея Валянціна Страчук.

Рамонтныя работы тут былі распачатыя 1 жніўня 2008 года на сродкі, выдзеленыя Брэсцкім гарвыканкамам.

У пастаяннай экспазіцыі музея прадстаўлена каля 800 экспанатаў, якія распавядаюць аб гісторыі горада, пачынаючы з яго заснавання ў 1019 годзе і да 1939 года. Гэта дакументы, зброя, макеты, карты і планы горада, паштоўкі і фатаграфіі з яго відамі, прадметы побыту. Сярод іх ёсць нямала рарытэтных экспанатаў. Напрыклад, падлогавы гадзіннік, выраблены ў Брэст-Літоўску ў 1767 годзе нямецкім майстрам, клад манет салідаў, датуемы другой паловай ХVII стагоддзя, як мяркуецца адчаканеных Брэсцкім манетным дваром (1665-1666 гг.).

"У нашым музеі ёсць экспанаты, падараваныя жыхарамі Брэста, - сказала В.Страчук. - Нядаўна сям`я Чмак бязвыплатна перадала нам фартэпіяна канца ХIХ - пачатку ХХ стагоддзяў. Учора яго ўжо змаглі ўбачыць наведвальнікі музея".

Музей гісторыі Брэста быў адкрыты 25 ліпеня 1998 года, у дні святкавання дня горада. Яго выставачная плошча - каля 200 кв. м. Спачатку ён быў філіялам Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, а з 1 студзеня 2007 года - структурнае падраздзяленне аддзела культуры Брэсцкага гарвыканкама. Штогод тут праводзіцца 250-300 экскурсій. Апрача гэтага, супрацоўнікі музея штогод арганізуюць выязныя выставы. За час працы музея з яго экспанатамі азнаёміліся прыкладна 100 тыс. чалавек. Сярод іх не толькі жыхары Беларусі, але і больш як 20 краін свету, у тым ліку Германіі, Расіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Швецыі, Чылі, ЗША, Канады, Францыі і Японіі

Крыніца: "Радыё Рацыя"




 «За мінулы дзень |  Усе за месяц  | За наступны дзень»