Гістарычныя навіны

У пошуках страчанага: гiсторыя Беларусi ў старых паштоўках

16.01.2008

Падсумоўваннем шырокай працы фiлакартыста Уладзiмiра Лiхадзедава, паштоўкi з калекцыi якога некалькi гадоў запар друкуюцца ў газеце "Советская Белоруссия" штотыдзень, стала выданне кнiгi "У пошуках страчанага: гiсторыя Беларусi ў старых паштоўках". Прыгожа, па‑мастацку аформленая кнiга - гэта сапраўдны фатаграфiчны альбом, якi вядзе чытача i гледача ў падарожжа па гарадах, мястэчках, вёсках Беларусi. Шаснаццаць раздзелаў кнiгi - шаснаццаць адмысловых экскурсiй. Па Брэсце i Брэстчыне, па Вiцебску i Вiцебшчыне, па Гомелi i Гомельшчыне, па Гродне i Гродзеншчыне, па Магiлёву i Магiлёўшчыне, па Мiнску i Мiншчыне, па вулiцах i плошчах гарадоў, па даўнiх кiрмашах i дарогах, якiя адорваюць многiмi i многiмi адкрыццямi. Асобна вылучаны фiлакартычныя скарбы, прысвечаныя Пiнску, Полацку, Навагрудку. Завяршае кнiгу раздзел "Беларускiя вобразы", дзе разам сабраны паштоўкi, што знаёмяць з партрэтамi нашых прашчураў з самых розных куточкаў Беларусi.

Ва ўступным слове "Да чытача" заслужаны дзеяч культуры Рэспублiкi Беларусь, лаўрэат прэмii "За духоўнае адраджэнне" Павел Якубовiч заўважае:

"Перад вамi ўнiкальная кнiга, якая дазволiць вам здзейснiць падарожжа ў часе. Пагартайце старонкi яе i вы ўбачыце сiвыя замкi i мураваныя храмы, вузенькiя вулiцы i вытаптаныя сцяжынкi, запыленыя гарады i жывапiсныя мястэчкi. Вы наяве ўбачыце людзей, якiх ужо няма, але якiя жылi ў Беларусi i дзякуючы гэтай кнiзе сталi вашымi сучаснiкамi.

Гэтая кнiга iлюстравана вельмi рэдкiмi фатаграфiямi i паштоўкамi, якiя сабраў дзiўны чалавек, Уладзiмiр Лiхадзедаў. Кароткiя каментарыi належаць пяру пiсьменнiка Алеся Карлюкевiча.

Усяго на старонках выдання змешчана 340 паштовак. Поруч з гарадамi Беларусi прадстаўлены выявы невялiкiх паселiшчаў нашай Айчыны - Дамачова, Крывошына, Манькавiч, Моўчадзi, Сталовiч, Хомска, Дзiсны, Друi, Лынтуп, Заспы, пiнскага i акцябрскага Парэччаў…

Напрыканцы ёмiстага фалiянта "У пошуках страчанага" (дарэчы, кнiга тыражом у 3000 экзэмпляраў якасна, бездакорна аддрукавана на Мiнскай фабрыцы каляровага друку) са слоўцам "Павучальнае падарожжа ў часе i прасторы" выступае лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь прафесар Адам Мальдзiс. Вось што ён, у прыватнасцi, пiша:

"Матэрыялы кнiгi, з якiмi вы пазнаёмiлiся, маюць для нашага грамадства, нашай дзяржавы, такой маладой i адначасова такой сталай, з тысячагадовай, багатай, але далёка не да канца спазнанай гiсторыяй, вялiкае павучальна‑пазнаваўчае i выхаваўчае значэнне. Павучальнае - таму што вучаць павазе да продкаў, да гiстарычных традыцый. Пазнаваўчае - таму што дазваляюць нам шырэй глянуць на мiнулае: не ўсё ў iм было такое дрэннае, як нам часам у працэсе самасцвярджэння здаецца; i раней узводзiлiся будынкi, якiя мелi i маюць эстэтычную каштоўнасць. Iншая справа, што войны i наша нядбайнасць прывялi да разбурэння многiх помнiкаў архiтэктуры. А выхаваўчае - таму, што вучаць нас любовi да айчыны, малой i вялiкай".

Да гэтых слоў, вiдаць, хiба што варта дадаць наступнае: праект "У пошуках страчанага" павiнен мець працяг. Калекцыя Уладзiмiра Лiхадзедава налiчвае каля 15 тысяч старых паштовак. I, несумненна, кожная з iх - добры памагаты ў вандроўках па краiне Беларусь.

Крыніца: "Наша Ніва"
http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=14343

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!

«Папярэдняя |  Усе за дзень  | Наступная»
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.