Гістарычныя навіны

У Крычаве завершана рэстаўрацыя Пацёмкінскага палацу

24.01.2008

Палац рамантавалі больш за 20 гадоў. І тое, што зроблена напрыканцы 1980‑х, давялося перарабляць у апошнія тры, калі рэстаўрацыя нарэшце аднавілася.

Звонку - белыя і блякла‑жоўтыя колеры, фасад з вежамі, каваныя ўпрыгажэнні. Унутры - люстры з крышталю і дарагі паркет.

Палац пабудавалі ў 1787 годзе: тады ў Крычаў заязджала імператрыца Кацярына ІІ. Потым палац набыў Іван Галынскі, нашчадкі якога валодалі будынкам да рэвалюцыі.

Вядома, што ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў Крычаве здарыўся вялікі пажар, калі сярод іншых драўляных пабудоў згарэў касцёл, пабудаваны па волі каралевы Боны. Тады Вікенцій Галынскі дазволіў весці службы і праводзіць вясельныя абрады на першым паверсе палаца.

Так што сёньняшняе рашэнне ўладаў браць шлюб у адрэстаўраваным палацы - лічы, традыцыя крычаўцаў.

У музеі, які таксама размесціцца тут, абсталёўваюцца дзявочая, рацырская і парадныя залы, канапная, будуар і іншыя. Мэблю будуць рабіць па эскізах мінулых стагоддзяў і набываць арыгіналы ў прыватных калекцыянераў.

- Нарэшце надышоў час, калі ў Беларусі сталі аднаўляцца помнікі архітэктуры, - лічыць дрэктар музея Наталля Марозава. - І гэта вельмі важна, таму што гісторыя - твар нацыі, дзяржавы.

Плануецца, што Пацёмкінскі палац прыцягне ў Крычаў турыстаў. Не так далёка месціцца Мсціслаў і Пустынскі манастыр са святой крыніцай - славутасці двух раёнаў можна аб’яднаць у адзін маршрут.

Урачыстае адкрыццё Пацёмскінскага палаца між тым затрымліваецца. Крычаўцы спадзяюцца, што тое зробіць Аляксандр Лукашэнка, які нарэшце прыедзе ў райцэнтр.

"Наша Ніва"
http://nn.by/index.php?c=ar&i=14561

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!

«Папярэдняя |  Усе за дзень  | Наступная»
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.