Гістарычныя навіны

У Менску пройдуць мерапрыемствы прысвечаныя Канстанціну Астрожскаму

28.02.2008

28 лютага а 16‑й у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў галерэі "Лабірынт" адбудуцца мерапрыемствы, прысвечаныя 400‑й гадавіне памяці дабравернага князя К.К. Астрожскага (1524-1608). У праграме: адкрыццё выстаўкі ў музеі кнігі "Асветнік з роду Астрожскіх", а таксама прэзентацыя электроннага выдання "Слуцкае Евангелле - беларускі рукапіс XVIст.".

Канстанцін АстрожскіКанстанцін Канстанцінавіч Астрожскі - прадстаўнік аднаго з самых вядомых і знакамітых магнацкіх родаў Вялікага княства Літоўскага. Ён увайшоў у гісторыю не толькі як выдатны дзяржаўны і царкоўны дзеяч, але і як асветнік, заснавальнік астрожскай школы і друкарні. На выстаўцы "Асветнік з роду Астрожскіх" дэманструюцца выданні канца ХIX - пачатку ХХ ст., прысвечаныя гісторыі рода князёў Астрожскіх; старадрукаваныя кірылічныя кнігі, што выйшлі ў свет з Астрожскай і іншых украінскіх друкарняў ХVI-XVIII стст. Сярод кніжных помнікаў, прадстаўленых у экспазіцыі, асаблівае месца займае Астрожская Біблія (1581) - першы поўны пераклад Бібліі на царкоўнаславянскую мову.

У рамках мерапрыемства таксама адбудзецца прэзентацыя электроннага выдання "Слуцкае Евангелле - беларускі рукапіс XVI ст.". Гэта выданне - вынік навуковага даследавання унікальнага помніка XVI ст. - Евангелля, якое было перапісана ў 1581 г. слуцкім князем Юрыем Алелькавічам. Да рэвалюцыі рукапіс захоўваўся ў Свята‑Троіцкім мужчынскім манастыры ў Слуцку, адкуль быў перададзены ў Дзяржаўны гістарычны музей. У пачатку Другой сусветнай вайны ён быў вывезены з магілёўскага музея і бясследна знік разам з іншымі каштоўнасцямі (у т. л. Крыжом Еўфрасінні Полацкай). Доўгі час рукапіс лічыўся страчаным. У 2003 г. у час правядзення 10‑х Мінскіх епархіяльных чытанняў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі прадставіў удзельнікам Евангелле, якое цудам захавалася. Рукапіс быў перададзены свяшчэнніку Мінскай епархіі прыхаджанкай, і зараз знаходзіцца ў Дамавым храме ў гонар Сабора беларускіх святых.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі выступіла з ініцыятывай стварэння электроннай копіі Слуцкага Евангелля. У 2004-2006 гг. быў ажыццёўлены навуковы праект па даследаванню помніка, які праводзіўся сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Я. Коласа НАН Беларусі на сродкі Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. У 2008 г. створаны СD‑ROM з паўнатэкставай электроннай копіяй, транслітарацыяй тексту, кодыка‑палеаграфічным апісаннем і комплексным лінгвістычным аналізам нацыянальнага рукапіснага помніка.

Унікальны рукапісны помнік XVI ст. - Слуцкае Евангелле - будзе дэманстравацца ў музеі кнігі з 28 лютага па 15 сакавіка.

Выстаўка "Асветнік з роду Астрожскіх" будзе працаваць да мая 2008 г.

Крыніца: "Наша Ніва"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.