Гістарычныя навіны

Выйшаў насьценны перакідны каляндар да 90-годзьдзя БНР: «1918—2008»

13.03.2008

Каляндар зьмяшчае дванаццаць фотаздымкаў: усіх васьмі старшыняў Рады БНР: Янкі Серады, Язэпа Лёсіка, Пётры Крэчаўскага, Васіля Захаркі, Міколы Абрамчыка, Вінцэнта Жука-Грышкевіча, Язэпа Сажыча ды Івонкі Сурвіллы, а таксама чатырох старшыняў Ураду БНР, што дзейнічаў у Беларусі: Язэпа Варонкі, Антона Луцкевіча, Рамана Скірмунта, Вацлава Ластоўскага.

Каляндар выйшаў пры падтрымцы ЗБС "Бацькаўшчына" і Рады БНР. Прадмову да календара напісалі першы намесьнік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык і радны БНР, гісторык Янка Запруднік. Укладальнікі календара: Алег і Натальля Гардзіенкі

У прадмове яны зазначаюць:

Ідэя календара, прысьвечанага ўгодкам Беларускай Народнай Рэспублікі, нарадзілася колькі гадоў таму, але толькі зараз атрымала сваё ўвасабленьне. (…) Выданьне склалі, фактычна, два асобныя календары: адзін актуальны на 2008 г., другі гістарычны на 1918 г. Апошні дазволіць больш яскрава адчуць храналягічныя асаблівасьці падзеяў, зьвязаных зь першым годам гісторыі БНР. (…)

Характар выданьня не дазваляе ахапіць усіх дзеячаў, таму засяродзіліся на кіраўніках Ураду і Рады БНР. Праўда, у выпадку паваеннага пэрыяду давялося абмежавацца выключна старшынямі Рады (як найбольш уплывовай, у параўнаньні з Урадам, структуры тагачаснай БНР). Захаваная храналягічная пасьлядоўнасьць асобаў у найвышэйшым кіраўніцтве БНР. Да таго ж зробленая спроба падаць найбольш дакладныя на сёньня біяграфічныя зьвесткі дзеячаў.

Таксама на старонках календара прадстаўленыя выявы арыгінальных аўтографаў кіраўнікоў БНР і дакумэнты ды выданьні з фондаў Беларускага Дзяржаўнага архіву‑музэю літаратуры й мастацтва, Музэю гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ды прыватных збораў. Адметнасьцю выданьня ёсьць таксама выкарыстаньне на яго старонках арыгінальных паштовых марак БНР 1918-1920 гг. і паваеннага часу з калекцыі Беларускай бібліятэкі й музэю імя Ф. Скарыны ў Лёндане (выявы падаюцца з захаваньнем арыгінальных памераў).

Каляндар памерам А4, каляровы, двухбаковы. З адваротнага боку дадаецца біяграма таго ці іншага дзеяча БНР, а таксама каляндар гэтага месяца ў 1918 г.

Крыніца: "Наша Ніва"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.