Гістарычныя навіны

У Беларусі барочны палац прададуць за 16 даляраў?

17.03.2008

Палац у Сьвяцку пад Горадняй будзе выстаўлены на аўкцыён.

Ужо трэці год палац у Сьвяцку, што пад Горадняй, імкліва разбураецца: адвальваецца тынкоўка, расьцярушваюцца сьцены... Палац мае агромністую архітэктурную каштоўнасьць. Яго збудаваў у 1779 годзе італійскі архітэктар Джузэпэ Сака. Усё - каміны, жырандолі, вазоны для кветак, мэбля – рабілася па ягоным эксклюзыўным праэкце. Палац быў аздоблены багатай ляпнінай.

У 1930-х гадах тут была створаная адзіная на той час у Польшчы наркалягічная лякарня. Мясцовыя жыхары й зараз памятаюць тутэйшых пацыентаў, якіх называлі “шляхта” – бо тыя прагульваліся па палацавым парку ў імпазантных капялюшах і строях.

Да 2005 году тут месьцілася сухотная лякарня. Але як толькі мэдычная ўстанова пакінула палац, ён пачаў разбурацца. Грошай на рэстаўрацыю няма.

Таму палац і сабраліся выставіць на аўкцыён. Першапачатковы кошт – 1,5 мільярда рублёў – напужаў пакупнікоў. Ім падалося, што за палац не ў найлепшым стане гэта зашмат. Таму зараз у Сьвяцк накіравалася адмысловая дзяржаўная камісія, якая мусіць яшчэ раз ацаніць кошт палацу. Чальцы камісіі самі зазначаюць, што калі тэрмінова не пачаць аднаўленьне гэтага помніка архітэктуры, яго можна папросту страціць.

Як выгоды палацу пакупнікам пералічаецца блізкасьць Аўгустоўскага каналу, вадаправод, кацельная, аўтамабільная траса побач. Ідэальнае месца для стварэньня гатэлю!..

Зараз менскія адмыслоўцы працуюць над ацэнкай. Іхная мэта – найперш выставіць прымальны кошт, каб палац нарэшце нехта набыў – гэта значыцца, уратаваў.

Паводле прэзыдэнцкага ўказу, які дзейнічае ад 2007 году, у мэтах прыцягненьня да гаспадаркі будынкаў, якія не выкарыстоўваюцца, іх дазваляецца прадаваць за мінімальны кошт у 1 базавую велічыню – зараз гэта 35 тысяч рублёў, ці 16 даляраў. Да прыкладу, цяпер у краіне за такі кошт афіцыйна прадаецца 38 будынкаў. Напраўду, на аўкцыёнах гэты кошт звычайна падвышаецца ў тысячы разоў.

Адмыслоўцы кажуць, што для палацу ў Сьвяцку продаж за 1 базавую велічыню – гэта скрайні крок. Алё ён магчымы.

Арцём Багданаў, Менск
Крыніца: "Польскае радыё для замежжа"

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!

«Папярэдняя |  Усе за дзень  | Наступная»
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.