Гістарычныя навіны

Пракуратура разьбіраецца, як у Менску зносяць помнікі

10.04.2008

Супрацоўнікам УУС Цэнтральнага раёну Менску даручана правесьці праверку па факце разбурэньня помніку архітэктуры XIX стагодзьдзя па вуліцы Рэвалюцыйная, 17

Супрацоўнікам УУС Цэнтральнага раёну Менску даручана праверыць факты, зьвязаныя з разбурэньнем у сталіцы помніку архітэктуры - жылога будынку XIX стагодзьдзя ў стылі клясыцызму з элемэнтамі эклектыкі па вуліцы Рэвалюцыйнай. Пра гэта гаворыцца ў лісьце пракуратуры Цэнтральнага раёну сталіцы да старшыні грамадзкага аб’яднаньня "Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры" Антону Астаповічу.

14 сакавіка быў зьнішчаны ўнікальны двухпавярховы жылы будынак з дэкараваным фасадам па вуліцы Рэвалюцыйная, 17, унесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка‑культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. Гэты будынак рэстаўраваўся, і працэс яго аднаўленьня знаходзіўся ў апошняй стадыі. Аднак на працягу некалькіх дзён ТАА "ТаПас" будаўнічага ўпраўленьня № 2 ААТ "Будтрэст № 7" поўнасьцю разбурыла гэты помнік айчыннага дойлідзтва, на месцы якога заплянавана збудаваньне комплексу адміністрацыйных будынкаў.

У сувязі са зьнішчэньнем будынку А.Астаповіч накіраваў у Генэральную пракуратуру хадайніцтва аб распачынаньні крымінальнай справы, праінфармаваў Камітэт дзяржаўнага кантролю, а таксама зьвярнуўся да кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Неўзабаве ў офіс аб’яднаньня паступіла паведамленьне Генэральнай пракуратуры, якая даручыла пракуратуры Менску праверыць абставіны зносу будынку. Празь некалькі дзён сталічная пракуратура накіравала гэтае даручэньне ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску.

У інтэрвію БелаПАН А.Астаповіч выказаў шкадаваньне ў сувязі з тым, што разгляд пытаньня аб зьнішчэньні помніку даручаецца па ланцужку ніжэйшым інстанцыям.

Крыніца: "Наша Ніва"

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!

«Папярэдняя |  Усе за дзень  | Наступная»
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.