Гістарычныя навіны

У Полацку пачаўся першы фестываль сярэднявечнай культуры "Рубон"

19.05.2008

У Полацку ўчора пачаўся і сёння працягваецца першы фестываль сярэднявечнай культуры "Рубон". Яго дзейнасць адбываецца ў гістарычнай частцы горада - ў пойме ракі Палата, насупраць Верхняга замка.

Фестываль адкрыў чараду святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 1146-й гадавіны згадвання Полацка ў старажытных летапісах. Юры Усціновіч, выкладчык Полацкага дзяржаўнага універсітэта, кіраўнік тэатра гістарычнага касцюма "Полацкі звяз", адзін з арганізатараў гэтага фэсту “Рубон”, патлумачыў для РР у чым палягае канцэпцыя фестывалю:

- Гэта сярэднявечны фэст з ідэяй максімальна прыцягнуць увагу да гісторыі Полацка, каб пашырыць гістарычныя веды, умацоўваць гонар палачанаў за родны горад.

На запрашэнне прыняць удзел у полацкім ваярскім фэсце адгукнуліся шматлікія рыцарскія клубы Беларусі.

- Прыехала на фэст каля 30 рыцарскіх клубаў з усёй Беларусі. Вельмі прадстаўніча выглядае Мінск, ёсць Баранавічы, Віцебск, Магілёў, усе клубы Полаччыны. Учора адбылося афіцыйнае адкрыццё. Выступалі гурты, такія, напрыклад як, “Osimira", "За парогам”. А таксама адбыўся турнір рэканструктараў, якія аднаўляюць раннія даспехі і турнір латнікаў. І былі бугурты – гэта такія бойкі з шматлікімі ўдзельнікамі, - распавёў Юры Усціновіч.

Сёння праходзіў турнір лучнікаў, а 13 гадзіне адбыўся штурм полацкага замку. Макет замка быў усталяваны прыкладна на тым жа месцы, дзе больш за шэсць стагоддзяў таму знаходзіўся сапраўдны замак. Арганізатары вырашылі інсцэніраваць гістарычныя падзеі часоў полацкага князя Андрэя Альгердавіча:

- У часы барацьбы полацкага князя Андрэя Альгердавіча і Ягайлы за вялікакняскую ўладу Андрэй Полацкі вымушаны быў пакінуць Полацк. Ягайла, які пачаў атрымліваць верх, прызначыў свайго брата Скіргайлу полацкім князям. А палачане, вольналюбныя людзі, не захацелі мець сабе такога князя і пасадзілі яго перадам да заду на каня і адправілі з гораду. Скріргайла пакрыўджаны збірае войска і паспрабуе ўзяць штурмам горад, што ў яго не атрымліваецца.

Завершыцца фестываль сёння ўвечары вялікім канцэртам вядомага беларускага гурту "Стары Ольса". Арганізатары плануюць зрабіць фэст “Рубон” традыцыйным і ператварыць яго ў галоўны рыцарскі фэст Беларусі.

Васіль КРОКВА
Крыница: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.