Гістарычныя навіны

Гродзенскія гісторыкі звярнуліся да кіраўніцтва Беларускага народнага банка

20.05.2008

У адкрытым лісце яны прапануюць правесці навуковую рэстаўрацыю аднаго з будынкаў горада.

З нядаўніх часоў менавіта гэтай установе належыць знакаміты дом Крэйцэра, і навукоўцаў турбуе будучая рэстаўрацыя, якая можа быць зроблена хутка і танна.

Нягледзячы на тое, што ў дадзены момант будынак знаходзіцца ў жудасным стане, ён уяўляе ўнікальны прыклад архітэктурнага стылю мадэрн пачатку ХХ стагоддзя. Зварот да ўладальніка, якім з’яўляецца Беларускі народны банк, на думку гродзенскіх гісторыкаў павінен прыцягнуць увагу грамадскасці да гістарычнай спадчыны горада, якая апошнім часам бязлітасна руйнуецца мясцовымі ўладамі. Менавіта так лічыць і адзін з аўтараў адкрытага ліста – гісторык Андрэй Вашкевіч.

Як паказвае практыка, сучасныя метады рэстаўрацыі гістарычных і архітэктурных каштоўнасцяў у Гродне палягаюць на знішчэнні будынкаў і пабудове на іх месцы танных муляжоў. Менавіта не рабіць падобныя захады і просіць грамадскасць горада кіраўніцтва Беларускага народнага банка.

Са свайго боку навукоўцы абяцаюць падтрымку і садзейнічанне ў стварэнні станоўчага іміджу банкаўскай установы.

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.