Гістарычныя навіны

У Барысаве знойдзены пахаванні напалеёнаўскіх жаўнераў

26.05.2008

Як сьцьвярджаюць гісторыкі, у часе знакамітай пераправы церазь Бярэзіну і падчас баёў у Барысаве ў 1812 годзе агульныя страты напалеонаўскага войска складалі дзясяткі тысяч чалавек. Паводле розных крыніц, лічба загінулых вагаецца ад трыццаці да пяцідзесяці тысяч. Нямала ў тых баях палегла й салдат расейскага войска. Аднак за мінулыя два стагодзьдзі не была знойдзена ніводнай магілы, якая б адносілася да таго пэрыяду.

Толькі адносна нядаўны былі выпадкова знойдзеныя парэшткі аднаго расейскага салдата ў раёне Брылеўскага поля, якія й былі ўрачыста перапахаваныя летась падчас сьвяткаваньня чарговага юбілею бітвы на Бярэзіне.

І вось упершыню на паўночнай ускраіне Барысава, на тэрыторыі санаторыя "Бярэзіна", воінамі 52‑га асаблівага пашуковага батальёну ўзброеных сілаў Беларусі было адкрытае масавае пахаваньне, як мяркуецца, 1812 году. Пашуковыя працы вядуцца з 13 траўня й на сёньня знойдзеныя парэшткі трох дзясяткаў чалавек. Па спадарожных знаходках - гузіках ад мундураў і кулі крэмневай стрэльбы - можна зрабіць папярэднюю выснову, што гэта брацкая магіла салдатаў арміі Напалеона.

Раскопкі ініцыяваў жыхар Барысава, рабочы ААТ "Паліміз" Вячаслаў Клімковіч. Як расказаў спадар Вячаслаў карэспандэнту мясцовага радыё, у дзяцінстве ён стаў сьведкам таго, як падчас пабудовы санаторыя "Бярэзіна" экскаватар выкуліў зямлю з чалавечымі касьцямі. Будаўнікі, паводле слоў Клімковіча, абмінулі гэтае месца. Прайшло 27 гадоў, і барысаўчанін даведаўся пра існаваньне пашуковага батальёна й вырашыў зьвярнуцца туды й паведаміць пра тую страшную знаходку.

Крыніца: "Наша Ніва"

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!

«Папярэдняя |  Усе за дзень  | Наступная»
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.