Гістарычныя навіны

Вільня як месца памяці многіх нацый

29.05.2008

Герб Вільні21 – 22 мая у Вільні адбыўся міжнародны навуковы семінар “Вільня як месца памяці многіх нацый”. Семінар быў арганізаваны як сумесны праект Інстытута гістарычных даследаванняў Беларусі пры ЭГУ (А.Смалянчук) і Інстытута гісторыі Літвы (А.Нікжэнтайціс).

Удзельнікі семінара аналізавалі працэс “нацыянальнай прыватызацыі” Вільні народамі рэгіёну ў 20 ст. Навукоўцы дыскутавалі па праблемах, якія на працягу ўсяго мінулага стагодзьдзя стваралі “кропкі напружаньня” ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе. У цэнтры абмеркаваньня аказаліся нацыянальныя сімвалы горада і “знакі культуры” літоўцаў, беларусаў, палякаў, расейцаў, габрэяў ды інш., праз якія і адбывалася “прысваенне” Вільні народамі рэгіёну. Пры гэтым закраналіся розныя аспекты нйноўшага асэнсаваньня праблематыкі памяці (Яан і Алеіда Асман, Морыс Хальбвакс, П’ер Нара), абмяркоўваліся канцэпцыі шматкультурнасці ў дачыненьні да горада, ўздымалася пытаньне культурнага і канфэсійнага памежжа.

“Беларускі бок” на семінары прадстаўлялі Алесь Смалянчук ("Беларускія нацыянальныя сімвалы Вільні"), Захар Шыбека і Сяргей Харэўскі ("Вільня ў гісторыі беларускай культуры").

Літоўская гістарыяграфія была прадстаўлена віленскімі даследчыкамі Альвідасам Нікжэнтайцісам ("Нацыянальны сімвал горада"), Дангірасам Мачулісам і Рымантасам Мікнысам ("Літоўскія нацыянальныя сімвалы"), Юргітай Вербіцкене ("Габрэйская Вільня") і Альфрэдасам Бумбляўскасам ("Як падзяліць Вільню").

Польскія нацыянальныя сімвалы Вільні і “знакі польскай культуры” горада былі прааналізаваны ў рэфератах Малгажаты Каснер (Варшава) і Дануты Бернатовіч (Вільня).

Актыўны ўдзел у працы семінара прынялі гісторыкі зь Нямеччыны -- Петэр Гаслінгер p Марбургу ("Паняцце шматкультурнасці горада") і Алена Тэмпер зь Ляйпцыгу ("Вільня ў працах нямецкіх гуманітарыяў 1991-2008 гг."), а таксама Давід Фішман зь Нью Ёрку ("Габрэйскія нацыянальныя сімвалы Вільні") і Міхаіл Далбілаў зь Пецярбургу ("Вільня ў імперскай і расейскай самасьвядомасці канца XIX–пачатку XX ст.").

У заключнай дыскусіі яе ўдзельнікі падкрэсьлілі важнасць узнятае праблемы і выказалі жаданьне працягваць распачатыя даследаваньні. Відавочна, што яны будуць мець міждысцыплінарны характар і выйдуць за межы ўласна гістарычнага дасьледаваньня.

Крыніца: "Наша Ніва"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.