Гістарычныя навіны

Высяляюць таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры

29.05.2008

Кіраўніцтва Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры распаўсюдзіла заяву з нагоды пазбаўлення грамадскай арганізацыі юрыдычнага адрасу.

“Задушэнне арганізацыі праз пазбаўленне юрыдычнага адраса Таварыства разглядае, як помсту дзяржаўных органаў грамадскаму аб’яднанню, якое за апошні год актывізавала сваю працу ў галіне маніторынгу за выкананнем заканадаўства па ахове помнікаў, інфармавання беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці па фактах яго парушэння”, – гаворыцца ў заяве, падпісанай прыхільнікамі Руху “За Свабоду”, старшынямі Рэспубліканскай і Мінскай рад таварыства Антонам Астаповічам і Змітром Каспяровічам.

У інтэрв’ю Рацыі старшыня Таварыства Антон Астаповіч распавёў, што з аб’яднаннем не працягнулі дамову на арэнду і адпаведна аказаўся страчаным юрыдычны адрас.

- Ужо ёсць новы юрыдычны адрас, - кажа спадар Астаповіч, - і будзе мяняцца статут. Але будынак, у якім дагэтуль мы знаходзілася, на 60% узведзены за грошы Таварыства. Мы маем права на кампенсацыю і ад свайго не адступімся. Зараз рыхтуем заяву ў Гаспадарчы суд з патрабаваннем вярнуць нам гэтыя грошы – сотні мільёнаў беларускіх рублёў.

Старшыня Таварыства таксама адзначыў, што аб’яднанне будзе працягваць сваю дзейнасць у любых умовах, нават пры пазбаўленні рэгістрацыі.

Наталля ЯКАВЕНКА
Крыніца: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.