Гістарычныя навіны

Праўда пра германскія страты на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны

18.06.2008

Што кажуць гісторыкі пра лёс вёскі Дражна і іншых паселішчаў, пра партызанскі рух у Беларусі?

"Германскія страты на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1944: аналіз і вынікі" - так называецца кніга, у якой дасьледуюцца малавядомыя факты пра партызанскі рух у Беларусі падчас апошняй вайны. Аўтар падрыхтаванага да друку выданьня - гісторык, дацэнт БДУ загадчык Гістарычнай майстэрні Кузьма Казак.

Казак: "У нас у кнігах пра вайну напісаныя, да прыкладу, страты нямецка‑фашысцкіх захопнікаў. Ну і, безумоўна, усе мы думалі, што гэта немцы. А як выявілася, то большая частка - гэта мясцовыя людзі. І я паказваю, што калі гінулі і нямецкія жаўнеры, то адначасна пад выглядам нямецкіх гінулі і нашыя. Да прыкладу, як і ў выпадку зь вёскай Дражна. А гэтая лічба, пра якую я кажу, заўсёды заставалася такой канстантай: 500 000 - гэта паўмільёна зьнішчаных на тэрыторыі Беларусі партызанамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З гэтых паўмільёна, якія зьнішчаныя, бальшыня прыпадае на мясцовых людзей. Яны зьнішчаныя менавіта партызанамі, гэта не франтавая гісторыя. Таму немцы заўсёды пыталіся: а як гэта так? Як гэта вы маглі гэтулькі панішчыць? Не было тут немцаў гэтулькі. І ніхто не спрабаваў даць адказ на гэтыя пытаньні. Словам, вайна доўгі час малявалася і малюецца ня тымі фарбамі".

Карэспандэнтка: "Ці вам даводзілася сустракацца, складаючы кнігу, з такімі прыкладамі, як вёска Дражна?"

Казак: "Вядома, камусьці гэта падаецца нетыповай зьявай. І камусьці думаецца, што, маўляў, такога ня можа быць. Да прыкладу, у вёсцы гарнізон - і ўявіце сабе такую лічбу, якую немцы самі зафіксавалі: 575 нападаў на вёскі ў сакавіку 1944 году. А як гэта адбывалася? І страляюць, і кідаюць гранаты, і падпальваюць. А пасьля атрымліваецца: немцы лічаць, што гэта забілі партызаны, а партызаны лічаць, што гэта яны забілі памагатых. І гэтае полымя было вельмі маштабным і значным. Пасьля, калі глядзець далей на гэтую праблему, то вельмі моцнымі былі канфрантацыі паміж польскімі і ўкраінскімі партызанамі, савецкімі і польскімі партызанамі".

Карэспандэнтка: "Ці магла быць такая сытуацыя, як сьведчылі жыхары вёскі Дражна, што калі не ўдавалася зьнішчыць той жа нямецкі гарнізон, калі не было належнай справаздачы, тыя ж партызаны нішчылі людзей без разбору, бо партызаны былі не мясцовыя?"

Казак: "Магчымым было ўсё. Бо чым больш было забіта паводле статыстыкі, тым больш было верагоднасьці, што чалавек атрымае нейкае падвышэньне альбо ўзнагароду. І партызаны, дарэчы, гэта вельмі часта выкарыстоўвалі. Калі чытаеш дакумэнты Беларускага штабу партызанскага руху, відаць, што да гэтага ставіліся станоўча. Бо кожны хацеў выглядаць героем у гэтай вайне. У статыстыку патраплялі цывільныя людзі, як у прыкладзе з гэтай вёскай. Гэта вельмі тыповы прыклад, і такіх матэрыялаў вельмі шмат, нават страшнейшыя ёсьць. А камандаваньне партызанскіх атрадаў, толькі яны самі, паводле сваіх прысудаў, расстралялі ці павесілі больш за дзьве тысячы партызан. Кожны такі выпадак абавязкова цягне за сабой факты гвалту над іншымі людзьмі. І такіх старонак, малавядомых ці невядомых, у нас у Беларусі вельмі шмат. Бо не было больш масавага партызанскага руху ў ніводнай краіне, як у нас, у Беларусі".

Крыніца: "Наша Ніва"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.