Гістарычныя навіны

Знойдзены новыя звесткі пра горад Казімір

19.06.2008

Гэта ўдалося зрабіць даследчыку з Светлагорска Вадзіму Болбасу.

Казімір існаваў у ХVII стагоддзі на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна і быў зруйнаваны ў 1655 годзе падчас вайны паміж Расійскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай.

“Казімір, утвораны ў 1643 годзе, меў Магдэбургскае права. Дакумент аб яго існаванні выявіў у 2001 годзе доктар гістарычных навук прафесар Беларускага дзяржаўнага універсітэта Сяргей Рассадзін. Археалагічныя раскопкі Казіміра даюць навуцы “эталонны” матэрыял аб жыцці людзей у XVII стагоддзі, бо рэліквіі культурнага слоя амаль не змешаны з рэчамі іншых эпох”, - паведаміў старшыня Светлагорскай раённай арганізацыі “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Тэльман Маслюкоў.

- Таму раскопкі фінансуюцца з фонду фундаментальных даследаванняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Але навукоўцам не хапае пісьмовых звестак аб Казіміры, бо гісторыкам былі вядомыя ўсяго два тэксты. І светлагорскі краязнаўца знайшоў новую пісьмовую крыніцу.

Ён распавёў, што, вывучаючы кнігу польскага гісторыка Вітальда Бярнацкага “Паўстанне Хмяльніцкага: ваенныя дзеянні ў Літве ў 1648-1649 гг.”, Вадзім Болбас звярнуў увагу на такія радкі: “…28 чэрвеня 1649 года князь Януш Радзівіл дайшоў да Казімеравай Слабады, дзе стаяла рота ў 100 драгунаў на чале з капітанам Маенам. Адсюль князь выправіў пасланца з лістом да Яна Казіміра, караля Рэчы Паспалітай. Апоўдні з Менску падцягнулася артылерыя. Князь адразу накіраваў яе ў Рэчыцу, дадаўшы да яе роту капітана Маена, якая пры гарматах рушыла...”.

- Параўнаўшы ўсе факты, Болбас прыйшоў да высновы, што Казімерава Слабада - гэта і ёсць горад Казімір, у дачыненні да якога польскі гісторык ўжыў неафіцыйную назву. З гэтым меркаваннем пагадзіўся і прафесар Сяргей Рассадзін.

Маслюкоў паведаміў, што былы начальнік цэха светлагорскага вытворчага аб'яднання “Хімвалакно” Вадзім Болбас свой адпачынак на пенсіі прысвячае турызму і краязнаўству. Яго родная вёска Казакова знаходзіцца непадалёк ад былога Казіміра. У 2006 годзе Болбас быў адным з першых добраахвотнікаў, якія разам з прафесарам Рассадзіным пачалі археалагічныя раскопкі на месцы старажытнага горада.

Крыница: "Радыё Рацыя"

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!

«Папярэдняя |  Усе за дзень  | Наступная»
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.