Гістарычныя навіны

На Гомельшчыне адчыняць музей першабытнага чалавека

20.06.2008

Першабытныя людзіСтаянку першабытнага чалавека ў Юровічах Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці плануюць ператварыць у музей пад адкрытым небам. Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны разгледзела архітэктурны праект музея і ўнесла свае прапановы па яго дапрацоўцы, паведаміў карэспандэнту намеснік міністра культуры Уладзімір Грыдзюшка.

Па інфармацыі афіцыйнай старонкі Калінкавіцкага райвыканкама, стаянцы першабытнага чалавека прыкладна 26,5 тыс. гадоў. На месцы стаянкі праведзеныя раскопкі пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук Алены Калечыц. Сабрана вялікая колькасць знаходак, якія пацвярджаюць старажытнасць селішча. Адной з найболей сенсацыйных знаходак стала галава маманта з біўнямі, якая цалкам захавалася.

У цяперашні час добраўпарадкаваная тэрыторыя месца стаянкі, збудаваная лесвіца для ўздыму на ўзгорак, дзе будзе знаходзіцца назіральная пляцоўка. Экспазіцыя жылля першабытнага чалавека размесціцца ў разрэзе ўзгорка, дзе праводзіліся раскопкі. Ужо падрыхтаваныя канцэпцыя музея і тэматыка-экспазіцыйны план. Музей будзе ўяўляць дзве майстэрні: па апрацоўцы крэмнія і майстэрню першабытнага мастака. Плануецца ўсталяваць тры фігуры - мужчыны-паляўнічага, жанчыны, што апрацоўвае шкуру, дзіцяці ля вогнішча.

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.