Гістарычныя навіны

Выстава, прысвечаная 755-годдзю каранацыі вялікага князя Міндоўга распачалася ў Навагрудку

14.07.2008

Міндоўг11 ліпеня ў Доме-музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку (Гродзенская вобласць) адкрылася мастацкая выстава, прысвечаная 755-годдзю каранацыі вялікага князя Наваградскага Міндоўга на караля.

Як паведаміў мастак Мікола Купава, выстава 10 аўтараў арганізавана Беларускім саюзам мастакоў. У экспазіцыі - 20 твораў жывапісу, графікі і скульптуры. Сярод іх - графічныя лісты народнага мастака Беларусі Арлена Кашкурэвіча, лялька караля працы Людмілы Краснеўскай-Кашкурэвіч, бронзавы барэльеф Міндоўга скульптара Валяр'яна Янушкевіча, акварэлі з выявай Навагрудскай літоўскай харугвы М.Купавы, жывапісныя кампазіцыі Юрася Каралевіча "Рыцары Вялікага княства Літоўскага" і Аляксея Марачкіна "Зачараваная карона", графічныя выявы Навагрудскага, Лідскага і Клецкага замкаў працы Віктара Сташчанюка, а таксама гуашы юнай Рагнеды Купавы, прысвечаныя каранацыі Міндоўга.

Як зазначыў М.Купава, выстава з'яўляецца падарункам Беларускага саюза мастакоў першай сталіцы ВКЛ напярэдадні 755-годдзя каранацыі Міндоўга. Мастак нагадаў, што булой папы Інакенція IV ад 17 ліпеня 1251 года Міндоўг быў тытулаваны каралём, а яго дзяржава абвешчана каралеўствам. 6 ліпеня 1253 года ў Навагрудку біскуп Кульмскі Гейндрых урачыста каранаваў вялікага князя. Міндоўг пачаў аб'яднанне беларускіх (літоўскіх) зямель вакол Навагрудка і на тэрыторыі Беларусі заклаў асновы новай дзяржавы - Вялікага княства Літоўскага.

На думку кандыдата філалагічных навук Алеся Жлуткі, каранацыя Міндоўга стала "вузлавым пунктам" еўрапейскай гісторыі Беларусі.

"З моманту стварэння каралеўства і абвяшчэння біскапату славянская Беларусь стала называцца Літвой і ператварылася ў сапраўдную еўрапейскую дзяржаву. Пры каранацыі Міндоўг даў прывілеі нямецкаму ордэну, а таксама права свабоднага гандлю нямецкім купцам і грамадзянам Рыгі. Разам з каралём больш за 600 баярскіх родаў прынялі хрысціянства і, такім чынам, перайшлі ў новае вымярэнне духоўнага жыцця. Новая дзяржава захоўвала сваё адзінства на працягу амаль 550 гадоў - аж да інкарпарацыі ў склад Расійскай імперыі", - сказаў вучоны.

Выстава будзе працаваць да 3 жніўня.

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.