Гістарычныя навіны

У Светлагорску раскапалі рэчы часоў антычнасці

07.08.2008

У старадаўняй частцы Светлагорска (Гомельская вобласць) - у Шацілках - знайшлі рэчы часоў антычнасці. Пра гэта паведаміў адзін з удзельнікаў археалагічнай экспедыцыі Тэльман Маслюкоў.

Паводле яго слоў, на раскопках працуе група навучэнцаў, якія скончылі першы курс Светлагорскага індустрыяльнага каледжа па будаўнічай спецыяльнасці. Кіруе групай майстар вытворчага навучання Генадзь Рызнавокі.

"Цікава, што ўпершыню ён браў удзел у раскопках яшчэ калі сам быў школьнікам. Трэці год майстар праводзіць практыку на раскопках, якія вядуцца ў Светлагорскім раёне пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук Сяргея Рассадзіна", - зазначыў Т.Маслюкоў.

Паводле пісьмовых звестак, Шацілкі вядомыя з 1560 г. як вёска. У 1961 г. Шацілкі атрымалі статус горада з цяперашняй назвай - Светлагорск. Падчас леташніх раскопак высветлілася, што паселішча існавала тут яшчэ ў перыяд Тураўскага княства - у 9-10 стагоддзях. Затым быў адкрыты культурны слой ранняга сярэднявечча (6-7 ст.). А нядаўна вызначана, што вісочныя кольцы гунна-аварскага тыпу, знойдзеныя пры раскопках, адносяцца да 5 стагоддзя, г. зн. да эпохі антычнасці.

Тэльман Маслюкоў паведаміў, што ён прапанаваў пачаць археалагічныя даследаванні ў Шацілках яшчэ ў 2006 годзе. Першыя разведкі выканала кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Наталля Дубіцкая. З 2007 года рэгулярныя раскопкі ў Шацілках праводзіць Сяргей Рассадзін - прафесар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта, член Геральдычнага савета пры прэзідэнце Беларусі. Даследаванні фінансуюцца з дзяржаўнага і мясцовага бюджэтаў.

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!

«Папярэдняя |  Усе за дзень  | Наступная»
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.