Гістарычныя навіны

Выйшла кніга аб гісторыі Магілёўскай ратушы

19.08.2008

У Магілёве выйшла ілюстраванае навукова-папулярнае падарункавае выданне беларускіх гісторыкаў Аляксандра Агеева і Алега Трусава "Магілёўская ратуша. Гістарычны лёс і адраджэнне".

У 144-старонкавым даследаванні кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя Аркадзя Куляшова А.Агеева і кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў А.Трусава прадстаўлена шматвяковая гісторыя Магілёўскай ратушы ў кантэксце беларускай і еўрапейскай гісторыі, апісваецца яе будаўніцтва ў XVII стагоддзі, функцыянаванне ў XVIII-XX стагоддзях і адраджэнне ў XXI стагоддзі. Кніга выдадзена аддзелам культуры Магілёўскага гарвыканкама сумесна з Музеем гісторыі горада Магілёва.

У інтэрв'ю БелаПАН А.Трусаў зазначыў, што ў верасні 1979 года пачаў археалагічныя раскопкі на месцы Магілёўскай ратушы з мэтай аднаўлення гэтага помніка архітэктуры. Цяпер помнік цалкам адроджаны пры высокай якасці аднаўленчых работ. "Вельмі важна, што ў будынку ратушы плануецца размяшчэнне экспазіцыі Музея гісторыі горада Магілёва", - сказаў А.Трусаў. Паводле яго слоў, аднаўленне Магілёўскай ратушы, якая з'яўляецца самым вялікім будынкам такога тыпу ў краіне, стала знакавай падзеяй нацыянальнага значэння. "У сваёй кнізе мы ўпершыню прадставілі мінулае Магілёва праз гісторыю яго ратушы", - зазначыў А.Трусаў. Ён выказаў падзяку ўладам горада за тое, што яны не пашкадавалі сродкаў на выданне кнігі і ўключылі ў яе слайды вучонага па матэрыялах яго археалагічных даследаванняў на месцы ратушы ў канцы 1970-х - пачатку 1980-х гадоў, якія раней нідзе не публікаваліся.

Магілёўская ратуша
Ратуша ў Магілёве

Аднаўленне Магілёўскай ратушы згодна з праектам, заснаваным на матэрыялах археалагічных раскопак і гістарычных даследаванняў, было ажыццёўлена ў перыяд са жніўня 2007 года па 3 ліпеня 2008 года.

У канцы XVII стагоддзя ратуша ўяўляла сабой цагляны двухпавярховы будынак памерам 28 на 10,5 м з васьміграннай пяціяруснай вежай у цэнтры галоўнага фасада будынка. Вежа вышынёй 38 метраў, збудаваная ў 1692 годзе, стала вертыкальнай дамінантай горада. Упрыгожаная балконам з металічнымі рашоткамі і вялікім гадзіннікам, яна завяршалася гранёным купалам са шпілем. У аконныя праёмы вежы былі ўстаўленыя алавяныя рамы з невялікім авальным шклом. Ратуша была пакрытая плоскай чыровнай дахоўкай, упрыгожаная пазалочанымі флюгерамі на франтоне, даху ганка і шпілі вежы. У 1773 годзе будынак быў перабудаваны ў стылі класіцызму, а яго дах пакрыты бляхай. У гады Другой сусветнай вайны ратуша моцна пацярпела, а ў 1957 годзе была знесеная

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!

«Папярэдняя |  Усе за дзень  | Наступная»
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.