Гістарычныя навіны

Умацаванае старажытнае пасяленне знойдзена каля Магілёва

21.08.2008

У наваколлі Магілёва гэтам летам знойдзена гарадзішча - умацаванае старажытнае пасяленне плошчай каля двух гектараў з унікальным паганскім свяцілішчам. Пра гэта паведаміў загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя Аркадзя Куляшова доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк.

Паводле яго слоў, студэнты ВНУ абследавалі археалагічны помнік з магутным круглым у плане валам, дзе людзі пастаянна жылі з III па XV стагоддзі нашай эры.

- Побач з гарадзішчам знаходзіцца селішча (рэшткі старажытнага неўмацаванага пасялення) і некранутае паганскае свяцілішча з ахвярнікам. Ён ўяўляе сабой велізарны валун у атачэнні больш дробных прыродных камянёў з добра захаваным сцёкам для крыві, высечаным у валуне, - сказаў вучоны.

Ён лічыць, што гэтыя помнікі мінулага разам з гандлёва-рамесным пасяленнем эпохі вікінгаў X-XI стагоддзяў з комплексам курганных могільнікаў, што знаходзіцца ў межах аднаго коннага пераходу, складаюць адзіны археалагічны ансамбль.

- Мы плануем вызначыць статус і дэталёва вывучыць гэты помнік гісторыка-культурнай спадчыны, які сведчыць аб пачатку працэсу феадалізацыі і ўзнікнення дзяржаўнасці ў рэгіёне Верхняга Падняпроўя. Даследаванне гэтага ансамбля дапаможа ўдакладніць межы рассялення ўсходнеславянскіх плямён крывічоў і радзімічаў, а таксама малюнак этнічнага развіцця гэтых тэрыторый у перыяд з III па XI стагоддзі, - зазначыў І.Марзалюк.

Паводле яго слоў, у перыяд гэтага летняга палявога сезона студэнты і вучоныя Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук праводзяць абследаванне археалагічных помнікаў каля вёскі Радомля Чавускага раёна Магілёўскай вобласці, у Магілёве і на тэрыторыі былога Баркулабаўскага праваслаўнага мужчынскага і жаночага манастыра XVII стагоддзя ў вёсцы Баркулабава Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.