Гістарычныя навіны

Раскапалі звесткі пра сапраўдны ўзрост Шклова

21.08.2008

Па выніках раскопак каля вёскі Стары Шклоў у Шклоўскім раёне горад Шклоў можа "пастарэць" на 400 гадоў, лічыць загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя Аркадзя Куляшова доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк.

Шклоў узнік і пэўны час існаваў спачатку на месцы сучаснай вёскі Стары Шклоў, потым на тэрыторыі цяперашняй вёскі Рыжкавічы. У пісьмовых крыніцах Шклоў упершыню ўзгадваецца дыпламатам Святарнай Рымскай імперыі Сігізмундам фон Герберштэйнам пад 1526 годам.

У рамках летняй комплекснай экспедыцыі 2008 года з удзелам студэнтаў ВНУ і навуковых супрацоўнікаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзілася археалагічнае даследаванне абарончых збудаванняў Старога Шклова. "У выніку можна зрабіць выснову, што замкавым умацаванням у Старым Шклове папярэднічала гарадзішча (старажытнае ўмацаванае пасяленне) V-VII стагоддзяў нашай эры", - паведаміў археолаг.

Паводле яго слоў, ад агароджанага звычайным драўляным плотам пасялення, дзе жылі прадстаўнікі калочынскай археалагічнай культуры плямёнаў жалезнага веку, Стары Шклоў прайшоў шлях да замка з магутнымі драўняна-землянымі ўмацаваннямі ў другой палове X стагоддзя, сказаў вучоны.

Радыевугляродны аналіз попелу з рытуальных вогнішчаў каля аснавання абарончага вала дапаможа ўстанавіць дакладную дату заснавання Старога Шклова, зазначыў І. Марзалюк. Сярод найбольш цікавых археалагічных знаходак гэтага сезона ён назваў наканечнікі стрэл IX-X стагоддзяў, рэшткі сцен жылых будынкаў XV - першай паловы XVI стагоддзяў з фрагментамі печы з гаршчковай кафляй, донцы якіх кляймёныя гербам Полацкага княства і гербам канцлера Вялікага княства Літоўскага, уладальніка Старога Шклова Альбрэхта Гаштольда.

Крыніца: "Наша Ніва"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.