Гістарычныя навіны

Рэстаўрацыя Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку

01.09.2008

На пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, якое адбылося 28 жніўня ў Мінску, зацверджана праграма першачарговых мерапрыемстваў па рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку (Віцебская вобласць) - помніка архітэктуры Полацкай школы дойлідства XII стагоддзя.

Як зазначыў намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкульта Ігар Чарняўскі, праграма ўключае папаўненне фрагментаў у цаглянай кладцы зводаў аркасоліяў (нішаў у сцяне для пахавання або ўстаноўкі саркафага) ў цэнтральнай частцы храма, што страчаны ў XVII-XVIII стагоддзях пры ўстаноўцы дзвярэй.

Разам з тым, паводле яго слоў, наспела неабходнасць мацавання цягаў у сцяне і зводах царквы з-за наяўнасці вялікіх расколінаў, страты муроўкі і роспісаў, што выклікана зрухам сценаў, а таксама з'яўленнем новых расколінаў. Апрача таго, як зазначыў І.Чарняўскі, мяркуецца, што ў XVII-XVIII стагоддзях у храме збудавалі падвальныя памяшканні (крыпту) літургічнага прызначэння.

Паводле яго слоў, стварэнне крыпты нанесла помніку значны канструктыўны і мастацкі ўрон, звязаны з разбурэннем аўтэнтычнай муроўкі, пад'ёмам адзнакі падлогі амаль на паўметра са скажэннем прапорцый і знішчэннем першапачатковай маёлікавай падлогі, аслабленнем нясучай здольнасці канструкцый, парушэннем гідраізаляцыі і павышэннем узроню ўтрымання вільгаці ў кладцы.

Праграма прадугледжвае разбіранне крыпты, запаўненне яе пяском і стварэнне маёлікавай падлогі на першапачатковай яе адзнацы, што дазволіць вызваліць для рэстаўрацыі і наступнага экспанавання фрэскі XII стагоддзя, размешчаныя на ніжніх частках сцен. Апрача таго, прадугледжана паніжэнне ўзроўню зямлі на тэрыторыі, што прылягае да храма, з правядзененм абавязковых археалагічных даследаванняў.

Доктар мастацтвазнаўства Надзея Высоцкая азнаёміла з канцэпцыяй адслойвання і музеефікацыі алейнага жывапісу XVIII-XIX стагоддзяў пры рэстаўрацыі фрэсак XII стагоддзя ў Спаса-Праабражэнскай царкве. Згодна з гэтай канцэпцыяй, прапануецца перанесці на другую аснову, а затым на палатно жывапісныя слаі XVIII-XIX стагоддзяў для іх наступнага экспанавання ў музеях і царкоўным інтэр'еры.

Як было зазначана на пасяджэнні, праграма дазволіць аднавіць аўтэнтычныя інтэр'еры храма XII стагоддзя.

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.