Гістарычныя навіны

У цэнтры Глыбокага знойдзена сярэднявечная сякера

15.09.2008

Восень падаравала мясцовым краязнаўцам новыя цікавыя знаходкі. Аднавіліся будаўнічыя работы каля універмагу а разам зь імі зьявіліся і новыя экспанаты. Гліняныя цацкі-сьвістулькі, медныя манеты 17-19 стагоддзяў, фрагменты кафлі ды керамікі патрапяць у прыватныя калекцыі глыбачан.

Старажытная сякера

Чаму не ў раённы музей? Таму што яго супрацоўнікі яшчэ з 2006 году праяўляюць абыякавасьць да таго, што ва ўсіх на вачох зьнішчаецца гістарычная частка гораду. А дакладней – культурны слой, якога паводле адказу райвыканкаму – няма. У гэтым годзе толькі аднойчы работнікаў музея бачылі на раскапанай пляцоўцы.

Старажытная цацка-свістулька

Неабыякавыя людзі торбамі ратуюць з-пад бульдозераў фрагменты кафлі і керамікі 17 стагоддзя, амаль штодня знаходзяць медныя манеты, а культурны слой хтосьці проста паленаваўся (альбо не захацеў наўмысна) зафіксаваць і ўзяць пад ахову. Сякера, якой, магчыма, ратавалі нашыя мужныя ваяры мястэчка Глыбокае ад жаўнераў-акупантаў Івана Жахлівага ў 16-м стагоддзі зойме сваё месца ў прыватнай калекцыі. А гліняныя конікі-свістулькі будуць добрым доказам таго, што і ў Глыбокім існавалі і былі страчаныя традыцыі ганчарства.

Крыніца: "незалежная інтэрнэт-газэта Паазер'я і Віленшчыны"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.