Гістарычныя навіны

На Трышынскіх могілках у Берасьці ўсталяваны і асьвечаны помнік Адаму Трыпусу, партызанскаму камандзіру БНР

18.09.2008

У 1918 годзе ён вітаў утварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі, а пазьней дзейнічаў як партызанскі камандзір ад ураду БНР на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі.

Адам Трыпус

Адам Трыпус быў забіты ў Берасьці ў 1965 годзе. Гісторык Ігар Бараноўскі перакананы, што беларускага патрыёта зьнішчылі спэцслужбы СССР:

“Яго знайшлі з моцна разьбітай галавой. Не дазволілі правесьці ніякага сьледзтва, а загадалі адразу пахаваць. Гэтую сытуацыю кантралявалі сілавыя структуры. Я зьвязваю трагічную падзею з тым, што многіх эмігрантаў, якія былі антысаветчыкамі, прыбіралі фізычна. Гэта быў час, калі кароткая хрушчоўская адліга заканчвалася і зноў пачынаўся перасьлед”.

Ігар Бараноўскі кажа, што за некалькі апошніх гадоў здолеў высьветліць асноўныя зьвесткі пра жыцьцё і дзейнасьць Адама Трыпуса:

“Яму давялося жыць у складаны гістарычны пэрыяд. Ён засьпеў царскую Расею і польскую дзяржаву. Таксама ўдзельнічаў у спробе ўсталяваньня БНР, бо жыў тады ў Горадні, якая была сталіцай БНР. Таксама гэта быў час, калі на Беларусь прыйшлі першыя саветы, пасьля іх - немцы, а за імі - зноў саветы”.

У пэрыяд змаганьня за незалежнасьць Беларусі ў 1920-я гады Адам Трыпус быў камэндантам Гарадзенскага павету і сябрам Гарадзенскага акруговага штабу антыпольскага партызанскага руху, які арганізаваў урад БНР Вацлава Ластоўскага. У 1923 годзе Адам Трыпус праходзіў у судовым працэсе па “справе 45-ці” ў Беластоку. Там судзілі барацьбітоў за беларускасьць.

Пра ініцыятараў усталяваньня помніка Адаму Трыпусу ў Берасьці расказвае сябра руху “За свабоду” Наста Ільіна:

“Усталяваньне помніка было прымеркавана да 90-годзьдзя БНР. Да гэтай справы далучыліся грамадзкія актывісты зь Берасьця, удзельнікі руху “За свабоду”. Прыемна, што ў час адкрыцьця помніка былі людзі, якія асабіста ведалі Адама Трыпуса - гэта спадар Георгій Грынкевіч - і людзі, якія ведалі сям’ю Адама Трыпуса, яго дачку Ірыну Трыпус. Яна жыла ў Берасьці і была выкладчыцай польскай, нямецкай і ангельскай моваў. Пра яе расказала Марыя Лукашук”.

Вячаслаў Кулік, "Радыё Свабода"

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!

«Папярэдняя |  Усе за дзень  | Наступная»
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.