Гістарычныя навіны

Калекцыю старажытнай зброі раскапалі пад Старым Шкловам

24.09.2008

Калекцыя старажытнай зброі канца X - сярэдзіны XVI стагоддзяў сабрана ў час раскопак археалагічных помнікаў каля вёскі Стары Шклоў у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці. Аб гэтым паведаміў доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк, загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржуніверсітэта імя Аркадзя Куляшова.

Паводле яго слоў, на тэрыторыі былога замка комплексная археалагічная экспедыцыя студэнтаў ВНУ правяла раскопкі на плошчы 26 кв. м.

Сярод знойдзеных рэліквій - бранябойныя наканечнікі стрэлаў, фрагмент шлема, палатно кальчугі, арбалетныя крукі і арбалетныя балты-стрэлы. Даследчыкі таксама знайшлі першы нацельны крыж на тэрыторыі Старога Шклова, жаночае бронзавае скроневае кальцо ўсходнеславянскага племені крывічаў і шыферную прасніцу з ружовага сланца, якое жанчыны нацягвалі на верацяно для павышэння інерцыі кручэння.

- У старажытныя часы прасніца была вельмі моднай, і кожная жанчына пазначала яе адмысловымі знакамі. Мы знайшлі прасніцу, упрыгожаную разнымі крыжыкамі, зарубкамі і княжаскім трызубцам, - сказаў вучоны.

Сярод іншых знаходак ён назваў шэсць замкоў розных канструкцый, некалькі жалезных спражак ад папругі шклоўскага баярына, свінцовую пячатку са знакам уладальніцкага герба і гаршкі полацкага тыпу. Апрача таго, у ходзе раскопак былі знойдзены рэшткі ўмацаванняў Старога Шклова.

У бліжэйшых планах вучонага раскопкі на тэрыторыі былога Баркулабаўскага праваслаўнага мужчынскага і жаночага манастыра XVII стагоддзя ў вёсцы Баркулабава Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці, а таксама далейшыя даследаванні ўмацаванага старажытнага пасялення плошчай каля двух гектараў з унікальным паганскім свяцілішчам і гандлёва-рамеснае пасяленне эпохі вікінгаў, што знойдзена пад Магілёвам гэтым летам

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.