Гістарычныя навіны

У Менску прэзентавалі дакументальны фільм пра "лінію Сталіна"

25.09.2008

Прэзентацыя 30-хвіліннага тэлевізійнага дакументальна-публіцыстычнага фільма "Лінія Сталіна: гонар ці ганьба?" адбылася 24 верасня ў беларуска-германскай Гістарычнай майстэрні ў Мінску. Аўтарам ідэі і рэжысёрам выступіў Уладзімір Самойлаў, аператарам - Галіна Самойлава.

Лінія сталінаЯк зазначыў кансультант фільма кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў, гэта першая спроба ў кінадакументалістыцы даць адказ на пытанне аб гістарычным існаванні лініі Сталіна. Паводле слоў вучонага, абарончае збудаванне пад такой назвай не ўзгадваецца ў даследаваннях гісторыкаў Другой сусветнай вайны, у падручніках па гісторыі для школ і ВНУ. "Толькі міністр прапаганды нацысцкай Германіі Ёзэф Гебельс тэрмінам лінія Сталіна называў сістэму ўмацаваных раёнаў, што ўзводзіліся ўздоўж заходняй дзяржаўнай мяжы СССР у 1928-1939 гадах", - сказаў І.Кузняцоў.

Паводле яго слоў, на тэрыторыі БССР будаваліся чатыры ўмацаваныя раёны, адзін з якіх - Мінскі - уключаў 209 разрозненых, пераважна кулямётных, дотаў. Аднак пасля заключэння 23 жніўня 1939 года савецка-германскага пакта аб ненападзе гэтыя ўмацаваныя раёны ў БССР былі дэмантаваныя.

І.Кузняцоў лічыць неабходным увекавечыць памяць безыменных чырвонаармейцаў і камандзіраў, якія пры адступленні летам 1941 года загінулі ў закінутых бетонных каробках Мінскага УРа, адстрэльваючыся з трохлінейных вінтовак па ворагу, які наступаў.

Аўтары фільма апавядаюць аб узвядзенні умацаваных раёнаў вязнямі ГУЛАГа і сельскімі жыхарамі; аб інспекцыі Лаўрэнція Берыі, які ў 1939 годзе заявіў, што якасць абарончых збудаванняў не адпавядае патрабаванням часу; метадах барацьбы з "ворагамі народа" на тэрыторыі, што межавала з УРам; аб тым, што ў некаторых закінутых дотах у перадваенныя гады расстрэльваліся ахвяры сталінізму; аб дарэмным страху гітлераўскіх генералаў перад абарончымі магчымасцямі УРаў; аб тым, што мемарыял "Лінія Сталіна" з'яўляецца бутафорыяй, а не рэальным месцам баёў 1941 года.

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.