Гістарычныя навіны

Касцёл святога Язэпа вернуць вернікам узамен за будынак ад горада для архіва

02.10.2008

Архівісты гатовыя аддаць вернікам мінскі касцёл святога Язэпа, дзе зараз месцяцца Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Пра гэта заявіў дырэктар дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Ўладзімір Адамушка.

Узамен архівісты хочуць толькі атрымаць ад уладаў сталіцы будынак плошчай шэсць тысяч квадратных метраў, прыстасаваны пад архівы. Па словах У. Адамушкі, у перспектыве плануецца пабудаваць новы будынак для архіваў, размешчаных у храме. Аднак для гэтага неабходныя вялікія сродкі, якіх цяпер дэпартамент не мае.

Касцёл Сьвятога Язэпа

На бюджэтныя асігнаванні зараз вядзецца рэканструкцыя будынка Нацыянальнага гістарычнага архіву ў Гродне, для чаго патрэбна каля 8 млрд рублёў і тры гады працы. Вядзецца таксама рэканструкцыя будынкаў архіваў у Маладзечне, Барысаве (Мінская вобласць) і Брэсце.

Нагадаем, што з 19 сакавіка 2005 года прыхаджане сталічнай рымска-каталіцкай абшчыны святога Язэпа ладзяць каля будынка касцёла штодзённыя вячэрнія набажэнствы за вяртанне вернікам будынкаў мінскага кляштара бернардынаў з касцёлам - помніка архітэктуры барока XVII стагоддзі.

Крыніца: "ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.