Гістарычныя навіны

Нашчадкі Радзівілаў перадалі Беларусі матэрыялы па гісторыі свайго роду

03.10.2008

Прадстаўнікі магнацкага роду Радзівілаў перадалі Беларусі матэрыялы па гісторыі сваіх продкаў, паведамляецца у прэс-рэлізе пасольства Беларусі ў Польшчы ад 2 кастрычніка

Перадача адбылася ў Варшаве падчас сустрэчы пасла Беларусі ў Польшчы Паўла Латушкі з польскімі прадстаўнікамі роду Мацеем і Каралем Радзівіламі. Яны перадалі два арыгінальныя прыжыццёвыя гравюрныя партрэты XV і XVI стагоддзяў Януша і Мікалая Радзівілаў. Гравюры набыў Мацей Радзівіл на аўкцыёнах у Германіі. Акрамя таго, былі перададзены лічбавая копія партрэта Барбары Радзівіл і актуалізаванае генеалагічнае дрэва роду Радзівілаў. Нашчадкі Радзівілаў выказалі жаданне ўбачыць гэтыя падарункі ў адноўленым Радзівілаўскім замку ў Нясвіжы, а таксама выказалі гатоўнасць аказаць фінансавую дапамогу ў вырабе якасных лічбавых копій партрэтаў Радзівілаў, якія знаходзяцца ў музеях Варшавы.

Міністэрства культуры Польшчы афіцыйна праінфармавала пасольства, што ў адпаведнасці са зваротамі дыпмісіі вядзецца праца па падрыхтоўцы лічбавых копій 48 партрэтаў Радзівілаў, якія знаходзяцца ў фондах варшаўскіх музеяў, для перадачы ў экспазіцыю Нясвіжскага замка.

Пры садзейнічанні пасольства 2-4 кастрычніка ў Нясвіжы адбудзецца пасяджэнне групы беларускіх і польскіх экспертаў па пытаннях нясвіжскіх помнікаў з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў культуры Беларусі і Польшчы, а таксама англійскага навукоўца Анджэя Цеханавецкага.

Разам з Міністэрствам культуры Польшчы пасольства займаецца арганізацыяй ў другой палове кастрычніка гэтага года стажыроўкі групы беларускіх спецыялістаў, якія ствараюць музейную экспазіцыю ў Нацыянальным гісторыка-культурным запаведніку "Нясвіж". Стажыроўку плануецца правесці на базе Каралеўскага замка, Нацыянальнага музея Польшчы і Вілянаўскага палацава-замкавага комплексу ў Варшаве.

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.