Гістарычныя навіны

Уся інфармацыя аб музейных экспанатах Беларусі будзе сабраная ў дзяржаўным каталогу

09.10.2008

Да 2010 года ўся інфармацыя аб музейных экспанатах Беларусі будзе сабраная ў дзяржаўным каталогу. Аб гэтым заявіў намеснік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш 8 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, гэта дазволіць весці "цэнтралізаваны ўлік музейнага фонду". Для таго каб забяспечыць перадачу інфармацыі ад музеяў у дзяржаўны каталог, не пазней за трэці квартал 2009 года ўсе музеі плануецца падключыць да інтэрнета. Для гэтага неабходна набыць сучасныя камп'ютэры, якія могуць выконваць функцыі сервераў, стварыць унутрымузейныя лакальныя сеткі. Асабліва маюць патрэбу ў абнаўленні тэхнічнага фонду музеі Мінскай вобласці.

Як паведаміў В. Кураш, цяпер у 143 музеях сістэмы Міністэрства культуры налічваецца 2 млн. 800 тыс. музейных экспанатаў. Да 2010 года ў Беларусі будуць адкрытыя яшчэ 24 музеі і 80 экспазіцый, у 53 музеях намечана зрабіць рамонт. У найбліжэйшы час адкрыецца экспазіцыя паўночнай вежы Мірскага замка.

Намеснік міністра таксама адзначыў пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва музеяў за апошні час. Так, беларускія музеі рэалізуюць сумесныя выставачныя праекты з музеямі Расіі, Украіны, Польшчы. Цяпер у Нацыянальным мастацкім музеі адкрытыя выставы слуцкіх паясоў з фондаў Дзяржаўнага гістарычнага музея Масквы і праваслаўных абразоў з фондаў Нацыянальнага Кіева-Пячэрскага гісторыка-культурнага заказніка і Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. У сярэднім за год у музеях краіны арганізуецца больш за 2 тыс. выстава.

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.