Гістарычныя навіны

Дабудова Каложы: рэстаўрацыя ці разбурэнне?

14.10.2008

У сьпісе славутасьцяў, якія неўзабаве плянуюць адрэстаўраваць у Горадні, апрача Старога Замка і Харальнай сынагогі, зьявілася таксама Барысаглебская - вядомая як Каложа.

Пра гэта паведаміў заступнік начальніка ўпраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі.

Хоць Каложа захавала сваё аблічча толькі напалову (частку будынку "зьеў" жахлівы апоўзень у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя), а кожная эпоха прыўносіла новыя элемэнты ў архітэктуру будынку, усё роўна найстаражытная ў Беларусі бажніца поўным правам лічыцца ўнікальным гістарычным аб’ектам.

Каложа

Да Каложы рэстаўратары прыглядалі даўно, але адпраўным пунктам у аднаўленьні царквы можна лічыць той момант, калі падчас працы ў пецярбурскім архіве гарадзенскі гісторык Ігар Трусаў знайшоў абмерныя чарцяжы заходніх і паўднёвых сьценаў храму. Тыя красьлюнкі былі шчасьліва зробленыя за год да апоўзьня. Па каторым часе зьявілася першыя навуковыя накіды зруйнаваных частак будынку.

Археолягі сышліся ў думцы, што вяртацца да першапачатковага ХІІ стагодзьдзя няма рацыі, бо дакладна невядома, як тады выглядала царква.

Ужо пастанавілі, што дзейную дасюль царкву зачыняць на паўтара году. Магчыма, дадатковы час вымагацьмуць археалягічныя раскопкі. Таму набажэнствы будуць правіць у часовай царкве, пабудаванай паблізу. Прадпрыемства "Краснасельскбудматэрыялы" па індывідуальным заказе ўжо вырабляе цагліны, якія памерамі і колерам паўтараюць даўнейшыя. Галоўная архітэктарка праекту Ніна Емельянава дадае, што тое ж прадпрыемства ўзялася за выраб галасьнікоў (маленькіх керамічных начыньняў, якія служаць для ўзмацненьня гуку). "Іх у сьцяне будзе 250 штук. Галасьнікі ня толькі створаць якасную акустыку, але таксама палегчаць усю канструкцыю", - дадала дойлід.

Падлога, якая цяпер засланая гранітнымі плітамі, неўзабаве мае зіхцець зеленаватай, жоўта-бежавай і тэракотавай мазаікай.

Малюнкі ўзновяць паводле фрагмэнтаў, які захаваліся ў алтарнай частцы. Пакуль адмыслоўцы не прыйшлі да згоды, хто менавіта будзе вырабляць арнамэнт з паліванай кафлі на падлозе - тое надта тонкая праца, на якую здольныя толькі адмыслоўцы па глазуры.

Сама падлога будзе цёплай дзякуючы электрычнаму абагрэву. Аконныя рамы зробяць з дуба, скляпеньне "падшыюць" дрэвам, а дах накрыюць мядзянаю бляхай.

Купал будзе падобны на цяперашні, але яго трохі ссунуць да цэнтру даху - як было даўней.

"Наша Ніва" ужо пісала, што грамадзкасьць Горадні непакоіцца з прычыны хуткай рэстаўрацыі Каложы. Прычынамі такой трывогі ёсьць сумнавядомыя прыклады рэканструкцыі гістарычнага цэнтру Горадні ды палацу Радзівілаў у Нясьвіжы. Вось што лічыць наконт будучай рэстаўрацыі краязнавец Ігар Лапеха:

"Навошта рабіць копію існуючай сьцяны, да таго ж, копію кітчовую? Навошта турысту будзе дзівіцца на нядаўна пабудаваную сьцяну? Тут трэба абмежавацца альбо чыста тэхнічнай сьцяной (такой як цяперашняя, драўляная), або адцяніць Каложу сучаснай аздобай, будынкам або канструкцыяй. Але ні ў якім разе не аднаўляць цалкам - гэта толькі зьменшыць каштоўнасьць і ўнікальнасьць Каложы. Гэта галоўная мая прэтэнзія. Я ўжо не кажу пра астатнія элемэнты рэканструкцыі. Вось дзе аднаўляльнікі, да прыкладу, будуць рабіць паліваную кафлю ў стылі ХІІ стагодзьдзя? На "Кераміне"?"

Гісторык Ігар Трусаў надаварот лічыць рэстаўрацыю збольшага мэтазгоднай, нават пажаданай, але на яго думку іншая небясьпека - рэальная пагроза апаўзаньня ўчастка берага, на якім збудаваны храм, у Нёман.

Павал Касьцюкевіч
Крыніца: "Наша Ніва"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.