Гістарычныя навіны

НБРБ уводзіць у абарачэнне памятныя манеты «Дзяды»

27.10.2008

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь 28 кастрычніка 2008 г. уводзіць у абарачэнне памятныя манеты "Дзяды" серыі "Святы і абрады беларусаў":

срэбную - наміналам 20 рублёў, пробай сплаву 925, масай 33,62 г, дыяметрам 38,61 мм;
медна-нікелевую - наміналам 1 рубель, масай 16,00 г, дыяметрам 33,00 мм.

Манеты маюць форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў - выступаючы кант па акружнасці. Бакавая паверхня манет рыфлёная. Паверхня манет аксідзіравана.

Памятныя манеты Дзяды

На пярэднім баку манет размешчаны: у крузе, абрамленым геаметрычным арнаментам, - рэльефная выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь; у цэнтры - салярны знак у выглядзе васьміканцовай геаметрычнай фігуры з элементамі дэкору, які сімвалізуе сонечныя промні; пад ім указаны: год чаканкі, на срэбнай манеце - проба сплаву; па крузе надпісы: у верхняй частцы - РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ, у ніжняй - ДВАЦЦАЦЬ РУБЛЁЎ (на срэбнай) і АДЗІН РУБЕЛЬ (на медна-нікелевай).

На адваротным баку манет размешчаны: у цэнтры - інтэр’ер вясковай хаты, у якой праз адчыненыя дзверы відаць стол, накрыты для памінання памерлых; уверсе - над уваходам у хату два анёлы трымаюць свечку (на срэбнай манеце ўстаўка з сінтэтычнага крышталя аранжавага колеру, якая імітуе полымя); уверсе і па баках - рэльефныя элементы беларускага нацыянальнага арнаменту; унізе па крузе надпіс: ДЗЯДЫ.

Срэбныя і медна-нікелевыя манеты адчаканены якасцю "анцыркулейтэд", тыражом па 5000 штук кожная.

Памятныя манеты, што ўводзяцца ў абарачэнне, з’яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь, абавязковым да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў.

Крыніца: "Наша Ніва"

Гл. таксама: Дзяды

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.