Гістарычныя навіны

Музыка Беларусі ХІХ стагоддзя

31.10.2008

Складанка, спрадусаваная заснавальнікам "Рок-Каранацыі" Юр’ем Цыбіным і ўдзельнікам "Сузор’я" Ўладзімерам Пучынскім, падыходзіць пад вызначэньне "музычная энцыкляпэдыя". На двух дысках прадстаўленыя вядомыя творы (як жа ж без "Палянэзу" Агінскага) і кампазыцыі, зусім не вядомыя шырокай публіцы. Як "Мазурка" дачкі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Камілы ці "Палянэз 1837 году" доктара мэдыцыны Караля Ельскага. У тыя часы мала што прагучала з гэтых твораў на Радзіме - большасьць творцаў працавалі за мяжой: аўтар "Беларускага вясельля" Антон Абрамовіч большую частку жыцьця правёў у Пецярбургу, Мечыслаў Карловіч лічыўся адным з самых аўтарытэтных музыкаў у Польшчы, Антоні Радзівіл паказваў свае творы бэрлінскай публіцы, ня кажучы ўжо пра Міхала Клеафаса Агінскага і Станіслава Манюшку, прызнаных па ўсім сьвеце. Усяго на дысках 36 твораў трынаццаці кампазытараў у выкананьні самых яркіх сучасных выканаўцаў - вакалістаў Віктара Скарабагатава, Тамары Пячынскай, піяністаў Ігара Алоўнікава і Ганны Каржанеўскай, скрыпача Льва Гарэліка. Тут прадстаўленая ўся разнастайнасьць жанраў і тэматыкі - ад вясёлай "Гарэліцы" на словы Яна Баршчэўскага да хору анёлаў з опэры Антонія Радзівіла "Фаўста". Але, як піша ў прадмове да дыску прафэсар Вольга Дадзіёмава, усе гэтыя творы лучыць самае галоўнае - эпоха Рамантызму.

Музыка Беларусі ХІХ стагоддзя

Сяргей Будкін
Крыніца: "Наша Ніва"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.