Прадметы з калекцыі Вацлава Федаровіча выстаўлены ў музеі ў Віцебску
У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі працуе выстава прадметаў даўніны "Музей мясцовых страражытнасцей" з калекцыі Вацлава Федаровіча. Яна прымеркавана да 160-годдзя з дня нараджэння беларускага краязнаўцы і калекцыянера.
У 80-я гады XIX стагоддзя В.Федаровіч стварыў у Віцебску прыватны музей, у якім былі сабраны прадметы даўніны, знойдзеныя ім на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Віленскай губерняў.
У экспазіцыі "Музей мясцовых страражытнасцей" паказаны рукапісныя дакументы - дзённікі, лісты В.Федаровіча, яго нататкі, у прыватнасці, пра віцебскія замкі і знаходкі на іх тэрыторыі. Выстава знаёміць з калекцыяй археалагічных знаходак, сярод якіх - каменныя сякеры эпохі позняга неаліту і бронзавага веку, кафля, замкі і ключы XVII-XVIII стагоддзяў, цыбукі і люлькі, узоры жаночага і мужчынскага адзення, прадметы гарадскога быту XVIII-XIX стагоддзяў.
Вялікі аддзел адведзены пад масонскія знакі і кнігі, а таксама літаграфіі з масонскімі сімваламі. Дэманструюцца памятныя медалі ў гонар гістарычных падзей: 250-годдзя заснавання Віленскага універсітэта (1828), вызвалення сялян ад прыгону (1861), 100-годдзя заснавання Чарнаморскага флоту (1791), першага і другога падзелаў Рэчы Паспалітай (1793), аб'яднання уніяцтва і праваслаўя (1839), каранацыі Мікалая I (1826) і інш.
На выставе паказаны насценныя медальёны з выявай дзяржаўных дзеячаў Вялікага княства Літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага, Стэфана Баторыя, Яна III Сабескага, беларускага кампазітара Станіслава Манюшкі і іншыя рарытэты.
Вацлаў Федаровіч нарадзіўся ў 1848 годзе ў Магілёве, скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага універсітэта. У 1884 годзе прыехаў у Віцебск, дзе працаваў прысяжным павераным у акружным судзе. Быў віцэ-прэзідэнтам Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, членам-карэспандэнтам таварыства краязнаўцаў у Варшаве. Памёр у Рызе ў 1911 годзе. Пахаваны ў Віцебску каля касцёла святога Антонія, які ў той час упрыгожваў горад. Пасля рэвалюцыі калекцыя В.Федаровіча была нацыяналізавана. На яе аснове ў 1923 годзе ў Віцебску дзейнічаў Музей мясцовых страражытнасцей. Згодна з інвентарным вопісам за той год, калекцыя складалася з 1.972 назваў і ўключала больш за 7 тыс. прадметаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны гэтыя прадметы знаходзіліся ў Саратаве. У Віцебск была вернута толькі частка калекцыі. Цяпер у фондах абласнога краязнаўчага музея захоўваюцца больш за 200 прадметаў са збору В.Федаровіча.
Жыве Беларусь
Менск (Мінск) — сталіца Беларусі, адміністрацыйны цэнтар Менскай вобласці і Менскага раёну. Горад зьяўляецца палітычным, эканамічным, сацыяльным, транспартным, культурным і навуковым цэнтрам рэспублікі.…
Гісторыя - настаўніца жыцьця
Historia magistra vitae
(Марк Тулій)
Што ёсць гісторыя, як не байка, у якую дамовіліся паверыць
(Напалеон Банапарт)