Гістарычныя навіны

Фотавыстава, прысвечаная Галадамору ва Ўкраіне, адкрылася ў Мінску

24.11.2008

У мінскім касцёле святых Алены і Сымона адкрылася фотавыстава, прысвечаная 75-годдзю Галадамора ва Ўкраіне 1932-1933 гг. У экспазіцыі, арганізаванай амбасадай Украіны ў Беларусі, прадстаўленыя 33 стэнды з матэрыяламі, якія адлюстроўваюць рэаліі, гісторыю і сучасныя погляды на Галадамор. 22 лістапада перад цырымоніяй адкрыцця выставы вакол храма прайшоў крыжовы ход, удзельнікі якога выклалі ля ўваходу ў святыню крыж з запаленых знічоў і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць ахвяр масавага голаду ва Ўкраіне, Казахстане і паўднёвых рэгіёнах Расіі. Як адзначыў у сваім выступе амбасадар Украіны Ігар Лыховый, забойцам ад 4 да 7 млн. украінцаў быў сталінскі рэжым, які такім чынам вырашыў "паставіць Украіну на калені". Дыпламат паведаміў, што 22 лістапада ў 16 гадзін у Кіеве прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка разам з кіраўнікамі шасці еўрапейскіх краін ушанавалі хвілінай маўчання памяць ахвяр Галадамору.

"Я з дзяцінства памятаю вялізныя ўзгоркі над братэрскімі магіламі, дзе без трун, прабачэння і крыжа ляжалі мільёны людзей. Дзесяцігоддзі яны чакалі, калі на іх магілы паставяць крыж, памоляццаза іх душы і назавуць імёны іх забойцаў", - сказаў амбасадар. Паводле І.Лыхавога, людзі павінны ўсвядоміць гэтую трагедыю, каб яна ніколі не паўтарылася.

Дыпламат таксама адзначыў, што 14 дзяржаў прызналі Галадамор генацыдам, а ААН назвала гэтую трагедыю катастрофай чалавецтва ў XX ст. І.Лыховый выказаў удзячнасць усім, хто паказаў салідарнасць з украінцамі ў "дзень адзінства і непадзеленай памяці".

У інтэрв'ю БелаПАН амбасадар Украіны адзначыў, што на адкрыцці выставы прысутнічалі прадстаўнікі амбасады Азербайджана, Вугоршчыны, Нямеччыны, Грузіі, Ірана, Італіі, Польшчы, Румыніі, Францыі, Чэхіі, Швецыі, Паўднёвай Карэі і Японіі, а таксама амбасадар па адмысловых даручэннях, старшыня Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЭСКА Уладзімір Шчасны, адзін з лідэраў дэмакратычнага руху Беларусі Аляксандр Мілінкевіч.

Крыніца: "ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.